
Беларусы змогуць датэрмінова прагаласаваць на рэферэндуме аб праекце Канстытуцыі, паведаміў намеснік загадчыка аддзелу прававой, аналітычнай і метадычнай работы апарату Цэнтарвыбаркама Беларусі Іван Таўкач на дзяржаўных тэлеканалах.
Паводле яго, будзе арганізавана як датэрміновае галасаванне, так і асноўны дзень волевыяўлення.
«Час такі самы — з 10:00 да 14:00 і з 16:00 да 19:00 з аўторка па суботу, і ў нядзелю — асноўны дзень галасавання. Тут нічога не мяняецца», — сказаў Таўкач.
Такім чынам, дні датэрміновага галасавання: з аўторка, 22 лютага, па суботу, 26 лютага, уключна.
Чыноўнік таксама заявіў, што на правядзенне рэферэндуму выдаткавана больш за 20 мільёнаў рублёў з бюджэту. Папярэднія вынікі канстытуцыйнага рэферэндуму будуць вядомыя да раніцы 28 лютага, а канчатковыя — у першы тыдзень сакавіка.