Алесін: На акупацыю Беларусі ў Расіі цяпер не хопіць салдат

Ваенны эксперт Аляксандр Алесін не верыць, што Расія распачала акупацыю нашай краіны: «На акупацыю Беларусі неабходна каля 250–500 тысяч вайскоўцаў, гэта значыць, уся сухапутная армія Расійскай Федэрацыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы трымалі тут да 900 тысяч чалавек. Думаю, Расія не пойдзе на такое, інакш уся гіганцкая сухапутная мяжа застанецца нічым не прыкрытая».

_mileks_2021___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__31__logo_1.jpg

Паводле грубых падлікаў, знакамітыя 200 эшалонаў разлічаныя якраз на перавозку 13 тысяч вайскоўцаў, 10 батальённых груп, двух дывізіёнаў ЗРК С-400 і брыгады аператыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр М».

З 16 па 21 студзеня на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэннях «Саюзная рашучасць-2022» прыбылі больш за 33 эшалоны з ваеннай тэхнікай і вайскоўцамі ВС Расіі. Паводле паведамлення тэлеграм-канала Live, эшалоны працягваюць прыбываць — усяго іх павінна быць 200. Сярэдняя колькасць вагонаў у кожным з іх — 50.

Лічбы ўражваюць. Прычым не толькі ў Мінску — а і ў свеце.

І гэта ўсё выклікала завочную палеміку Аляксандра Лукашэнкі з Зянонам Пазьняком.

Што сказаў Зянон Пазьняк

— Я лічу, што гэта адцягнены манеўр, на які клюнуў увесь Захад, а рэальнасць такая — пад гэтую траскатню пра ўкраінска-расейскую вайну адбылася акупацыя Беларусі. Уведзенае войска. Працэс гэты працягваецца. Павінны прыехаць сюды 200 цягнікоў па 50 вагонаў.

Гэта ў сярэднім будзе 80–100 тысяч жывой сілы. Плюс уся тэхніка.

Прапісана ўсё, што яны будуць рабіць.

Гэта адпрацоўка аховы дзяржаўных прадпрыемстваў — заводаў, устаноў і г.д. Прапісаны ўвесь план акупацыі. І такім чынам пад траскатню аб небяспецы Украіны, адбылася акупацыя Беларусі. Гэты стратэгічны балкон ужо ў руках Пуціна, — сказаў Зянон Пазняк у інтэрв’ю Радыё Рацыя.

Як парыраваў Аляксандр Лукашэнка

— Слухайце, 200 чыгуначных саставаў — гэта ніколі не змесціцца. Гэта ж элементарна палічыць, нават калі ты не ведаеш, што такое войска. Я ўжо звяртаюся да тых, хто, прачытаўшы гэта і пачуўшы гэта ў Беларусі... і для Зянона хачу сказаць: ніколі, ніколі, прынамсі пакуль я прэзідэнт і вы генералы, мы не дапусцім акупацыі Беларусі, — заявіў Лукашэнка, калі зацвярджаў рашэнне пра ахову Дзяржаўнай мяжы органамі пагранічнай службы ў 2022 годзе.

Выданне «СН плюс» папрасіла пракаментаваць сітуацыю спецыялістаў.

Аляксандр Алесін, ваенны эксперт: на акупацыю Беларусі спатрэбіцца 250–500 тысяч вайскоўцаў

— Лічбы, якімі апелююць розныя тэлеграм-каналы і СМІ, з'явіліся ў публічнай прасторы з інфармацыі «Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі».

Усяго павінны прыбыць каля 10 тысяч вагонаў.

Адзін дывізіён аператыўна-тактычнага комплексу «Іскандэр М» (разам з машынамі абслугоўвання, баявымі машынамі, транспартна-зараджальнымі машынамі) — гэта адзін эшалон.

Калі прыбывае брыгада «Іскандэр М» (звычайна яны прыходзяць брыгадамі), то гэта тры эшалоны.

Калі гаворка пра зенітна-ракетны комплекс (разам з дапаможнымі машынамі, машынамі забеспячэння, транспартна-зараджальнымі, тэхнічнага абслугоўвання), то два комплексы зенітна-ракетнага комплексу (два дывізіёны) — ад 4 да 8 эшалонаў.

Думаю, для перавозкі батальённа-тактычнай групы з усімі сродкамі ўзмацнення (і артылерыя, і вайсковыя сродкі СПА і гэтак далей) патрабуецца мінімум 4 эшалоны; калі да нас едзе дзесяць батальённых тактычных груп, спатрэбіцца 40 эшалонаў.

Пры перавозцы жывой сілы, па існуючых разліках, на аднаго вайскоўца на вучэннях неабходна каля 30 тон рэсурсаў і ваеннай маёмасці. На перавозку 13 тысяч вайскоўцаў, як афіцыйна заяўляюць бакі, патрабуецца 6,5–7 тысяч вагонаў.

Мотастралковы ўзвод — 30 чалавек, мотастралковая рота — ад 120 да 160 чалавек, батальён —500-600 вайскоўцаў.

Атрымліваецца, што 200 эшалонаў разлічаныя якраз на перавозку 13 тысяч вайскоўцаў, 10 батальённых груп, двух дывізіёнаў ЗРК С-400 і брыгаду аператыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр М».

І яшчэ трохі лічбаў.

Каб акупаваць Беларусь, неабходна каля 250–500 тысяч вайскоўцаў, гэта значыць, уся сухапутная армія Расійскай Федэрацыі. У гады Вялікай Айчыннай вайны немцы трымалі тут да 900 тысяч чалавек.

Прымітыўная прыкідка паказвае, што сіл, якія прыбываюць на вучэнні, ніяк не хопіць для акупацыі Беларусі. Апошняя прадугледжвае кантроль не толькі над буйнымі гарадамі, чыгуначнымі вузламі, найбуйнейшымі аб'ектамі інфраструктуры, нафтаперапрацоўчымі і хімічнымі заводамі, той жа БелАЭС, — каб усюды расставіць салдат і ўзяць пад кантроль Беларусь, неабходныя сотні тысяч вайскоўцаў.

Думаю, Расія не пойдзе на такое, інакш уся гіганцкая сухапутная мяжа застанецца нічым не прыкрытая. Гэта фантастыка. Пазьняк — чалавек не ваенны, ён памыляецца.

А акрамя таго, сярод мэтаў вучэнняў — вывучэнне магчымасцяў перакідання войскаў: калі прыйдзецца тут засяродзіць буйную групоўку, яе давядзецца сцягваць з усёй Расіі, не толькі з Заходняй або Цэнтральнай ваенных акругаў, але нават і з Усходняй (Сібір, Далёкі Усход). Гэта значыць — праверыць лагістыку; адпрацаваць засяроджванне тэхнікі, пагрузку яе ў вагоны, на платформы, адпрацаваць задачы чыгуначным ведамствам. Пры любым раскладзе сіл не атрымліваецца неабходнай колькасці расійскіх вайскоўцаў, каб акупаваць Беларусь.

Дарэчы, і Украіну Расія таксама не можа акупаваць: у яе цяпер блізу 800-900 тысяч вайскоўцаў (разам з падводнікамі, ракетчыкамі і касманаўтамі).

А калісьці мелася 5 мільёнаў — тады, вядома, можна было кінуць мільёнчык-другі на той ці іншы фронт. Зараз жа ў РФ, нягледзячы на ўсе заявы, проста вялікі недахоп вайскоўцаў, проста не хапае штыкоў.

Сяргей Вазняк: Расія шмат зрабіла для стварэння антырасійскіх настрояў

Сябра ЦК Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», маёр у запасе Сяргей Вазняк называе «страшылкамі» паведамленні аб акупацыі Беларусі расійскімі войскамі.

— Я не працую ў Генштабе Узброеных сіл Расіі — не ведаю, якія сілы яна перадыслакуе ў Беларусь.

Але я ведаю, што кожныя сумесныя вучэнні з Расіяй на тэрыторыі Беларусі суправаджаюцца гутаркамі, што рускія тут застануцца і не сыдуць па заканчэнні вучэнняў. Але пакуль яны заўсёды сыходзілі; вучэнні праводзяцца рэгулярна — і вялікія, і меншыя, заўсёды рускія войскі сыходзілі. У Беларусі ёсць толькі два вайсковыя аб'екты, якія на пастаяннай аснове функцыянуюць у рамках міжурадавага пагаднення (пад Вілейкай і пад Баранавічамі).

У мяне ёсць адчуванне, што і ў гэтым разам пасля заканчэння вучэнняў эшалоны з людзьмі і тэхнікай сыдуць на ўсход: для таго, каб застацца тут, паміж Расіяй і Беларуссю трэба заключаць міжурадавае пагадненне аб размяшчэнні ваенных баз, аб умовах гэтага размяшчэння, на бязвыплатнай або платнай аснове.

Я не чуў аб падрыхтоўцы такіх дакументаў.

— Навошта падобныя страшылкі запускаюцца ў публічную прастору?

— У Беларусі дастаткова шмат людзей з антырасійскімі поглядамі. Увогуле, Расія шмат зрабіла для гэтага. Палітычны дыскурс тых сіл, якія стаяць на антырасейскіх пазіцыях, просты: што б Масква ні рабіла — усё дрэнна, расійскія войскі тут — значыць, акупуе. Не дапускаецца нават думка, што вучэнні проста прызначаныя для павышэння баявой падрыхтоўкі частак і падраздзяленняў.

Я не належу да антырасійскіх сілаў, я сябар ЦК Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». У нас таксама ёсць крытычнае стаўленне да пазіцыі Крамля, асабліва па падзеях жніўня-верасня 2020 года. Але ў цэлым партыя выступае за нармальныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй, нават за захаванне саюзнай дамовы. Але на тых умовах, на якіх яна была падпісаная ў 1999 годзе, а не на тых, якія Пуціну захацелася пазней. На ўмовах поўнага раўнапраўя, без паглынання Беларусі, Беларусь па дамове 1999 года мае права вета.

Магу памыліцца, але мне здаецца малаверагоднай сітуацыя, калі пасля вучэнняў расійскія войскі застануцца тут — і па ўнутраных, і па знешніх прычынах. Калі ўсё ж раптам адбудзецца адваротнае, то ў NATO з'яўляецца бліскучая магчымасць размясціць свае войскі ва Украіне, у краінах Балтыі, узмацніць групоўку ў Польшчы.

Гэта сумніўны варыянт, і тое абсалютна не патрэбна Крамлю.

Паводле «СН плюс»