Вольга Севярынец: «Лёс гарачымі кропкамі расстаўляе акцэнты кахання»

Жонка палітвязня Паўла Севярынца падзялілася тэкстам, які напісала яшчэ ў 2020 годзе. Ён і сёння гучыць моцна і прыгожа. 

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

Я ведала, што Павел будзе маім мужам.
Калі мы пазнаёміліся, мне было 17 год. Сябар, які здымаў з ім кватэру, запрасіў у госці глядзець “Плошчу” і я ўбачыла Пашу. Добра памятаю гэты момант і яго вочы. Відаць, у іх ужо тады можна было угледзець усё наша жыццё…
Лёс гарачымі кропкамі расстаўляе акцэнты кахання. Здаецца, у жыцці так і не бывае – гэта ж кніга, раман! І наступную старонку перагарнуць, то зацінае дых ад шчасця, то ад болю.  
Растанне спачатку лічыш гадзінамі, днямі, пасля месяцамі, камусьці давялося лічыць гадамі. 100 дзён. Зноў проста быць побач уяўляецца чымсьці неверагодным. Прыйшла любоў доўгацярплівая.
Успаміны ўцякаюць. У грудзях дзірка з палову душы. Здаецца, адной думкай можна разбурыць бетонныя сцены турмы. Каханне – гэта выбар. Я выбіраю кахаць.
Сілюся ўзгадаць самы шчаслівы дзень у нашых стасунках – вянчанне, нараджэнне дзетак? А перад вачамі момант, калі ён вяртаецца дадому. Я пазнаю яго па кроках, адчыняю дзверы і вось ён ідзе.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

Самыя ўтульныя сямейныя вечары перад суткамі. Добра, калі ёсць да каго вяртацца, добра, калі ёсць каго чакаць.
Я заўсёды мушу быць гатовай сказаць яму: “Ідзі”. Я хачу зразумець яго адказнасць і ахвярнасць. У маім каханні мне хочацца набыцца з ім удосталь, у маім каханні мне трэба быць гатовай адпусціць яго. Яго душа – гэта мая душа.
Ад моманту нашай першай сустрэчы да вянчання прайшло пяць год. Я слухала Пашын голас з праграмы Свабоды ў слухаўках, гуляючы па Свіслачы, ён сядзеў у Амерыканцы. Дзівоснае адчуванне – разумець, што дзесьці ёсць чалавек, якому наканавана быць часткай твайго жыцця.
Тры гады “хіміі” у Купліне. У закратаваным інтэрнаце на другім паверсе была Пашына “камера” – пакой з двух’яруснымі ложкамі, малюсенькі стол. Месца зняволення, а ўспаміны ўтульныя – суворая турэмная рамантыка. Аднойчы прыехала, адчыніліся рыпучыя дзверы ў пакой назіральніка, паварочваюся, а Паша стаіць у белай кашулі, чорных акулярах і… без вусоў. Мой любімы беларускі Джэймс Бонд.
Прапанова на Плошчы Волі пад званы храмаў. Заручальны пярсцёнак. Вянчаліся зімой, праз 3 месяцы пасля вызвалення з “хіміі”. 11 студзеня. Елкі з сінімі гірляндамі ля алтара. Поўны касцёл сяброў. У здымнай кватэры, дзе мы жылі першы час, ад гаспадароў засталася карціна, такая ж як вісела ў куплінскім пакоі – Маленне аб чашы. Хай будзе воля Твая…
Праз год нарадзіўся Янка. Залаты хлопчык. Ён паміраў у шпіталі побач, а Паша запальваў пад вокнамі радзільні аганькі, пускаў ноччу феерверкі, застаўляў усё кветкамі і ішоў на ўсю ноч сядзець у холе лякарні, каб быць бліжэй да маленькага. Чарговая гарачая кропка кахання.
“Што такое жыццё ваша? Пара, якая з’яўляецца на кароткі час, а потым знікае”.
Каханне спее ў штодзённасці, загартоўваецца ў выпрабаваннях, дасканаліцца. Што я яшчэ магу зрабіць для цябе проста зараз? “А давай мандарынку на дваіх?” У Бога – чым далей, тым лепш, значыць няма межаў шчасцю. Бяры колькі хочаш. А зараз чакай.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

І мы чакаем – ужо не толькі каханага мужа, але і тату, які падкідае да самай столі, бясконца выдумвае гульні, навучыць маліцца. Францішак, сур’ёзна, гледзячы татавым позіркам, просіць перадаць яму ў лісце “Зыве Беўаусь!” Канечне жыве, Францішак, і будзе жыць!
Бог вядзе нас Сваім шляхам і мы ідзем. Я ўдзячная, што магу ісці побач з Пашам. 7 год. “Пячаткай пакладзі мяне на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсцёнак”. Напоўненыя дабраславеннем дні. Кожнаму патрэбны чалавек, які заўсёды будзе на тваім баку.
Бог ужо вызначыў той дзень, калі мы ўбачымся зноў.
І дзень, калі мы пераможам, таксама.