Беларуская вакцына ад каронавіруса праходзіць даклінічныя выпрабаванні

Беларуская вакцына ад каронавіруса праходзіць лабараторныя даследаванні і даклінічныя выпрабаванні. Ужо ўстаноўлена, што яна добра пераносіцца і не выклікае пабочных з'яў, заявіў Старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў.

virus_3.jpg


«Прататып беларускай вакцыны супраць каронавіруснай інфекцыі ўжо гатовы. Ён праходзіць этапы лабараторных даследаванняў і папярэднія даклінічныя выпрабаванні на дробных жывёлах. Устаноўлена, што вакцына бяспечная, добра пераносіцца і не выклікае пабочных з'яў. Адзначу, што выкарыстанне беларускай вакцыны стымулюе выпрацоўку антыцелаў супраць віруса SARS-CoV-2 на ўзроўні не ніжэй за сусветныя аналагі», — цытуе яго REFORM.by.

Паводле яго слоў, у гэтым годзе павінны пачацца «глыбокія даклінічныя выпрабаванні». Яны стартуюць пасля выпуску доследна-прамысловай партыі. Пасля іх завяршэння павінны пачаць клінічныя даследаванні.

«Іх мэтай стане ўсебаковая ацэнка бяспекі і эфектыўнасці, так званы гумаральны і клеткавы імунны адказ. Затым вакцына паступіць у абарачэнне», — растлумачыў Гусакоў.

Плануецца, што вакцына будзе адаптавацца да новых штамаў віруса. Раней паведамлялася, што ў грамадзянскі абарот вакцыну могуць выпусціць у 2023 годзе.