«Для аўтакрата любая дынаміка — шлях да смерці. Таму яны ўспрымаюць змены як пакуты»

Пра тое, чаму «часам не да законаў» становіцца асноўным правілам гульні і на чым заснавана сённяшняя прапаганда ў Беларусі і Расіі, піша ТГ-канал «Палітанелогія».

Ідэалогія не прадугледжвае развіцця ведаў — а значыць, і свабоды. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ідэалогія не прадугледжвае развіцця ведаў — а значыць, і свабоды. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Постсавецкія палітычныя эліты — з'ява не цалкам аднастайная з прычыны таго, што кожны прадстаўнік усё ж з'яўляецца носьбітам спецыфічнага жыццёвага досведу, і гэта варта ўлічваць. Мы б дапусцілі метадалагічную памылку, паставіўшы Пуціна і Лукашэнку ці Такаева ў адзін шэраг. Аднак мы можам сцвярджаць існаванне некаторых падобных элементаў у іх карціне свету і ва ўспрыманні канфліктаў, у прыватнасці.

Савецкая гуманітарная адукацыя адчувала сур'ёзныя ідэалагічныя перагрузкі і, у нейкім сэнсе, не была накіравана на выхаванне рэальных спецыялістаў. Ідэалогія мае на ўвазе прадвызначанасць, а савецкая школа была абцяжарана сумнеўнымі дысцыплінамі кшталту палітэканоміі або навуковага камунізму — імі веданне нібыта вычэрпвалася. У прынцыпе ў аўтакратыях, асабліва таталітарных, справядліва асцерагаюцца свабоды ў развіцці гуманітарных ведаў: яны па вызначэнні абазначаюць свабоду думкі і дыскусію, чаго дзяржава не можа прыняць. Гэты страх, як мы можам бачыць, атрымалі ў спадчыну і нашы палітычныя сістэмы.

Яшчэ адзін феномен, значны з пазіцыі постсавецкага аўтарытарнага палітыкума, — гэта проціпастаўленне знешняй і ўнутранай палітыкі.


Праблема ў тым, што для сённяшніх эліт савецкасць як нейкі ідэйны комплекс — гэта небяспечны сімулякр, калі неіснуючая з'ява капіюецца і шматкроць прайграецца. Замест вобразу рэальнай будучыні мы назіраем развіццё разбуральнага рэсантыменту, які і падаецца грамадству як вобраз будучыні, з'яўляючыся на самой справе вобразам мінулага, якое не адбылося. Апора ўмоўнага Уладзіміра Пуціна на настальгію і яго палітычны курс на вяртанне лепшых практык спалучаецца з процілеглай думкай, якую ён сам сфармуляваў у адной з нядаўніх прамоў: «Савецкага Саюза няма. Мінулага не вярнуць».

Такім чынам, яго палітычнае мысленне (як і палітычнае мысленне Лукашэнкі) непазбежна становіцца дваістым. Шмат у чым такая непаслядоўнасць ва ўспрыманні светабудовы прывяла і да цяперашняй вайны, якую само ж светаўладкаванне адмаўляла.

Варта спыніцца на пытанні, што ўяўляе сабой рэсантымент і чым ён небяспечны. Тэрмін увёў ва ўжытак Фрыдрых Ніцшэ ў працы «Аб генеалогіі маралі».

У перакладзе з французскай ressentiment / rəsətim / «абурэнне, злапомнасць, азлабленне» — пачуццё варожасці да таго, каго суб'ект лічыць прычынай сваіх няўдач («ворагаў»), бяссільная зайздрасць, «цяжкае ўсведамленне марнасці спроб павысіць свой статус у жыцці або ў грамадстве». Пачуццё слабасці або непаўнавартасці, а таксама зайздрасці да «ворага» прыводзіць да фарміравання сістэмы каштоўнасцей, якая адмаўляе сістэму каштоўнасцей «ворага».

У гэтым вызначэнні мы лёгка выяўляем усё, на чым сёння заснавана і расійская, і беларуская прапаганда.

Прывяду толькі некалькі цытат з глабальных разваг Ніцшэ, якія, тым не менш, цалкам адлюструюць усю глыбіню праблемы: «У той час як высакародны чалавек поўны даверу і адкрытасці ў дачыненні да сябе, чалавек ressentiment пазбаўлены ўсялякай шчырасці, наіўнасці і сумленнасці да самога сябе. Яго душа крывая, розум яго любіць хованкі, шчыліны і заднія дзверы; усё схаванае прыцягвае яго як яго свет, яго бяспека, яго асалода; ён ведае толк у маўчанні, злапамяцтве, чаканні, у імгненным самапрыніжэнні».

Важна адзначыць і яшчэ адзін аспект. Канфлікт для падобных рэжымаў, у першую чаргу канфлікт у міжнародных адносінах — гэта неабходнасць і залог падаўжэння мандата палітычнай сістэмы. Больш за тое, не можа быць іншага канфлікту, акрамя таго, які прыходзіць звонку.

Унутры краіны як быццам нічога не адбываецца, а значыць аніякая ўнутраная праблема не ўспрымаецца дзяржавай як інстытутам і, больш за тое, загадзя не падлягае прапрацоўцы. Цікава, што такое светаадчуванне ў іх суправаджаецца пастаянным узнаўленнем «старту». Колькі б гадоў або, як у нашых выпадках, дзесяцігоддзяў ні прайшло, яны заўсёды быццам пачынаюць нанова. «Няма часу на разварушванне», — фраза Пуціна, якая стала знакавай. Усе эканамічныя нарады Лукашэнкі дзеляцца на два тыпы: пражэктарскія (калі прыдумляюцца даручэнні, мэта якіх — ужо сапраўды стартаваць у «светлую будучыню») і «разбор палётаў» (калі даручэнні не выкананы). І так па коле.


Будучы, па Ніцшэ, людзьмі ressentiment, яны арганічна няздольныя на дынаміку, а толькі на прывядзенне таго, што адбываецца, да некаторай статыкі: «Паварот погляду да ацэнкі — гэта неабходны зварот вонкі замест звароту да самога сябе, які якраз і належыць да ressentiment: мараль рабоў заўсёды мае патрэбу для свайго ўзнікнення перш за ўсё ў супрацьстаянні знешняму свету, мае патрэбу, кажучы фізіялагічнай мовай, у знешніх раздражненнях, каб наогул дзейнічаць — яе акцыя ў корані з'яўляецца рэакцыяй».

Эліты не разумеюць і не прымаюць унутрыпалітычны канфлікт як феномен, што фактычна прадвызначае развіццё супярэчнасцей да ўзроўню сацыяльнага выбуху, у той ці іншай яго форме.

Гэта пагаршаецца тым, што такія палітычныя сістэмы не валодаюць неабходнымі для вырашэння ўнутраных супярэчнасцей інструментамі — прынамсі, у маштабе ўсяго грамадства і ў доўгатэрміновай перспектыве.

Навязванне ідэі вонкавага ворага і падтрыманне міфа «аб альтэрнатыве» закліканы забяспечыць бясконца прайгравальную легітымнасць, што павышае ўзровень канфліктагеннасці. Савецкі Саюз абапіраўся на «легенду аб сусветнай рэвалюцыі» і пабудову камунізму. Сучасныя аўтакратыі постсавецкай прасторы «змагаюцца» супраць экспансіі нібыта чужых каштоўнасцей.

Што тычыцца супрацоўніцтва, асабліва ў маштабе міжнародных адносін — яно, на жаль, не здольна выключыць канфлікт. Сама па сабе ідэя вонкавага ворага адмаўляе такую магчымасць. Акрамя таго, у самім супрацоўніцтве паміж, дапусцім, дэмакратычнымі і аўтарытарнымі палітычнымі сістэмамі закладзены небяспечны кампраміс, на які дэмакратыям даводзіцца згаджацца. Яго ўзнаўленне — неабходнасць «заплюшчваць вочы і вушы» — размывае паняцце правіл і нормы ў адносінах, што ў рэшце рэшт прыводзіць менавіта да канфлікту. З пазіцыі аўтакрата, любая дынаміка — гэта шлях да смерці. А значыць, цытуючы таго ж Ніцшэ, яны ўспрымаюць змены як пакуты: «Я пакутую: павінен жа хто-небудзь быць у гэтым вінаватым».


Правіл жа пры гэтым няма ніякіх — людзям і ўжо тым больш ўладарам, схільным да рэсантыменту, правілы чужыя. Прычына ў гэтага простая: яны (уладары) імкнуцца ўсталёўваць уласныя парадкі, але, будучы першапачаткова «рабамі» (паводле Ніцшэ), не ў стане зрабіць гэтага, у выніку чаго мы прыходзім да непісьменнасці заканатворчасці, мэта якой — апісаць бягучую, «тут і цяпер», версію сацыяльна-палітычнай рэальнасці. На мяжы ж мы атрымліваем, як аснову, пастулат «часам не да законаў».