«Аказацца перад дылемай: ці рэферэндум, ці вайна — вельмі сумніўнае дасягненне»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» адзначае, што «каляровая рэвалюцыя» у Казахстане, як ні дзіўна, перамагла. Узброенае паўстанне правалілася, а мірны пратэст, атрымліваецца, перамог. І ў гэтым ёсць урок і для Беларусі.

250364466.jpg


Вось хто пра што, а я зноў пра Казахстан. А што зробіш? Там зноў усё стала павучальна.

Учора ў Казахстане стварылі камісію па расследаванні залішняга гвалту паліцыі пры падаўленні пратэстаў. І можна было б сказаць, што ў нас таксама стваралі розныя камісіі, але ёсць маленькі нюанс. Пракуратура Казахстана ўжо ўзбудзіла 16 крымінальных спраў па фактах катаванняў і гібелі затрыманых. За ўдзел у пратэстах там затрымалі 9000 чалавек, гэта значыць, усё амаль як у нас у першыя дні. Але больш за палова абышліся папярэджаннем. Дзве з лішнім тысячы атрымалі штрафы. Да арыштаў прысудзілі 360 чалавек, а астатніх — проста адпусцілі.

І вось, гледзячы на ўсе гэтыя адрозненні, мне прыйшла ў галаву нечаканая думка, за якую ты мяне, магчыма, нават асудзіш. Але глядзі. Эканамічныя патрабаванні пратэстоўцаў улады Казахстана выканалі літаральна адразу. Палітычныя патрабаванні, пакуль там вылучалі патрабаванні, тычыліся большай часткай адхілення ад улады Назарбаева і яго атачэння. І гэтыя патрабаванні ўлады Казахстана якраз цяпер выконваюць да поўнага свайго задавальнення. І нават пачалі, здаецца, паціху рабіць рэформы, якіх дамагаліся пратэстоўцы.

Так атрымліваецца, што каляровая, як яе называюць сведкі стабільнасці, рэвалюцыя ў Казахстане, па сутнасці, перамагла. Узброенае паўстанне правалілася, так. А мірны пратэст, атрымліваецца, перамог. Таму што пратэстоўцы дамагліся таго, дзеля чаго яны пратэставалі. У выніку атрымалася такая каляровая рэвалюцыя зверху. Але ніхто не казаў, што так рабіць нельга. І, пагадзіся, трохі іранічна, што перамагчы казахстанскай каляровай рэвалюцыі дапамагла спланаваная літаральна за гадзіну спецыяльная аперацыя сіл АДКБ.

Як я сабе разумею, улады Казахстана спраўляюцца так добра ў тым ліку і таму, што ў іх ёсць пастаянны прыклад, як не трэба рабіць. Вось за паўтара года навядзення ў краіне стабільнасці беларускія ўлады замест таго, каб склеіць грамадства, прымудрыліся яго толькі мацней раскалоць. Таму што аказацца перад дылемай: ці рэферэндум, ці вайна — вельмі сумніўнае дасягненне дзяржаўнай палітыкі.

А цяпер для забеспячэння сваёй нармальнай жыццядзейнасці беларускім уладам патрэбная пастаянная эскалацыя стабільнасці. Інакш у іх ужо не атрымліваецца функцыянаваць. І 1600 асуджаных за экстрэмізм становіцца прадметам гонару для беларускай пракуратуры. Хоць наогул такая колькасць экстрэмістаў на душу насельніцтва павінна была б стаць прадметам сур'ёзнай турботы. І ўжо дакладна не падставай, каб выхваляцца.

Але, паколькі ўнутраныя экстрэмісты больш не забяспечваюць падтрыманне патрэбнага градуса стабільнасці, беларускім уладам прыйшлося шукаць сабе ворагаў па вонкавым перыметры. Вось раней яны ў адказ на санкцыі пагражалі бамбіць наш беларускі Варонеж. Цяпер Варонежа ўжо не засталося і беларускія ўлады намякаюць, што замест Варонежа гатовыя бамбіць Украіну.

Але праблема са знешнімі ворагамі ў тым, што яны не звязаныя нашымі беларускімі ўнутранымі палітычнымі ўмоўнасцямі. У сэнсе — могуць адказаць. І неяк пакуль нязменна так атрымлівалася, што спіраль эскалацыі найбольш балюча біла па тых, хто яе закручваў. Гэта значыць, па беларускіх уладах, а не па іх заходніх нядобразычліўцах. І, на самай справе, няма ніякай прычыны думаць, што ў гэты раз можа атрымацца як-небудзь інакш.