Караеў не спыняецца: «У нас адказ адзін: мы іх будзем браць і знішчаць»

Чалавек, адказны за катаванні беларусаў пасля выбараў 2020 года, які сёння займае эфемерную пасаду памочніка-інспектара Лукашэнкі па Гарадзенскай вобласці, пракаментаваў на прапагандысцкім ТБ так званае забойства тэрарыста ў Гродне.

Фота: МУС

Фота: МУС

Па версіі Караева, «ліквідацыя замежніка» ў Гродне 19 сакавіка праходзіла так: спачатку падазраванаму ўдалося «даць пару добрых чэргаў» з аўтамата, потым ён кінуў у групу захопу гранату, тая адскочыла ад шчыта і ўпала пад ногі аднаму з байцоў.
Спецназавец яе адкінуў у суседні калідорчык, які вядзе да кухні, і там яна ўзарвалася, — сказаў Караеў.
Ён пахваліўся, што пры аглядзе кватэры «забітага замежніка» нідзе не ўбачыў прабоін ад зваротных куль сілавікоў,

«гэта значыць, усе ўвайшлі куды трэба».

.Па словах Караева, першапачаткова мужчыну збіраліся захапіць жывым, але гэтага зрабіць не ўдалося праз тое, што ён аказаў супраціў:
— Калі ён павёў сябе так, што не пакінуў сабе шанцаў, то яны выступілі і зрабілі ўсё бездакорна.
Караеў звярнуў увагу, што байцы спецназа «былі экіпіраваны па поўнай», каб выключыць паражэнне, а «бронешчыт паказаў сябе як надзейны».

— Мы не ў Дамаску і не ў цэнтры тэрарызму, у нас бяспечная краіна. Калі тэрарысты з іншых краін на нашу тэрыторыю прыходзяць, у нас адказ адзін: мы іх будзем браць і знішчаць,


— паабяцаў ён.
Гаворачы аб сённяшніх настроях у Гродне, памочнік Лукашэнкі заявіў, што «нашы людзі пасля 2020 года паволі, павольна, але разабраліся, што магло быць, дзе і на чыім баку праўда», і зрабілі выбар на карысць «спакойнага, бяспечнага жыцця», а не «сумнеўнага нейкага там рыўка наперад з тэхналогіямі».
Людзі разабраліся, што галоўнае пасля ежы - гэта спакой, бяспечнае жыццё. Адсюль усе вытворныя: спакойна гадаваць сваіх дзяцей, глядзець, як іх паспяховасць у школе, каб яны не песціліся, каб дома быў дастатак, — апісаў Караеў, як, на яго думку, выглядае беларускае шчасце.
Падведамную яму Гродзенскую вобласць ён назваў «нашым заходнім фарпостам» і распавёў пра тамтэйшую мірную абстаноўку.
  — У нас хуліганы такія, што яны нікога не чапаюць, яны паміж сабой там мацюком лаюцца. Я не памятаю ўжо вулічных рабаванняў. У нас ледзь што, адразу міліцыя, унутраныя войскі на месцы і камеры ўжо ўсюды, — запэўніў Караеў.
Нагадаем, днём 19 сакавіка ў Гродне былі чуваць выбухі і страляніна, з'яўлялася інфармацыя і пра затрыманні. Пазней КДБ паведаміў аб «ліквідацыі замежніка», які, па версіі сілавікоў, планаваў тэракт і аказаў супраціў з выкарыстаннем аўтаматычнай зброі і шляхам падрыву баявых гранат.
КДБ узбудзіў крымінальную справу за падрыхтоўку да здзяйснення акта тэрарызму. Па заяве рэжыму, яго закінулі з Польшчы «збеглыя экстрэмісты». У ліквідаванага замежніка пры сабе быў падроблены расійскі пашпарт на імя Аляксея Ламакіна. Ён нібыта рыхтаваў тэракты на прамысловых прадпрыемствах і супраць сілавікоў і кіраўніцтва Гродзенскай вобласці.
У рамках следства ўжо дапытаны 14 чалавек, якія пры розных абставінах размаўлялі з падазроным. Пяць чалавек змешчаны ў следчы ізалятар. Сярод іх уласніца кватэры, якую здымаў мужчына, — пенсіянерка Алена Касцевіч, а таксама яе сын Аляксандр, які займаўся пытаннямі арэнды.

У аб'яднанні былых сілавікоў Беларусі BYP*L назвалі тое, што адбылося, інсцэніроўкай, у якой ролю «замежніка» адыграў супрацоўнік КДБ.