Футбаліста чэмпіянату Беларусі затрымалі проста на трэніроўцы
У віцебскім «Макслайне» адбылася нетыповая падзея, але пра яе самы яркі клуб першай лігі не стаў расказваць у сваіх сацсетках. На трэніроўку каманды ў Мінску заявіліся сілавікі Лукашэнкі, і сышлі яны адтуль не з пустымі рукамі — пажывіліся паўабаронцам. Была затрымана і нявеста спартоўца.
Затрыманы футбаліст — Цімафей Лукашэвіч.
Хто такі Цімафей Лукашэвіч?
26-гадовы апорны паўабаронца ўжо амаль восем гадоў у прафесійным футболе, аднак вялікіх дасягненняў не мае. Займаўся ў СДзЮШАР—«Дынама», у 2015-м аказаўся ў дублі мінскага клуба, але ні тады, ні ў наступныя пару гадоў не змог прабіцца ў аснову «бела-блакітных». У студзені 2017-га Лукашэвіч працягнуў кантракт з «Дынама», але ўжо ў сакавіку адправіўся ў арэнду ў сталічны «Прамень» з першай лігі. Першапачаткова арэнда была разлічана на паўгода, але ўлетку дамову працягнулі, і Цімафей дапамог калектыву стаць чэмпіёнам Д2 і выйсці ў «вышку». Паўабаронца вызначыўся трыма галамі ў 29 сустрэчах.
Апорнік застаўся ў камандзе Івана Біёнчыка і на наступны сезон: у студзені разарваў кантракт з «Дынама» і падпісаў паўнавартаснае пагадненне з «Праменем». Праўда, у Д1 нагуляў няшмат -- 15 матчаў без ачкоў. Пасля таго сезона «Прамень» аб'яднаўся з магілёўскім «Дняпром» і пераехаў на ўсход Беларусі, абраўшы назву «Дняпро». У калектыве застаўся і Лукашэвіч. Праўда, год у новаўтворанай камандзе да канца не дагуляў. Правёўшы ўсяго восем паядынкаў (у сярэднім 55 хвілін на полі), у жніўні выправіўся ў арэнду ў «Граніт»: 10 матчаў (у сярэднім 24 хвіліны на полі) за другую частку сезона.
У снежні 2019-га мінчук пакінуў «Дняпро» і на год застаўся без прафесійнага футбола — проста не меў прапаноў. Толькі ў лютым 2021-га кар'ера аднавілася — паўабаронца далучыўся да «Макслайна», які рыхтаваўся тады да чарговага сезона ў другой лізе. У камандзе з Рагачова Лукашэвіч дагэтуль, разам з ёй адгуляў сезон у Д3, выйшаў у Д2, летась прыняў удзел у першым «сутыку» з «Арсеналам» (выйшаў на замену ў канцы дададзенага часу) і, калі б не зацятасць АБФФ, то зараз бы рыхтаваўся да паядынкаў «вышкі».
Засвяціўся Лукашэвіч і на міжнародным узроўні. Яшчэ гульцом «Праменя» ў 2017-м правёў два матчы за маладзёжную зборную Беларусі. У сакавіку і маі паўабаронца згуляў таварыскія матчы з аднагодкамі з Латвіі (3:4) і Расіі (0:7) адпаведна. Людас Румбуціс адвёў апорніку з латвійцамі 32 хвіліны, з расіянамі — 45. І свой след у гісторыі калектыву Лукашэвіч пакінуў. У дэбютным матчы за «маладзёжку» выйшаў на замену на 58-й хвіліне і паспеў адзначыцца дублем (забіваў на 63-й і 94-й хвілінах).
Гэтай зімой 26-гадовы апорнік разам з «Макслайнам» рыхтаваўся да новага сезона ў першай лізе. Але прама зараз гульцу не да футбола. І справа зусім не ў нейкіх спартовых чынніках.
Што здарылася з футбалістам?
25 сакавіка «Макслайн» у Мінску правёў спарынг з БАТЭ (1:1). Аднак ні ў аснове, ні на замене Лукашэвіч не фігураваў, хаця ў «таварняку» з «Асіповічамі» 18 сакавіка апорнік трапіў у заяўку (папярэднія спарынгі прапускаў праз траўму).
На старонцы ВК ужо віцебскай каманды «Макслайн» (пераехаў з Рагачова ў абласны цэнтр) адсутнасць мінчука пазначана словам «іншае». Не траўма, не яшчэ нешта, а «іншае». Пры гэтым ніводзін чалавек у каментарах не задаўся пытаннем, куды ж знік Лукашэвіч.
За пару дзён да гэтага Цімафей адсвяткаваў 26-годдзе (у сацсетках клуб назваў паўабаронцу «адным з самых загадкавых і безразважных гульцоў калектыву»), быў у выдатным настроі і паўнавартасна трэніраваўся пасля траўмы.
Ну, а «іншае» з ім адбылося 23 сакавіка. У той чацвер каманда праводзіла трэніроўку на стадыёне ФК «Мінск» на Маякоўскага. У нейкі момант туды заявіліся нейкія носьбіты формы — сілавікі Лукашэнкі. Трэніроўка была спынена, і ўсе сталі сведкамі затрымання гульца. Па інфармацыі, ніякіх абвінавачанняў Лукашэвічу прад'яўлена не было, ды і абышлося без гвалту ў прысутнасці відавочцаў: затрыманне прайшло спакойна. Гульца, які не аказваў ніякага супраціву, павялі са стадыёна.
Некаторыя адразу не зразумелі, што здарылася. Людзі меркавалі, што гэта нейкі розыгрыш, пранк, бо нявеста Цімафея — Кацярына — працуе дырэктаркай, вядучай, арганізатаркай і SMM-спецыялісткай кампаніі «Імперыя квэстаў». Забаўляльны праект арыентаваны на правядзенне выязных квэстаў. Жанры прапануюцца зусім розныя: крымінальныя баевікі, містыка, трылеры, хорары, фантастыка, прыгоды. Аб працы Кацярыны ведалі і партнёры Лукашэвіча па камандзе, таму і падумалі, што з'яўляюцца сведкамі чарговага квэста, які арганізавалі Кацярына і яе калегі.
Сацыяльныя сеткі і Кацярыны, і Цімафея маўчаць ужо некалькі дзён. Напрыклад, футбаліст заходзіў у ВК пяць дзён таму, яго нявеста — шэсць.
Што гавораць у клубе і «Імперыі квэстаў»?
Ад імя зацікаўленых кліентаў журналісты звязаліся з кампаніяй «Імперыя квэстаў» і паспрабавалі высветліць, ці можна пагутарыць з дырэктаркай. Аднак па вайберы ніхто не адказаў. У мэсэнджары высвечваецца, што абанент апошні раз быў анлайн 24 сакавіка (на наступны дзень пасля затрымання Цімафея і Кацярыны). Засталіся непрачытанымі паведамленні і ў Instagram, і ў ВК.
Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты — мир!» звязаўся таксама з дырэктарам «Макслайна» Андрэем Іваненкам, каб даведацца пра стан траўміраваных гульцоў, якія прапускалі матч з БАТЭ, а таксама пра прычыны адсутнасці ў заяўцы Лукашэвіча.
Па словах Іваненкі, той ударыў галёнкаступ і выбыў на два тыдні. На пытанне, чаму ж паўабаронца тады не ўнесены ў спіс траўміраваных, а яго адсутнасць у матчы з БАТЭ тлумачыць нешта «іншае», функцыянер адказаў, што «акрамя траўмы ён [Лукашэвіч] адсутнічаў на гульні яшчэ і па асабістых прычынах».