Кожны дзясяты: Беларусаў за гады кіравання Лукашэнкі стала менш на мільён

Унікальнасць беларускай сітуацыі — досыць вялікі паток палітычнай міграцыі. Асабліва кепска, што колькасць людзей у працаздольным узросце ў Беларусі памяншаецца значна хутчэй, чым агульная колькасць беларусаў. Да таго ж цяпер і нараджальнасць на гістарычным мінімуме.

_minsk___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Насельніцтва РБ скарацілася за год на 55 тысяч чалавек нават паводле афіцыйнай статыстыкі. Ці дакладныя падлікі ўладаў, спытала ў экспертаў «Нямецкая хваля».

Насельніцтва Беларусі на пачатак 2023 года складала 9 200 617 чалавек, што амаль на 55 тысяч менш, чым летась. Такія даныя Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў у канцы сакавіка. Аднак некаторыя эксперты мяркуюць, што пры падліках не ўлічвалася міграцыя з РБ, якая актывізавала пасля 2020 года. Ці можна казаць, што беларусаў, якія пражываюць у краіне, ужо менш за дзевяць мільёнаў?

За амаль 30 гадоў жыхароў краіны стала менш на мільён

Беларускі палітолаг, дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч адзначае, што за гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі насельніцтва РБ нават паводле афіцыйных звестак скарацілася на мільён чалавек. «У 1994 годзе насельніцтва Беларусі складала 10 мільёнаў 243 тысячы чалавек, цяпер — крыху больш за 9 мільёнаў 200 тысяч. Улады могуць адзначыць своеасаблівы юбілей», — кажа Казакевіч.

Пры гэтым палітолаг звяртае ўвагу, што, верагодна, статыстыка, апублікаваная ў пачатку 2023 года, не ўлічвае людзей, якія эмігравалі з РБ у апошні час, а таксама тых, хто пакідае краіну перыядычна, да прыкладу, выязджае на сезонныя працы. Паводле яго слоў, рэальная колькасць насельніцтва «цалкам можа быць менш за дзевяць мільёнаў».

Казакевіч адзначае, што памяншэнне насельніцтва з-за скарачэння нараджальнасці і знешняй міграцыі характэрна амаль для ўсіх краін рэгіёна, унікальнасць беларускай сітуацыі — досыць вялікі паток палітычнай міграцыі.

«З 2020 года не менш за 70 тысяч чалавек выехала менавіта праз наўпроставы палітычны пераслед», — дзеліцца звесткамі эксперт. Да гэтай лічбы, з ягоных слоў, варта дадаць тых, хто з'язджаў, бо «не бачыць перспектыў», а таксама «праз нязгоду з уладамі», пагаршэнне эканамічнай сітуацыі і вайны ва Украіне.

«Калі мы ўлічым пікі міграцыі ў 2021-2022 годзе, у ЕС выехала 170-180 тысяч чалавек, нейкая колькасць з'ехала ў Расію, Грузія таксама была месцам прыцягнення беларускай міграцыі», — адзначае Казакевіч.

Колькасць працаздольнага насельніцтва зніжаецца

«Міграцыя з Беларусі працягваецца, але казаць, што беларусаў засталося менш за дзевяць мільёнаў, хутчэй за ўсё, заўчасна», — лічыць эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

Ён звяртае ўвагу на тое, што міграцыйныя патокі адсачыць даволі складана і казаць можна толькі пра «нейкія мінімальныя і максімальныя значэнні». «З 2020 года з'ехала дакладна больш за 50 тысяч чалавек, але, хутчэй за ўсё, — менш за 200 тысяч», — мяркуе Львоўскі.

Эксперт лічыць, што ад'езд такой колькасці людзей паўплываў на асобныя індустрыі: «Гаворка ідзе пра IT, таксама гэта тычыцца лекараў і часткі прадпрымальнікаў».

На яго думку, такі ўзровень знешняй міграцыі «дадае негатыву» да неспрыяльнага дэмаграфічнага фону ў Беларусі, дзе колькасць працаздольнага насельніцтва і так зніжаецца натуральным чынам.

«Колькасць людзей у працаздольным узросце памяншаецца значна хутчэй, чым агульная колькасць беларусаў», — канстатуе эксперт. Гэта выклікае «зрушэнне попыту і прапановы на рынку працы»: больш попыту на паслугі, якія неабходныя пажылому насельніцтву, у першую чаргу, медыцынскія, менш — на паслугі для маладых і беларусаў сярэдняга ўзросту.

Нараджальнасць на гістарычным мінімуме

«Другая праблема заключаецца ў тым, што ў нас усё яшчэ салідарная пенсійная сістэма (пакаленне, якое працуе, плаціць за тых, хто ўжо выйшаў на пенсію. – Рэд.)», — адзначае Львоўскі.

На яго думку, яшчэ адна «крыніца дэмаграфічных праблем у беларускай эканоміцы» — тое, што «насельніцтва старэе не лінейна», гэта значыць для Беларусі яшчэ з часоў Другой сусветнай хвалі характэрныя так званыя «дэмаграфічныя хвалі».

Між тым, Андрэй Казакевіч адзначае яшчэ адзін фактар, які ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі: нараджальнасць у краіне, па яго выразе, «знаходзіцца на гістарычных мінімумах за ўвесь пасляваенны перыяд».

Па словах Казакевіча, сусветны вопыт паказвае, што адміністрацыйныя меры і метады эканамічнага стымулявання, да якіх спрабуюць звяртацца беларускія ўлады, у пытаннях нараджальнасці «абсалютна не працуюць».

«Нараджальнасць у развітых урбанізаваных краінах скарачалася ўсе апошнія дзесяцігоддзі, — кажа палітолаг. — Краіны, у якіх расце насельніцтва, развязваюць дэмаграфічныя праблемы за кошт замежнай міграцыі, яны прыцягваюць працоўныя рэсурсы з іншых дзяржаў».

Пераклад «НЧ»