Азбука паліталогіі: Урок казахскага. Да гадавіны студзеньскіх падзей

Няма нічога дзіўнага ў тым, што савецкая традыцыя прысвойваць кожнаму году пяцігодкі персанальнае імя (вырашальны, завяршальны і да таго падобнае) адрадзілася ў сучаснай Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца t.me / shot_shot via Global Look Press

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца t.me / shot_shot via Global Look Press

Мінулы год, калі хто забыўся, быў абвешчаны Годам гістарычнай памяці. А сёлета — Год міру і стварэння. Адпаведны ўказ быў падпісаны 1 студзеня.
Абгрунтаванне выбару чарговага наймення года старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў апублікаваў 4 студзеня ў самай саліднай газеце краіны: «Мы не проста забяспечваем мір у сваёй дзяржаве, грамадстве, але і інвестуем свае сілы для таго, каб мір і стварэнне былі і вакол нас».
Для дзяржавы, якая абвясціла сябе ў 2015 годзе «донарам еўрапейскай стабільнасці», такога кшталту інвестыцыі выглядаюць гарманічна. Тым больш што інвестыцыі ў падтрыманне міру вакол нас Беларусь укладвае не ў адзіночку, а сумесна з «нашай Расіяй». Нездарма ж 6 студзеня падчас наведвання агульнавайсковага палігона Абуз-Лясноўскі ў Брэсцкай вобласці было падкрэслена, што заснавальнікі Саюзнай дзяржавы «агульную справу робяць».
Слова, у адпаведнасці з першым радком Евангелля ад Яна, папярэднічае справе («Напачатку было Слова», напісана ў Дабравесці). Лепшыя розумы краіны галоўнае слова года закладваюць у навагоднія звароты — і ператвараюць тым самым фармальныя тэксты ў магутныя матывавальныя мэсэджы.


За чарговы пераход ад слова да справы можна не хвалявацца. Зноў працытую галоўнага журналіста краіны: «Задзейнічаны і грамадскія арганізацыі, і дзяржаўная ідэалогія, і адукацыйныя цэнтры. Кожны з нас паасобку і ўсе мы разам можам усё. Вось яна — форма беларускага поспеху».
Рэкамендую звярнуць асаблівую ўвагу на згадванне дзяржаўнай ідэалогіі. Нягледзячы на тое, што за два дзесяцігоддзі свайго існавання яна так і не аформілася ў штосьці пэўнае з «ідзі туды, невядома куды», залатыя пёры беларускай журналістыкі пастаянна да яе апелююць. Але не здарылася б бяды, каб конь не быў худы…

Досвед 2020 года не прапіць

На фоне вайны ва Украіне гадавіна падзей у Казахстане прайшла незаўважна. А дарэмна. Айчынным спецыялістам па інвеставанні сіл у імя міру і стварэння тут ёсць чым ганарыцца. Больш эфектыўнага інвестпраекта, мабыць, і не прыгадаць.
Пратэсты ў Казахстане пачаліся 2 студзеня 2022 года ў горадзе Жанаазене пасля рэзкага павышэння цэн на звадкаваны газ. За два дні хваляванні перакінуліся на іншыя гарады краіны, у тым ліку на Алматы, дзе перайшлі ў масавыя беспарадкі. Агульная колькасць ахвяр за першую палову студзеня перавысіла 200 чалавек.
У Беларусі пошукам прычын масавых пратэстаў турбаваць сябе не сталі. Вопыт 2020 года — колькі на грудзі не прымай — не прапіць. Таму аднаго позірку хапіла, каб угледзець сапраўдных лялькаводаў антыдзяржаўнага бунту. Знаёмыя аказаліся асобы: «Літва, Польшча, а потым Украіна. А фінансавалі і накіроўвалі амерыканцы. Мы гэта бачылі — спецслужбы. Там працавалі спецслужбы пэўных краін».
Лялькаводы, якія хацелі разгайдаць сітуацыю ў цэнтральнаазіяцкай рэспубліцы, у якасці сваёй канчатковай мэты бачылі «дэстабілізацыю абстаноўкі па перыметры Расіі, каб аслабіць нашага галоўнага саюзніка і брацкую дзяржаву». Бо на меншае ж прафесійныя мярзотнікі не замахваюцца!
Супраць лому няма прыёму, калі няма другога лому. Але іншы лом у асобе міратворчых сіл АДКБ знайшоўся — прычым знайшоўся аператыўна. Увод міратворцаў «дазволіў зберагчы Казахстан ад развіцця сітуацыі па самым негатыўным сцэнары».

Права супраціўляцца ўзурпацыі ўлады

Здаецца, што і певень смяецца. Прайшоў год — дастатковы тэрмін, каб расставіць усе кропкі над «i» ды назваць пайменна арганізатараў чарговай «каляровай рэвалюцыі». Ад беларускіх знаўцаў удакладненняў не паступіла, але 5 студзеня ў сваім выступленні перад дэпутатамі ніжняй палаты парламента генеральны пракурор Казахстана Берык Асылаў імёны галоўных арганізатараў назваў. Аднак прадстаўнікоў Літвы, Польшчы, Украіны ды Амерыкі ў спісе арганізатараў злачынных груповак чамусьці не аказалася. Спіс узначаліў экс-кіраўнік Камітэта нацыянальнай бяспекі Казахстана Карым Масімаў і яго намеснік Ануар Садыкулаў.Генпракурор кваліфікаваў справу былых службовых асоб КНБК па артыкулах аб дзяржздрадзе, гвалтоўным захопе ўлады і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Не было журбы, дык чэрці прынеслі! Вось і вер пасля гэтага таму, што пішуць у самай саліднай газеце Беларусі!


Каб не спараджаць фэйкі, звернемся да самай аўтарытэтнай інфармацыйнай крыніцы ў Казахстане — да прэзідэнта Касым-Жамарта Такаева. У студзені 2022 года на сустрэчы з бізнесоўцамі ён падзяліўся разлікамі міжнародных экспертаў, згодна з якімі «паловай маёмасці Казахстана валодаюць 162 чалавекі, у той час як у паловы насельніцтва штомесячны даход не перавышае 50 тысяч тэнге, гэта крыху больш за $ 1 300 на год». А ў месяц атрымліваецца 108 долараў. На думку прэзідэнта, «на такія грошы пражыць практычна немагчыма». Было б цікава паслухаць, як такі варыянт сацыяльнай справядлівасці ацэньваюць у Палацы Незалежнасці. Нагадаю адно з выказванняў яго гаспадара: «У аснове павінна ляжаць справядлівасць. Цяпер попыт на справядлівасць. Ды і ўсе мы хочам, каб свет быў больш справядлівым і стаўленне да нас было больш справядлівым. Гэта галоўнае».
Але калі справядлівасць — гэта галоўнае, то як ацэньваць масавыя пратэсты ў краіне, у якой 50% насельніцтва жыве на 108 долараў на месяц?
У канстытуцыях большасці сучасных дзяржаў крыніцай улады абвяшчаецца народ, і Канстытуцыя Казахстана ўзору 1995 года не з'яўлялася выключэннем (артыкул 3, п. 1). Такім чынам, народ мае права супраціўляцца ўзурпацыі ўлады ці яе злоўжыванням.
Такое права замацавана і ў прэамбуле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, прынятай ААН у 1948 годзе.
Дык якое дачыненне да леташніх падзей у Казахстане мелі заходнія мярзотнікі?
Пытанне зададзена. Добра было б атрымаць на яго адказ.