Найбуйнейшы банк ЗША цалкам выйшаў з расійскай валюты
Найбуйнейшы ў ЗША банк па памеры актываў JP Morgan, пад кіраваннем якога знаходзяцца 2,6 трыльёна долараў кліенцкіх грошай, у панядзелак, 24 студзеня, закрыў усе пазіцыі, што заставаліся, у расійскай валюце, спаслаўшыся на непрагназуемыя рызыкі ў сувязі з нарошчваннем расійскіх сіл на мяжы з Украінай.
Да красавіка мінулага года банк займаў пазіцыю «вышэй рынку» па рублю, але пачаў скарачаць укладанні ў расійскую валюту і дзярждоўг падчас вясновага абвастрэння геапалітыкі, піша АФН.
Тады банк прагназаваў, што рызыкі, звязаныя з рублём, пойдуць на спад цягам года, а адміністрацыя Джо Байдэна не наважыцца на эканамічныя захады супраць Масквы.
Улетку 2021 года JPM чакаў умацавання рубля да адзнакі 71 да чэрвеня 2022 года, спасылаючыся на павышэнне ключавой стаўкі ЦБ РФ і высокую прыбытковасць расійскай валюты, якая дазваляе зарабляць на аперацыях carry-trade.
Рубель недаацэнены на 6,4%, пісалі аналітыкі банка, калі курс долара вагаўся каля 72-72 рублёў. Яны таксама адзначалі выгады, якія атрымлівае расійская эканоміка ад узляцелых коштаў сыравіны.
Праз паўгода, калі курс долара падскочыў вышэй 79 рублёў, а еўра ледзь не прабіў адзнаку 90, JP Morgan прызнаў, што пазбаўляецца ад укладанняў у рублі са стратай.
«Мы закрываем усе нашы пакінутыя доўгія рублёвыя пазіцыі са стратай. Мы не можам з высокай ступенню ўпэўненасці адмесці негатыўныя сцэнары. Такім чынам, нашы існуючыя рэкамендацыі адносна доўгіх пазіцый страцілі сілу», — цытуе Reuters заяву банка.
Па дадзеных ЦБ РФ, замежныя інвестары пачалі згортваць доўгія пазіцыі па рублю яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка, калі курс долара на кароткі час падаў ніжэй 70 рублёў. За лістапад-снежань нерэзідэнты зрэзалі стаўкі на рубель праз рынак свопаў на 13 млрд долараў, да 17 млрд.
З рынку расійскай дзяржаўнай запазычанасці замежнікі вывелі 3,4 млрд долараў летась, а яшчэ на 13 млрд долараў скарацілі ўкладанні ў акцыі, піша finanz.ru.
У студзені, на фоне рэзкага абвастрэння стасункаў з Захадам і заяў аб пагрозе пачатку вайны з Украінай, спекулятыўны адток капіталу з расійскіх актываў мог скласці яшчэ 6-7 млрд долараў, ацэньвае Райффайзенбанк.
З пачатку 2022 года рубель страціў 5,4% да долара і ўзначаліў «хіт-парад» горшых валют краін, якія развіваюцца, нягледзячы на рэкордныя за 7 гадоў цаны на нафту, двухразовы рост даходаў ад экспарту газу і беспрэцэдэнтны ў гісторыі прыток валюты ў эканоміку па бягучым рахунку плацежнага балансу (120 млрд долараў за 2021 год).
Рынак акцый тым часам страціў 50 млрд долараў у пераліку на капіталізацыю індэкса РТС, кошты пазыковых папер Урада РФ абрынуліся да мінімуму з 2016 года, а кошт страхоўкі ад суверэннага дэфолту Расіі перавысіў пікі сакавіка-2020 (255 базісных пунктаў). Іншымі словамі, інвестары ацэньваюць рызыкі ўкладанняў у актывы РФ вышэй, чым з нафтай па 10 долараў за барэль.