Калі рэжым гатовы да дыялогу

Егіпецкі прэзідэнт-аўтакрат нечакана пагадзіўся распачаць дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй. І мы не будзем праводзіць тут ніякіх паралеляў з Беларуссю.



copertina.png


Арабская вясна. Фота istitutoeuroarabo.it Дваццаць дзве муміі прадстаўнікоў старажытнаегіпецкай каралеўскай сям'і 3 красавіка 2021 года правезлі па цэнтры Каіра на «Залатым парадзе фараонаў». Фараоны з Каіра «адправіліся» ў новую сталіцу Егіпта ў адпаведны музей. Імпрэза сапраўды выглядала фантастычна. Акцыя з муміямі мела піяр-складнік: была заклікана засведчыць стабільнасць рэжыму прэзідэнта Абдэля Фаттах ас-Сісі, які можа сабе дазволіць такія маштабныя праекты.
Але праз год прэзідэнт паўстаў абсалютна ў новым абліччы. 24 красавіка 2022 года егіпецкі гарант заклікаў да ўсебаковага агульнанацыянальнага палітычнага дыялогу. У гэтым самым дыялогу, як лічыць ас-Сісі, маглі б удзельнічаць усе без выключэння палітычныя суб'екты, з мэтай супрацьстаяць выклікам, якія стаяць перад краінай.
Спачатку апазіцыйная публіка паставілася да заявы абыякава. З таго часу, як у 2014 годзе да ўлады ў краіне прыйшоў Абдэль Фаттах ас-Сісі, у краіне перманентна працягваецца зачыстка апазіцыйнага поля. Акрамя блакіроўкі сайтаў і арыштаў крытыкаў у Сісі ёсць свая фішка. Гэта так званы «спіс тэрарыстаў», куды ўносяць усіх нелаяльных суайчыннікаў. Яго фігурантам забаронена займацца грамадскай ці палітычнай дзейнасцю і выязджаць за мяжу на пяць гадоў.
Аднак хутка ініцыятыва прэзідэнта атрымала развіццё. Літаральна на наступны дзень пасля таго, як прэзідэнт анансаваў дыялог, былі вызваленыя дзясяткі затрыманых, у тым ліку некалькіх вядомых пісьменнікаў і актывістаў, якія гадамі знаходзіліся за кратамі. Гэты крок павінен быў быць расцэнены апанентамі ас-Сісі як жэст добрай волі і гатоўнасць да пачатку сур'ёзнай размовы.
Нарэшце 8 чэрвеня ў Каіры быў сфарміраваны цэлы Дэпартамент нацыянальнага дыялогу, на які ўскладзена задача падрыхтоўкі да маючага адбыцца круглага стала, а таксама прызначаны яго каардынатар — кіраўнік мясцовага афіцыйнага Саюза журналістаў. Таксама былі агучаныя даты пачатку мерапрыемства — пачатак ліпеня. Па словах арганізатараў, ужо разасланыя сотні запрашэнняў на дыялог, у тым ліку егіпцянам з дыяспары.
Нечаканыя ліберальныя рухі ўладаў эксперты тлумачаць прыкметамі імклівага пагаршэння эканамічнай сітуацыі (у тым ліку з-за наступстваў вайны ва Украіне — экспарцёра збожжа ў Афрыку). Гэты трэнд пачаў выклікаць у кабінетах улады асцярогі наконт магчымай сур'ёзнай сацыяльнай напружанасці. Не выключаюць нават сцэнарыя рэмейку Арабскай вясны, калі пад ціскам вуліцы пайшоў у адстаўку прэзідэнт Хосні Мубарак.Першымі на ідэю дыялогу, як і чакалася, адрэагавалі партыі афіляваныя з рэжымам, уключаючы Партыю будучыні нацыі, якая кантралюе парламенцкую большасць. Іх лідары навыперадкі ўхвалілі геніяльную задуму прэзідэнта.
А вось у апазіцыі ідэя дыялогу з дзяржавай у прапанаваным фармаце была сустрэта неадназначна. Так, некалькі партый, у тым ліку, самая старая ў краіне партыя «Аль-Вафд», віталі гэты крок. Імі рухае надзея, што дыялог, калі і не прывядзе да радыкальных перамен у Егіпце, то пазітыўна паўплывае на агульную палітычную атмасферу.
«Запрашэнне да дыялогу адкрыла перспектывы наконт вызвалення многіх палітвязняў і паслаблення абмежаванняў на свабоду выказвання меркаванняў, а таксама на актыўнасць палітычных партый. І гэта будзе значным дасягненнем», — сказаў у каментары французскаму Le Monde адзін з лідараў апазіцыі.
Імкнучыся аднавіць сваю прысутнасць на палітычнай арэне, памеранае крыло апазіцыі вызначыла свае прыярытэты: адмена закона аб папярэднім зняволенні, які дапускае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў без суда; пераход да сістэмы прапарцыйнага прадстаўніцтва на выбарах у заканадаўчыя органы; адкрыццё сотняў заблакаваных вэб-сайтаў.
З іншага боку, частка апазіцыі, а менавіта кааліцыя Грамадзянскі дэмакратычны рух, у якую ўваходзяць сем апазіцыйных партый левага кірунку, праігнаравала запрашэнне ад Дэпартамента нацыянальнага дыялогу. Іх пазіцыя таксама не пазбаўлена логікі. Пераследуемыя на працягу апошніх некалькіх гадоў апазіцыйныя дзеячы баяцца быць выкарыстанымі ў ролі статыстаў на паказушным мерапрыемстве, якое патрэбнае Сісі для паляпшэння свайго іміджу на Захадзе.
Сапраўды, ёсць шмат пытанняў наконт фармату круглага стала і імплементацыі яго рашэнняў у жыццё. Ці пачуюць улады ўвогуле меркаванне апанентаў? Пакуль Сісі абяцае толькі ўважліва вывучыць вынікі дыялогу, якія маюць быць прадстаўлены яму асабіста. І ўсё.
У выніку за некалькі дзён да пачатку «нацыянальнага дыялогу» на гэты конт назіраецца велізарная блытаніна. Тэмы, якія будуць абмяркоўвацца на гэтым буйным грамадскім форуме, пакуль невядомыя. Вялікай загадкай застаецца і спіс удзельнікаў.  
Зрэшты, большасць экспертаў кажуць, што калі не сёння, то заўтра ўлада пад ціскам гаспадарчых праблемаў будзе вымушаная дамаўляцца як мінімум з нейкай фракцыяй апазіцыі. Інакш народны выбух непазбежны.