Праз свавольства рэжыму беларускаму футболу паказваюць «чырвоную картку»

У швейцарскім Ньёне каля сядзібы Звязу еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) 24 сакавіка адбылася акцыя пратэсту — прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі Libereco і швейцарскія палітыкі настойваюць на выключэнні беларускай зборнай з Чэмпіянату Еўропы па футболе.

Праваабаронцы ў пікеце ля будынку УЕФА ў Ньёне

Праваабаронцы ў пікеце ля будынку УЕФА ў Ньёне


Таксама яны заяўляюць, што недапушчальна праводзіць 25 сакавіка ў сербскім Новым Садзе адборачны матч ЧЕ паміж нацыянальнымі зборнымі Беларусі і Швейцарыі праз сістэматычнае парушэнне правоў чалавека ў Беларусі і ўзмацненне рэпрэсій.

Падчас акцыі пратэсту швейцарскія праваабаронцы перадалі прадстаўнікам УЕФА петыцыю з адпаведнымі патрабаваннямі – зварот падпісала больш за 17000 чалавек.


У адказ на рэпрэсіі

Пасля здушэння пратэстаў 2020 года беларуская і міжнародная дэмакратычная супольнасць паслядоўна ўзнімаюць тэму выключэння беларускіх спартоўцаў з міжнародных спаборніцтваў, разглядаючы гэта як захады ў адказ на гвалт з боку рэжыму ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці.

Адлучэнне беларускіх атлетаў ад міжнароднага спартовага жыцця, у тым ліку забароны на трансляцыі буйных спартовых мерапрыемстваў — лагічны, паслядоўны працяг санкцыйнай палітыкі дэмакратычных краін. Хаця і там існуюць розныя погляды на праблему, а хтосьці, магчыма, гатовы і падгуляць рэжыму.

Так, днямі кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах выступіў за аднаўленне ў міжнародных спартовых мерапрыемствах атлетаў з Беларусі і Расіі, заявіўшы, што ён «супраць палітычнага ўплыву на спорт». Міжнародная грамадскасць адрэагавала на словы Баха пратэснай дэманстрацыяй ля сценаў філармоніі ў нямецкім Эсэне.

Няма чаго ездзіць па свеце і пад сцягам дыктатарскага рэжыму рэалізоўваць свае спартовыя амбіцыі, адначасна легалізуючы і папулярызуючы рэжым на міжнароднай арэне, — такога меркавання прытрымліваецца значная частка заходніх палітыкаў і праваабаронцаў, такая ж лінія блізкая і беларускаму дэмакратычнаму асяроддзю.

Такім чынам міжнародная грамадскасць выказвае салідарнасць з рэпрэсаванымі беларусамі, падтрымлівае барацьбу нашых суайчыннікаў за дэмакратыю і справядлівасць, а таксама адкрытым тэкстам паказвае беларускім уладам на іх месца: вы ізгоі.


«УЕФА не павінен ладзіць урачыстую дэманстрацыю дыктатуры»

Ці атрымаецца ў швейцарскіх ды іншых еўрапейскіх палітыкаў перацягнуць чыноўнікаў УЕФА на свой бок? Наколькі моцны ўплыў такія абмежаванні могуць аказаць на палітыку Аляксандра Лукашэнкі?

Ларс Бюнгер, прэзідэнт швейцарскай філіі Libereco — адзін з ініцыятараў кампаніі «Чырвоная картка парушальнікам правоў чалавека і падпальшчыкам вайны!» (да якой далучылася грамадзянская ініцыятыва «Campax»), а таксама адзін з арганізатараў акцыі пратэсту, што прайшла 24 сакавіка ў Ньёне, на міжнародным узроўні ўзнімае пытанне аб выключэнні беларускай нацыянальнай зборнай з ЧЕ па футболе, што мае адбыцца ў 2024 годзе ў Нямеччыне.

— Ці разлічваеце Вы, што такія захады зменяць палітыку Лукашэнкі? Калі не, то ў чым іх сэнс?

— Вядома, мы не маем ілюзій адносна таго, што падобныя абмежаванні спалохаюць рэжым і Лукашэнка заўтра выпусціць усіх палітвязняў, - кажа суразмоўца. – Але надзея на тое, што праз ціск у тым ліку праз спартоўцаў рэпрэсіі трошкі аслабнуць, прысутнічае.

Але, бадай, галоўны пасыл нашай акцыі ў тым, каб паказаць міжнародную салідарнасць з рэпрэсаванымі беларусамі, нам балюча назіраць за вашымі пакутамі, мы падтрымліваем вас у вашай барацьбе і асуджаем палітыку беларускага рэжыму.

Ларс Бюнгер

Ларс Бюнгер

Напярэдадні акцыі 30 швейцарскіх парламентарыяў (ініцыятыва паўстала дзякуючы сумесным высілкам тамтэйшых «зялёных» і сацыял-дэмакратаў) звярнуліся з адкрытым лістом да кіраўніка УЕФА Аляксандра Чаферына, заклікаўшы блакаваць які-кольвек удзел беларускіх футбалістаў у ЧЕ.

«Мы не можам мірыцца з тым, што зборная Швейцарыі мусіць згуляць у адборачным матчы чэмпіянату Еўропы супраць каманды краіны, якая нясе адказнасць за самыя сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека і падтрымлівае агрэсіўную вайну Расіі ва Украіне», — гаворыцца ў лісце.

15 сакавіка падобны адкрыты ліст кіраўніцтву УЕФА даслалі і больш за 100 дэпутатаў Еўрапарламента.

Нікалас Вальдэр, прадстаўнік швейцарскіх «зялёных», наконт удзелу беларускіх футбалістаў у ЧЕ выказваецца вельмі рэзка: «УЕФА не павінен ладзіць урачыстую дэманстрацыю дыктатуры ў Беларусі».

У дадатак да маральных аспектаў праблемы, УЕФА парушае ўласныя абавязацельствы 2021 года, якія прадпісваюць паважаць і прасоўваць правы чалавека ва ўсіх сферах футбола, — зазначае ў каментары для «НЧ» Ларс Бюнгер.

На пытанне, чаму тыя ці іншыя спартовыя функцыянеры не падзяляюць палітыку ізаляцыі рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна ў адпаведнай сферы, суразмоўцы «НЧ» адказваюць па-рознаму. Хтосьці называе прычынамі асабістыя амбіцыі ці карпаратыўны інтарэс, а хтосьці не выключае і карупцыйнага складніка.

Калі УЕФА нас не пачуе, будзем звяртацца ў ФІФА. Беларусь павінная быць выключаная з міжнароднай спартовай прасторы. Мы не можам заставацца абыякавымі да жахлівага па сваіх маштабах сістэматычнага парушэння правоў чалавека ў Беларусі, да лёсу палітвязняў, мы рашуча асуджаем рэпрэсіі. Беларусы, мы з вамі, — кажа Урс Арнольд, адзін з кіраўнікоў грамадзянскай ініцыятывы «Campax».



Пратэстоўцы размаўляюць са спартовымі чыноўнікамі

Пратэстоўцы размаўляюць са спартовымі чыноўнікамі

Фота аўтаркі