Расія перадыслакуе ў Беларусь найноўшыя знішчальнікі Су-35C

Расія перакідвае ў Беларусь з Далёкага Усходу шматмэтавыя знішчальнікі Су-35C. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце міністэрства абароны Расіі.

military_26_01.jpg


Падчас перабазавання прадугледжаны прыпынкі — на аэрадромах Цэнтральнай і Заходняй ваенных акругаў. У расійскім Мінабароны распавялі, што маршруты прапрацоўваліся з улікам метэаўмоў і па магчымасці «максімальнага беспасадкавага палёту самалётаў», паведамляе Еўрарадыё.

Прадугледжана, што ў Беларусі экіпажы «заступяць на баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне ў рамках праверкі пытанняў функцыянавання адзінай сістэмы СПА Саюзнай дзяржавы».

Нагадаем, раней прадстаўнік расійскага Мінабароны распавядаў, што для ўдзелу ў сумесных беларуска-расійскіх вучэннях «Саюзная рашучасць-2022» у Беларусь будуць перабазаваныя «два дывізіёны С-400 і 12 знішчальнікаў Су-35». Перадыслакацыя ЗКР С-400 пачалася раней.

Вучэнні павінны адбыцца з 10 па 20 лютага на тэрыторыі Беларусі і стануць другім этапам праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы. На першым этапе, які працягнецца да 9 лютага, выконваецца перадыслакацыя сіл і тэхнікі, а таксама стварэнне ў Беларусі груповак войскаў для арганізацыі аховы і абароны важных дзяржаўных і ваенных аб'ектаў і дзяржмяжы.

У паведамленні расійскага Мінабароны асабліва падкрэсліваецца, што «колькасць вайскоўцаў і тэхнікі на вучэнні, якія трапляюць пад дзеянне Венскага дакумента 2011 года, не перавышаюць пэўныя ім параметры, якія падлягаюць паведамленню».

Су-35 з'яўляецца адным з асноўных знішчальнікаў ВПС Расіі. Гэта шматмэтавы знішчальнік, які быў распрацаваны ў КБ Сухога ў 2008 годзе.