«Грандыёзны правал сілавікоў». Карбалевіч — пра магчымае забойства тэрарыста ў Гродне

Палітолаг Валерый Карбалевіч аналізуе версіі інцыдэнта з удзелам сілавікоў у Гродне — як рэагуюць так званыя ўлады і што гавораць у апазіцыйных структурах. І тая, і другая версіі выклікаюць пытанні, піша ён на «Свабодных навінах плюс».

Калі афіцыйная версія пра тэрарыста праўда, то гэта сур'ёзны правал КДБ. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Калі афіцыйная версія пра тэрарыста праўда, то гэта сур'ёзны правал КДБ. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Гора! Гора краіне, якую штодня ратуюць.

Мадам дэ Сталь


Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, у Беларусі абясшкодзілі чарговага тэрарыста. І зноў замежніка, засланага ворагамі, каб парушыць мірную працу беларускага народа. Не паспела Беларусь пераварыць інфармацыйны выбух вакол нападу на самалёт у Мачулішчах «украінскага дыверсанта», як краіну накрыла новая «тэрарыстычная» хваля.

Гэтыя падзеі закліканы пацвердзіць сцвярджэнне Лукашэнкі, што Беларусь — абложаная крэпасць, вакол ворагі, унутры «спячыя экстрэмісцкія ячэйкі», якія імкнуцца зладзіць тэракты, дыверсіі і інш.

Такім чынам, калі верыць афіцыйнай інфармацыі, 19 сакавіка ў Гродне ў выніку штурму супрацоўнікамі КДБ кватэры быў забіты тэрарыст, які рыхтаваў тэракты ў горадзе. Злачынец нібыта адстрэльваўся з аўтамата і кідаў гранаты.

Аднак у версіі ўладаў ёсць шмат нестыковак. Напрыклад, з аднаго боку, паводле заявы Лукашэнкі, у Гродне забіты «закінуты да нас замежны тэрарыст».

Спецслужбы паведамляюць, што асоба гэтага чалавека не ўстаноўлена. Калі не ўстаноўлена, то як можна нешта гаварыць пра грамадзянства невядомага чалавека?

Дарэчы, у забітага знойдзены пашпарт грамадзяніна Расіі. І звязваўся ён з гаспадаром арандаванай кватэры ў месенджары з расійскага нумара. І, дарэчы, нагадаю, затрыманы «ўкраінскі дыверсант», які ажыццявіў напад на самалёт у Мачулішчах, прыехаў у Беларусь з Расіі. Факты самі па сабе цікавыя.


Паводле афіцыйнай версіі, забіты тэрарыст нібыта быў засланы ў Беларусь з Польшчы. З паведамленняў не да канца зразумела, хто стаіць за спінай гэтага злавеснага злачынца: ці то беларускія «збеглыя», ці то польскія службы.

Наогул тэрарыст аказаўся вельмі дзіўным. Ён няўмела маскіраваўся, апранаў прыкметныя парыкі, якія робяць чалавека вельмі запамінальным для навакольных. Таксама злачынец глушыў алкаголь, які яму прывозілі таксісты. Такая дзіўная канспірацыя. Гэта значыць, рабіў усё, каб яго запомнілі як мага больш людзей.

Лукашэнка пахваліў дзеянні сілавікоў — маўляў, яны спрацавалі выдатна. Аднак якраз праца сілавых структур выклікае цэлы шэраг пытанняў.

Як злачынец па падробленым пашпарце змог перасячы польска-беларускую мяжу? Як жа нашы доблесныя памежнікі дапусцілі такі пракол?

Паводле інфармацыі дзяржСМІ, за тэрарыстам сачылі, яго «вялі». 18 сакавіка невядомы мужчына накіраваўся ў бок адной са схованак са зброяй на 38-мы кіламетр трасы Гродна — Астрына. Там была схаваная торба з аўтаматам Калашнікава, патронамі да яго і баявымі гранатамі. Забраўшы зброю, ён накіраваўся ў Гродна на здымную кватэру.

Адкуль узялася схованка з цэлым арсеналам зброі? Ён прывёз яе з Польшчы? Тады ўзнікаюць дадатковыя пытанні да памежнікаў. Цяпер у людзей, якія перасякаюць мяжу, правяраюць нават тэлефоны. А тут арсенал зброі.

Ці зброю дасталі тут, у Беларусі? Тады пытанні да КДБ, які займаецца паводле сваіх абавязкаў пошукамі тэрарыстаў (сапраўдных, а не прыдуманых) і незаконным абаротам зброі.

І пра саму аперацыю. Вышэйшы пілатаж у працы спецслужбаў — гэта калі злачынца затрымліваюць ціха, спакойна, без стрэлаў, каб ён нават пісталет не паспеў дастаць. А тут наладзілі сапраўдны бой у абласным цэнтры, стралялі з аўтамата, кідалі гранаты. Навошта трэба было штурмаваць кватэру, калі яго можна было ўзяць раней, падчас вяртання ў Гродна? Прычым узяць жывым, каб ён расказаў, хто ён, хто за ім стаіць, дзе дастаў зброю і многае іншае. Забіць чалавека — шмат розуму не трэба.

Таму, калі зыходзіць з афіцыйнай версіі, то ўся аперацыя — грандыёзны правал сілавікоў, верх непрафесіяналізму. Але праблема ў тым, што ўсе спецслужбы даўно пераарыентаваныя на барацьбу з апазіцыяй, удзельнікамі пратэстаў. Затрымаць мірнага абывацеля, збіць, прымусіць каяцца на камеру — вось гэта рабіць навучыліся. З рэальнымі ж тэрарыстамі (калі гэта сапраўды тэрарыст) змагацца развучыліся. Таму і зладзілі пабоішча ў горадзе.


Апазіцыйная арганізацыя былых сілавікоў «BYP*L» лічыць, што ўся аперацыя па абясшкоджванні злачынца — гэта інсцэніроўка, а ролю «тэрарыста» выконваў супрацоўнік КДБ, прозвішча і фота якога яны ідэнтыфікавалі.

Версія «BYP*L» цікавая. Але калі браць яе за аснову, то ўзнікае не менш пытанняў. Напрыклад, галоўнага фігуранта сапраўды забілі ці насамрэч ён жывейшы за ўсіх жывых? І самае галоўнае пытанне — навошта ўсё гэта трэба ўладам?

Вельмі верагодна, што ўлады ўсё прыдумалі постфактум, калі падзеі з нейкай прычыны выйшлі з-пад кантролю і сталі развівацца ў неспадзяваным кірунку. Невыпадкова падрабязнасці здарэння ў Гродне ўлады паведамілі толькі праз двое сутак. Быццам рыхтавалі праўдападобную версію.

Улады спрабуюць атрымаць з падзей у Мачулішчах і Гродне максімум палітычных дывідэндаў. Яны імкнуцца прадставіць сілавыя структуры ў гераічным святле, як абаронцаў народа ад розных злыдняў.

Але, з іншага боку, гэтыя падзеі руйнуюць міфалагему пра мірную, спакойную краіну, дзе ўсё пад кантролем, пануе парадак, мір, спакой, стабільнасць і бяспека. Два тэракты за месяц — гэта залішне. Беларусь ператвараецца ў небяспечнае месца, якога лепш пазбягаць.