Рудкоўскі: Настане момант, калі «ціхая рака» разарве дамбу
Акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі ў інтэрв'ю «Свабодным навінам плюс» адказвае на пытанне, ці магчымы перазапуск «сацыяльнага кантракту» паміж рэжымам і грамадствам.
![Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева](/img/v1/images/_minsk_zima_horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___5__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Палітолаг Пётр Рудкоўскі лічыць, што абвяшчэнне Лукашэнкам «Года міру» — гэта гульня на настроях грамадства, якое стамілася ад рэпрэсій і чакання ўступлення Беларусі ў вайну з Украінай. Гульня, якая, на думку эксперта, выглядае здзекам: «Такі вось ідэалагічна-псіхалагічны ход, сам па сабе ані кепскі, ані добры. Але, канечне, калі ён агучаны рэжымам, які тэрарызуе ўласнае грамадства і ўцягнуў Беларусь у расійскую вайну супраць Украіны, гэта выглядае як здзеклівая іронія таго самага тыпу, што і лозунг "Праца робіць свабоднымі" на браме Асвенцыма».
Сацыяльны кантракт: немагчымасць дамовіцца
— Пад «сацыяльным кантрактам» прынята разумець маўклівы кансэнсус адносна абмежавання палітычных правоў узамен за бяспеку і эканамічны рост. Ключавы момант тут — наяўнасць пазітыўнай перспектывы для грамадства, — гаворыць Рудкоўскі. — Даходы растуць, злачыннасць зніжаецца, ад усякіх войнаў Беларусь трымаецца як мага далей — вось прыклады такіх пазітыўных фактараў. У нулявыя гады рэжым, сілай спрыяльных абставінаў, меў магчымасць прапаноўваць вось такія пазітыўныя перспектывы.
![Лукашэнка хоча вынайсці мадэль, якая была б абсалютнай манархіяй і дэмакратыяй адначасова Пётр Рудкоўскі: «Лукашэнка хоча вынайсці мадэль, якая была б абсалютнай манархіяй і дэмакратыяй адначасова»](/img/v1/images/1634367815_rudkovcki.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Цяпер, лічыць палітолаг, сітуацыя зусім іншая, прычым яна пачала мяняцца яшчэ на пачатку пандэміі, калі рэжым не захацеў паклапаціцца пра жыцці людзей. Далейшыя падзеі, уключна з падаўленнем пратэстаў, рэпрэсіямі і падтрымкай Расіі ў вайне з Украінай, прывялі да таго, што ў рэжыму знікла мінімальная магчымасць новай дамовы з грамадствам:
— У рэжыму няма зараз магчымасці перазапусціць сацыяльны кантракт, хоць патрэба ў гэтым вострая. (Згадаць хаця б указ № 411 Лукашэнкі, у якім ён прадпісвае рост ВУП у 2023 годзе амаль на 4% — нерэалістычная задача, але само яе афармленне ў якасці «ўказа» ўскосна паказвае, наколькі вострай з’яўляецца гэта праблема і наколькі роспачна аўтакрат спрабуе яе пераадолець.)
Верагоднасць супраціву
Што датычна таго, ці здольнае беларускае грамадства супраціўляцца дзеянням рэжыму, тут у Пятра Рудкоўскага ёсць сумневы:
— Ясна, што яўнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі і пастаянная пагроза вайны наўрад ці каго-кольвечы задавальняе. Іншае пытанне: якая імавернасць таго, што незадавальненне выльецца ў чарговыя пратэсты? Уявім сабе, што хтось вырашыў з дапамогай дамбы затрымаць цячэнне ракі і не прадугледзеў для гэтай ракі іншых, альтэрнатыўных, шляхоў цячэння. Ці рака «захоча» прарваць дамбу, ці «змірыцца»? Правільны адказ: гэта пытанне часу. Калі аўтар гэтай ідэі будзе інвеставаць у дамбу, увесь час яе ўмацоўваючы і ўдасканальваючы, то ёсць шанц, што рака будзе «мірыцца» адносна доўга.
![Пётр Рудкоўскі: «У змрочныя часы любое святло дабрыні і салідарнасці мае асаблівую моц» Пётр Рудкоўскі: «У змрочныя часы любое святло дабрыні і салідарнасці мае асаблівую моц»](/img/v1/images/_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Але тут ёсць дзве праблемы: па-першае, умацоўванне дамбы не адбываецца «бясплатна»: яно патрабуе ўсё болей і болей затрат, па-другое, незалежна ад таго, як шмат ты інвестуеш у дамбу, яна – усяго толькі часовае рашэнне. Калі ты своечасова не знойдзеш спосабаў каналізаваць паток ракі, то настане такі момант, калі «ціхая» рака раптам брутальна разарве дамбу і знішчыць усё на сваім шляху. Нешта падобнае і тут.
Цалкам інтэрв'ю чытайце на «Свабодных навінах плюс».