Беларускія каталікі будуць маліцца за мір ва Украіне

Беларускія каталікі падтрымалі ініцыятыву Папы Рымскага Францыска і сёння будуць маліцца за мір ва Украіне. Адна з імшаў адбудзецца ў Мінскім архікафедральным саборы імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Набажэнства пачнецца ў 18:30, і ўзначаліць яго апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Набажэнства ў Мінску ўзначаліць апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч

Набажэнства ў Мінску ўзначаліць апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч


Памаліцца за мір ва Украіне заклікаў беларускіх каталікоў і старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп віцебскі Алег Буткевіч. Ён папрасіў адказна паставіцца да просьбы пантыфіка і «падчас імшаў у сераду 26 студзеня, а таксама ў найбліжэйшую нядзелю, 30 студзеня, дадаць у малітвы вернікаў інтэнцыю аб міры ва Украіне», паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на сatholic.by.

«Моц гэтай малітвы хай стане падтрымкай для тых, хто гэты свет сёння будуе, і абаронай ад сіл, якія імкнуцца яго знесці», — адзначыў ён.

Папа Рымскі Францыск у мінулую нядзелю падчас традыцыйнай казані перад вернікамі на плошчы Святога Пятра прапанаваў правесці 26 студзеня Дзень малітвы за мір ва Украіне. Ён заклікаў усіх людзей памаліцца, «каб кожнае дзеянне і палітычная ініцыятыва служылі больш чалавечаму братэрству, а не асабістым інтарэсам».