Тры канверты для Касыма-Жамарта Такаева
Казахстанскі кейс, як цяпер модна казаць, аналагічны кейсу дзяўчыны, якую вывезлі з вёскі, аднак не здолелі пры гэтым вёску выцягнуць з дзяўчыны.
27 лютага ў Беларусі адбудзецца канстытуцыйны рэферэндум. Натуральна, паўстае пытанне пра яго лёсавызначальнасць. Самае простае — адмахнуцца, маўляў, хто і калі ў нас жыў паводле Канстытуцыі і згодна з законамі?
Літаральна днямі (21 студзеня) падчас размовы з журналістамі наша своеасаблівасць у пытаннях выкарыстання права ў якасці ўніверсальнага рэгулятара грамадскіх адносін была чарговым разам прадэманстраваная: «Упэўнены, што тое, што мы прапануем, што я прапанаваў народу, — праект, — гэта Канстытуцыя будучыні. Самае галоўнае — мы павінны за гэтыя два-тры гады навучыцца жыць паводле закону».
28-ы год беларускай мадэлі. Няма той сферы дзейнасці, у якой бы мы ні дасягнулі выдатных поспехаў, а жыць паводле закону так і не навучыліся. Не па хлусні — няма праблем. Па справядлівасці — хоць з раніцы да вечара і з вечара да раніцы. А згодна з законам — не атрымлівалася і не атрымліваецца.
Тры гады ў гісторыі кожнага народа — імгненне. Аднак жа мэта пастаўленая. За працу, таварышы!
Пытанні, пытанні, пытанні…
Пазначаная вышэй праблема актуальная для большасці постсавецкіх рэспублік. Свежы прыклад — Казахстан. Тры дзесяцігоддзі Нурсултан Абішавіч Назарбаеў выбудоўваў вертыкаль улады са сваіх сваякоў і асабіста адданых яму людзей. Усё, здавалася б, улічыў. Куды не плюнь — у эканоміку, у палітыку ці ў сацыяльную сферу — трапіш у роднага чалавечка.
Паводле заявы прэзідэнта Касыма-Жамарта Такаева, зробленай 21 студзеня, «усяго 162 чалавекі валодаюць паловай маёмасці краіны». Не дзіўна, што справядлівасць, якая ажыццяўляецца такім чынам, адыграла ролю запалкі ля бочкі з порахам для студзеньскіх пратэстаў і беспарадкаў.
Ці быў шанс у бацькі-заснавальніка казахскай дзяржавы абараніць такое своеасаблівае тлумачэнне справядлівасці з дапамогай замацаваных у Канстытуцыі гарантый асабістай бяспекі? Яшчэ 1 студзеня гарантыі здаваліся жалезабетоннымі. Аднак ужо 2 студзеня марадзёры, бандыты і хуліганы, што фінансуюцца і накіроўваюцца з ЗША, гэту магчымасць звялі да нуля.
Не дапамог і кантроль за сілавымі структурамі. Нечакана высветлілася, што такія адсутнічаюць, па меншай меры ў Алматы. Адкрыцці і сюрпрызы на гэтым не скончыліся. Як аказалася, самую галоўную сілавую структуру — Камітэт нацыянальнай бяспекі — на працягу шасці гадоў узначальваў дзяржаўны здраднік, які цяпер нарэшце арыштаваны. Вось і разважай пасля гэтага пра ролю заходніх НДА ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
Такі ўрок аматарам бясконца перавыбірацца на вышэйшую дзяржаўную пасаду даў Нурсултан Абішавіч. І гэта пры ўзроўні народнай любові, якая папросту зашкальвала! Калі хто забыўся, нагадаю, што на прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе за нацыянальнага лідара прагаласавала 97,75% выбаршчыкаў пры яўцы 95,21%.
Ад любові да нянавісці адзін крок. Ёсць такая прыказка. Самы час дапоўніць яе лермантаўскім радком: «Была без радостей любовь, разлука будет без печали». Але калі паспрабаваць крыху заглыбіцца, то ці не ўзнікнуць сумненні з нагоды ўчорашняй любові, хай і бязрадаснай? А калі гэта так, то, натуральна, паўстане пытанне наконт працы казахстанскай ЦВК.
З тонкасцямі заканадаўства Рэспублікі Казахстан я не знаёмы, але не здзіўлюся наяўнасці крымінальнай адказнасці за фальсіфікацыю вынікаў народных волевыяўленняў. І што? Хто канкрэтна адказаў за 97,75%, і які ўклад самога бенефіцыяра ў такі сумнеўны паводле любых сучасных мерак электаральны трыумф?
Пытанні, пытанні, пытанні... Іх своечасовая пастаноўка гарантуе палову поспеху ў пошуках адказаў. Ці можна разлічваць на тое, што новы нацыянальны лідар Казахстана дазволіць іх паставіць? Пажывем-пабачым.
Паміж Турцыяй і Францыяй
Для клана Назарбаева Такаеў — чужынец. У гэтым ёсць як свае мінусы, так і плюсы. Мінусы ў тым, што для выбудоўвання ўласнай вертыкалі ўлады ў новага нацыянальнага лідара няма кадраў. Ляпіць давядзецца з таго, што ёсць.
Што да плюсаў, то на баку Такаева выступае сама культура падданства. Вось як яе сутнасць тлумачыць расійскі палітолаг Абас Галямаў, спасылаючыся на «Гасудара» Макіявелі (1469–1527): «Заваяваць Турцыю складаней, чым Францыю, затое ўтрымаць уладу ў ёй значна лягчэй. Чаму? Таму што ў Турцыі ўсе прызвычаіліся быць рабамі султана — і калі ты яго перамог, то ніхто пра супраціў табе думаць ужо не будзе. Іншая справа — Францыя. Там рабоў няма, там улада караля абмежаваная, таму нават калі ты перамог апошняга, гэта зусім не значыць, што ты атрымаў у сваё распараджэнне натоўп гатовых беспярэчна падпарадкоўвацца табе рабоў. Не, ты атрымаў мноства людзей, у якіх ёсць уласная легітымнасць і ўласныя — незалежныя ад караля — крыніцы ўлады».
Застаецца высветліць: сучасная палітычная культура Казахстана бліжэйшая цяпер да культуры Турцыі часоў Макіявелі або да Францыі. Лёгкасць, з якой сілавікі ляглі пад новага султана, варта было толькі Расія пазначыць, на чыім яна баку, адназначна сведчыць на карысць Турцыі.
Не варта забываць пра казахскае грамадства, якое здзейсніла ў студзені крок ад любові да нянавісці да Назарбаева. Такім чынам, Такаеву сваю легітымнасць будзе выгадна выбудоўваць не на пераемнасці палітыкі Назарбаева, а на яе крытыцы.
Нічога незвычайнага ў гэтым няма. Дастаткова прыгадаць анекдот пра тры канверты, пакінутыя звольненым дырэктарам прадпрыемства свайму пераемніку. У першым канверце знаходзілася парада: «Абвінавачвай ва ўсім мяне», у другім — «Абяцай людзям усё, што яны хочуць», у трэцім — «Рыхтуй тры канверты».
Рыхтаваць тры канверты Такаеву яшчэ рана, а вось перакідваць усе праблемы грамадства на свайго папярэдніка — самы час. Думаю, і без маёй падказкі ён пра гэта здагадваецца.
***Казахстанскі кейс, як цяпер модна казаць, аналагічны кейсу дзяўчыны, якую вывезлі з вёскі ў горад... Тры дзесяцігоддзі аддзяляюць Рэспубліку Беларусь і Рэспубліку Казахстан ад савецкага мінулага. Можна гадзінамі і ўзахлёб разважаць пра суверэнітэт і незалежнасць, але гэта не замінае савецкаму мінуламу праяўляць сябе пры першай жа магчымасці. 27 лютага для гэтага нам дадуць чарговую нагоду.