Фонду спартовай салідарнасці не дазволілі засудзіць Беларускую футбольную федэрацыю
Спартыўны арбітражны суд у Лазане не задаволіў позву да УЕФА. У чым справа?
Згодна з рашэннем, «у CAS няма прававых інструментаў, каб прымусіць УЕФА правесці расследаванне ў дачыненні да АБФФ» (Асацыяцыя «Беларуская федэрацыя футбола»).
Пры гэтым, як адзначыла юрыдычная служба Фонду, «калегія арбітраў выказала шкадаванне, што ў гэтым выпадку УЕФА вырашыў не пачынаць расследаванне ў дачыненні да АБФФ. Таму што абставіны справы апраўдвалі б правядзенне такога расследавання».
— Таму, нягледзячы на фармальную немагчымасць прымусу УЕФА да правядзення расследавання, пастанова CAS змяшчае важныя для БФСС і ўсіх прадстаўнікоў вольнага спорту заявы: прызнанне палітычных пераследаў спартоўцаў у Беларусі, фактаў дыскрымінацыі, — мяркуюць у Фондзе.
Нагадаем, 13 кастрычніка 2021 года БФСС апублікаваў даклад пра шматлікія парушэнні з боку федэрацыі футбола. Аўтары дакладу сцвярджалі, што кіраўніцтва АБФФ ціснула на суддзяў, пакрывала ўдзельнікаў дамоўных матчаў і было залежнае ад Міністэрства спорту і асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі (умяшанне дзяржавы ў футбольныя справы забароненае).
Ва УЕФА не палічылі доказы пераканаўчымі. У выніку 30 лістапада БФСС падаў апеляцыю ў Спартыўны арбітражны суд у Лазане на рашэнне УЕФА не пачынаць дысцыплінарнае расследаванне ў дачыненні да АБФФ і яе кіраўніцтва. Фонд разлічваў на выключэнне Беларускай федэрацыі футбола з УЕФА або прыпыненне сяброўства федэрацыі.
За разгляд справы Фонд заплаціў 22,5 тысячы еўра — у гэтую суму не ўваходзяць паслугі юрыстаў. CAS пачаў разгляд пазову 28 красавіка 2022 года. То-бок арбітрам у Лазане спатрэбілася 11 месяцаў, каб вынесці вердыкт.