У «тэрарыста» з Гродна знайшоўся новы пашпарт, такія выдаюць у КДБ

У «ліквідаванага замежніка» з Гродна, які, на думку беларускага рэжыму, рыхтаваў тэракты і меў фальшывы расійскі пашпарт (а па версіі BYP*L, насамрэч з'яўляецца супрацоўнікам КДБ), меўся яшчэ адзін падроблены дакумент. Гісторыя, якую шылі белымі ніткамі.

Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа

Неўзабаве пасля паведамлення аб «ліквідацыі іншаземца» ў Гродне 19 сакавіка беларускія ўлады заявілі, што мужчына меў падроблены расійскі пашпарт на імя Аляксея Ламакіна. Ён нібыта рыхтаваў тэракты на прамысловых прадпрыемствах і супраць сілавікоў і кіраўніцтва Гродзенскай вобласці.У аб'яднанні былых сілавікоў Беларусі BYP*L назвалі тое, што адбылося, інсцэніроўкай, у якой ролю «замежніка» адыграў супрацоўнік КДБ Аляксей Захараў. У арганізацыі сцвярджаюць, што ён працуе ў аператыўна-пошукавым аддзеле УКДБ па Віцебскай вобласці (служба вонкавага назірання).
Па версіі BYP*L, прадстаўленая ў дзяржСМІ гісторыя не адпавядае рэчаіснасці, а адзіная сапраўдная інфармацыя, агучаная беларускімі ўладамі, — тое, што пашпарт грамадзяніна Расіі быў падробленым.
«Кіберпартыз*ны» пацвердзілі «Медыяз*не», што фота з пашпарта Ламакіна на 99,96% супадае з фатаграфіяй Захарава. Таксама яны распавялі, што ў меркаванага супрацоўніка КДБ ёсць яшчэ адзін пашпарт на імя Аляксея Сямёнава. Па сцвярджэнні актывістаў, гэты дакумент падроблены, бо запіс аб ім закрыты ў базе АІС: так звычайна робяць для супрацоўнікаў міліцыі і агентаў спецслужбаў.

teror2_2.jpg

Акрамя гэтага, у Сямёнава ў базе няма гісторыі змены пашпартоў і адсутнічае пасведчанне аб нараджэнні, сцвярджаюць «Кіберпартыз*ны». Па іх дадзеных, ідэнтыфікацыйныя нумары Сямёнава і Захарава адрозніваюцца на дзве лічбы, а даты нараджэння і імя-імя па бацьку супадаюць.
Журналісты папрасілі «Кіберпартыз*наў» праверыць фота людзей, падобных на Захарава, якія выданне знайшло праз сэрвіс пошуку двайнікоў. ПЗ, якім карыстаюцца актывісты, не паказала іх падабенства з супрацоўнікам КДБ.
Нагадаем, днём 19 сакавіка ў Гродне былі чуваць выбухі і страляніна, з'яўлялася інфармацыя і пра затрыманні. Пазней КДБ паведаміў аб «ліквідацыі замежніка», які, па версіі сілавікоў, планаваў тэракт і аказаў супраціў «з выкарыстаннем аўтаматычнай зброі і шляхам падрыву баявых гранат».
Па заяве ўладаў, яго закінулі з Польшчы «збеглыя экстрэмісты». Ён нібыта рыхтаваў тэракты на прамысловых прадпрыемствах і супраць сілавікоў і кіраўніцтва Гродзенскай вобласці.
КДБ узбудзіў крымінальную справу за падрыхтоўку да здзяйснення акта тэрарызму. Пяць чалавек змешчаны ў следчы ізалятар.