ЗША зноў перасцерагаюць рэжым Лукашэнкі ад удзелу ў агрэсіі супраць Украіны

Злучаныя Штаты папярэдзілі Беларусь, што яе аўтарытарны ўрад таксама сутыкнецца з «хуткім і рашучым адказам», калі яна дапаможа Расіі ва ўварванні ў суседнюю Украіну. Пра гэта 25 студзеня заявіў журналістам афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента Нед Прайс.

og_og_1510149953231747581.jpg


«Мы далі зразумець Беларусі, што, калі яна дазволіць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для нападу на Украіну, яна сутыкнецца з хуткім і рашучым адказам з боку Злучаных Штатаў і нашых саюзнікаў і партнёраў», — сказаў прадстаўнік Дзярждэпу, піша REFORM.by.

Прайс дадаў, што магчымыя агрэсіўныя дзеянні з тэрыторыі Беларусі, або пастаяннае размяшчэнне расійскіх войскаў, вымусяць NATO перагледзець групоўку сваіх сіл у краінах, якія мяжуюць з ёю.

«Калі б уварванне пачалося з Беларусі, калі б расійскія войскі пастаянна дыслакаваліся на яе тэрыторыі, NATO, магчыма, давялося б перагледзець уласную групоўку сіл у краінах, якія мяжуюць з Беларуссю», — сказаў ён.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту адзначыў, што з'яўленне расійскіх войскаў выклікае глыбокую заклапочанасць.

«Увод расійскіх войскаў у Беларусь выклікае глыбокую заклапочанасць. Гэты ўсплёск, як я толькі што згадаў, пагражае суверэнітэту Беларусі; гэта ў пэўным сэнсе падрывае яе статус незалежнай краіны», — сказаў ён.

Прайс адзначыў, што Беларусь становіцца ўсё больш дэстабілізуючым гульцом у рэгіёне. Ён згадаў міграцыйных крызіс і абвінаваціў беларускія ўлады ў яго арганізацыі. На яго думку, прадастаўленне інфраструктуры для размяшчэння вялікай колькасці расійскіх войскаў з'яўляецца абразай суверэнітэту Беларусі.

«Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што гэта рэжым, які мала клапоціцца аб уласным народзе, мала клапоціцца аб дзяржаве і больш за ўсё клапоціцца аб выжыванні, дабрабыце самога рэжыму», — сказаў ён.

Днём раней аб аналагічным папярэджанні распавёў сам Лукашэнка ў час зацвярджэння рашэння на ахову Дзяржаўнай граніцы органамі пагранічнай службы ў 2022 годзе.

«Літаральна суткі таму да мяне давялі пагрозлівую пазіцыю Дзярждэпу ЗША. Прыехалі да нашых дыпламатаў у Нью-Ёрку і пагражаюць нам: калі вы дазволіце Пуціну і Расіі, вы дазволіце гэта, то мы ўвядзем санкцыі. Калі вы ядзерную зброю вернеце ў Беларусь, будзе тое і гэта. Разумееце, ментарскі нейкі тон у дачыненні да Беларусі», — сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, на мінулым тыдні Дзярждэпартамэнт ЗША правёў спецыяльны брыфінг, прысвечаны сітуацыі ў Беларусі. Прадстаўнік амерыканскага знешнепалітычнага ведамства ўсумніўся ў самастойнасці Лукашэнкі і папярэдзіў аб сур'ёзных наступствах, калі Беларусь будзе ўдзельнічаць у магчымай расійскай агрэсіі супраць Украіны.