Ёсць што хаваць? Расія не пусціла інспектараў АБСЕ ў Бранскую і Смаленскую вобласці
Расія адмовіла ў візіце інспектарам з Мінабароны Латвіі, якія на гэтым тыдні павінны былі наведаць Бранскую і Смаленскую вобласці ў рамках кантролю над узбраеннямі арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЕ).
Візіт інспектараў планаваўся з 24 да 29 студзеня, аднак 21 студзеня Латвія атрымала адмову. У якасці прычыны расійскі бок назваў пагрозы распаўсюджвання каронавіруса, піша АФН са спасылкай на Мінабароны Латвіі.
«Гэтая адмова незразумелая ў сітуацыі, калі Расія масава канцэнтруе свае войскі на мяжы з Украінай, у той жа час заяўляючы, што не плануе ўварвання», — гаворыцца ў паведамленні латвійскага Міністэрства.
Кіраўнік Мінабароны Арціс Пабрыкс дапускае, што «Расіі ёсць што хаваць і яна не жадае раскрыць сапраўдны памер сваёй ваеннай актыўнасці і свае намеры».
Нягледзячы на адмову, расійскае Мінабароны 24 студзеня размясціла на сваім сайце паведамленне аб прыбыцці ў краіну чатырох інспектараў з Латвіі. У гэты дзень начальнік Нацыянальнага цэнтра па змяншэнні ядзернай небяспекі Сяргей Рыжкоў паведаміў, што латвійскія інспектары правераць расійскія ваенныя аб'екты ў Бранскай і Смаленскай абласцях, яго словы прыводзілі інфармагенцтвы. На сайце Мінабароны гэтага паведамлення няма. Рыжкоў казаў таксама, што Расія дала згоду на інспекцыю.
Меркавалася, што інспектары ацэняць «маштаб ваенных дзеянняў» пад Бранскам і Смаленскам у рамках Венскага дакумента 2011 года, паведамілі ў Мінабароны Латвіі. Дакумент аб мерах умацавання даверу і бяспекі мае на ўвазе, што члены АБСЕ штогод абменьваюцца інфармацыяй аб ваенных сілах і сістэмах узбраенняў, а таксама аб планаванні ў абароннай сферы. Пагадненне дазваляе прысутнасць назіральнікаў на шэрагу ваенных аб'ектаў.
Пра тое, што Расія «з-за каронавіруса» прыпыніла мерапрыемствы ў рамках Венскага дакумента, паведаміла таксама Мінабароны Эстоніі.