«Мемарыял» пра ператрусы: сілавікі з'елі цукеркі, выпілі гарэлку і знеслі значкі «Не вайне»

Праваабарончы цэнтр «Мемарыял», ліквідаваны па рашэнні расійскага суда, распавёў пра тое, як праходзілі ператрусы дома ў супрацоўнікаў цэнтра і ў маскоўскім офісе. Расійскіх праваабаронцаў з «Мемарыяла» разам з Алесем Бяляцкім узнагародзілі Нобелеўскай прэміяй міру.

Фота з сайта accentnews.ge

Фота з сайта accentnews.ge

У твітары арганізацыі ўдакладняецца, што сілавікі нешта шукалі ў прадуктах харчавання — напрыклад, у слоіку з мукой, аглядалі пакецік з цукрам, бо меркавалі, што там можа ўтрымлівацца ЛСД.

У кватэрах супрацоўнікаў «Мемарыяла» пільна даглядалі халадзільнік, смеццевае вядро, валізу з летнім адзенем адзеннем, ёлачныя цацкі, асабістыя фатаграфіі. Нешта шукалі ў каціным напаўняльніку, пад вечкам унітаза і ў бялізну.

Падчас ператрусу ў офісе ў Малым Карэтным завулку, як паведамляецца, сілавікі з'елі цукеркі і выпілі гарэлку. З сабой яны забралі значкі «Не вайне», стыкеры «Мемарыяла», а таксама ахоўную маску з надпісам «Мемарыял не забараніць» і кнігу «Расія — Чачня: ланцуг памылак і злачынстваў».


Нагадаем, расійскія паліцыянты раніцай 21 сакавіка прыйшлі з ператрусам па адрасах дзевяці былых супрацоўнікаў гісторыка-асветніцкага таварыства «Мемарыял». Таксама сілавікі з пілой і кувалдай прыйшлі ў будынак «Мемарыяла» ў Малым Карэтным завулку, там таксама прайшоў ператрус.

З пастановы аб ператрусе вынікала, што ён звязаны са справай аб рэабілітацыі нацызму (п. «в» ч. 2 арт. 354.1 КК РФ), якая была распачатая 3 сакавіка 2023 года.

Рэабілітацыя нацызму, у якой абвінавачваюць «Мемарыял», заключаецца ў тым, што ў іх базе рэпрэсаваных ёсць тры імя: Пётр Далжанкоў, Пётр Падвойных і Рудольф Наймілер.

«Аднаго з іх прысудзілі да лагераў за працу ў нямецкім паліцэйскім атрадзе. Двух іншых — за здраду Радзіме вайскоўцам (арт. 58-1 КК РСФСР)», — гаварылася ў паведамленні каманды «Мемарыяла».

Нагадаем, адной з падставаў для ліквідацыі праваабарончага цэнтру «Мемарыял» расійская пракуратура назвала апраўданне экстрэмізму і тэрарызму.

«Мемарыял» узнік у канцы 1980-х гадоў вакол праблемы аднаўлення гістарычнай праўды аб масавых палітычных рэпрэсіях у Савецкім Саюзе. Аднак хутка стала відавочна, што немагчыма казаць пра рэпрэсіі ў мінулым, не закранаючы праблемы працяглых парушэнняў правоў чалавека ў цяперашні час. Так «Мемарыял» стаў адначасова і гісторыка-асветніцкай, і праваабарончай арганізацыяй. У сучаснай Расіі месца такой арганізацыі не знайшлося.

Паводле ВВС