Сейм Літвы прагаласаваў за розныя санкцыі супраць беларусаў і расіян
За адмену прэзідэнцкага вета прагаласавала 99 дэпутатаў Сейму Літвы, і толькі сем — супраць. Кіраўнік МЗС Літвы нагадваў, што ў 2020 годзе на барацьбу з рэжымам у Мінску выйшлі сотні тысяч чалавек. Такіх спробаў змагацца ў Расіі не было бачна. Таму нельга ўжываць аднолькавыя падыходы да расіян і беларусаў. Цяпер Сейм пагадзіўся з гэтым канчаткова.

Сейм Літвы адхіліў вета прэзідэнта Гітанаса Наўседы і канчаткова пацвердзіў, што Літва ўводзіць розныя нацыянальныя санкцыі супраць грамадзян Расіі і Беларусі ў выніку вайны ва Украіне.
За прыняцце закона без прапанаваных прэзідэнтам паправак прагаласавалі 99 сябраў Сейма, супраць — 7, двое ўстрымаліся.
У выніку ўлады Літвы не будуць рабіць больш жорсткімі правілы падачы заявак на выдачу часовых відаў на жыхарства (ВНЖ) для грамадзян Беларусі.

Нагадаем, днямі міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што будзе заклікаць дэпутатаў Сейма адхіліць вета прэзідэнта Гітанаса Наўседы, накладзенае на закон аб абмежаваннях для беларусаў і расійцаў.
Ландсбергіс нагадаў, што перад тым, як закон быў прыняты, у Літве на гэты конт пару месяцаў вялася дыскусія. Тады было вырашана, што «ў дачыненні да расійскіх грамадзян, якія ўязджаюць у Літву, на мяжы прымяняюцца дадатковыя праверкі, якія адпавядаюць устаноўленым шэнгенам патрабаванням. У дачыненні да грамадзян Беларусі такога прымянення няма».
Таму кіраўнік МЗС Літвы нагадаў: «Мы ўсе раней дамовіліся, што беларускае грамадства мы ацэньваем як тое, якое змагалася за сваю свабоду, дэмакратыю, нягледзячы на тое, што гэта — палітычныя паняцці, тым не менш мы разумеем, што за гэтым стаіць практычнае значэнне. У 2020 годзе на барацьбу з рэжымам у Мінску выйшлі сотні тысяч чалавек. Такіх спробаў змагацца ў Расіі мы не бачым», — канстатаваў Ландсбергіс. Ён лічыць, што розны падыход да беларусаў і расіян у рамках рэжыму нацыянальных абмежаванняў цалкам вытлумачальны.