Заходніх вакцын ад COVID-19 пакуль не будзе
Нягледзячы на жаданне Еўрасаюза перадаць вакцыны ў Беларусь, улады краіны заяўляюць, што іх пакуль не чакаецца.

На запыт СМІ ў Еўракамісіі паведамілі, што Еўрасаюз падтрымлівае ініцыятыву перадачы прэпаратаў усім краінам «Усходняга партнёрства», у тым ліку Беларусі, якая ад гэтага партнёрства адмовілася.
«Мы гатовы перадаць вакцыны жыхарам Беларусі, як толькі будуць створаны механізмы дастаўкі», — паведаміла прадстаўніца Еўракамісіі Ана Пісанэра Эрнандэс.
Пакуль у Беларусі прышчапляюць прэпаратамі «Спутник V», «Спутник Лайт», «КовіВак» і Vero Cell. Апошняя, кітайскай вытворчасці, ухвалена Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя.
«Пытанне аб арганізацыі магчымасці пастаўкі ў краіну вакцын іншых найменняў і вытворцаў знаходзіцца ў стадыі разгляду. У бліжэйшай перспектыве пастаўкі вакцын не чакаюцца», — гаворыцца ў адказе Мінздароўя РБ, куды звярнуліся журналісты.
Акрамя таго, у міністэрстве сказалі, што вытворцы імунабіялягічных лекавых сродкаў, уключаючы вакцыны, самастойна вызначаюць краіны, дзе будуць праходзіць дзяржаўную рэгістрацыю і далейшае выкарыстанне.
«У Міністэрства аховы здароўя рэгістрацыйныя дасье для дзяржрэгістрацыі вакцын для прафілактыкі новай каронавіруснай інфекцыі вытворчасці Pfizer, Moderna, AstraZeneca, Janssen не паступалі», — гаворыцца ў адказе.