У Казахстане здзейсніў самагубства топ-менеджар кампаніі дачкі Назарбаева
Кіраўнік фірмы казахстанскай кампаніі «Аператар РОП» Руслан Шамшыеў скончыў жыццё самагубствам. Паліцыя распачала крымінальную справу паводле артыкула аб давядзенні да самагубства.
![Руслан Шамшыеў. Фота з фэйсбука Руслан Шамшыеў. Фота з фэйсбука](/img/v1/images/756431828129736_fsvce.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Руслан Шамшыеў. Фота з фэйсбука
Кампанію «Аператар РОП» казахстанскія СМІ (у прыватнасці, парталы kz.media і eurasianet) звязвалі з дачкой Назарбаева Аліяй. Сёння раніцай у Казахстане затрымалі кіраўніка кампаніі Медэта Кумаргаліева, а таксама віцэ-міністра экалогіі Ахметжана Прымкулава. Абодвух падазраюць у карупцыі, піша «Наша Ніва».
Да студзеньскіх падзей у Казахстане «Аператар РОП» займаўся ўтылізацыйным зборам у краіне.
11 студзеня прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў раскрытыкаваў працу кампаніі і прапанаваў перадаць яе функцыі дзяржструктурам.
19 студзеня адпаведны дакумент прыняў урад краіны. Актывы, створаныя за кошт сродкаў утылізацыйнага збору, былі перададзеныя ва ўласнасць дзяржавы.
Пасля пратэстаў у Казахстане дочкі Назарбаева перасталі з'яўляцца на публіцы, яго зяці былі адпраўленыя ў адстаўку ў розных кампаніях, а сам першы прэзідэнт краіны з'явіўся на публіцы толькі 18 студзеня, запісаўшы відэазварот, што ён не займаецца палітычнымі справамі, а цалкам падтрымлівае прэзідэнта Такаева.