Урад Літвы: Пашпарт замежніка можна зрабіць за 5 дзён, але кожны выпадак будзе разглядацца індывідуальна

Эвеліна Гудзінскайце расказала «Свабодзе», хто з беларусаў можа разлічваць на пашпарт замежнага грамадзяніна і як яго можна зрабіць.

Фота «Свабоды»

Фота «Свабоды»

Пасьля рашэньня беларускіх уладаў не выдаваць беларускія пашпарты за мяжой актуальным стала пытаньне пашпарту замежнага грамадзяніна. Гэта трэвэл-дакумэнт, які выдаецца на падставе часовага дазволу на жыхарства на час тэрміну ягонага дзеяньня.

«Раней было няшмат беларусаў, якія атрымлівалі пашпарт замежнага грамадзяніна»

Раней такім дакумэнтам карысталася няшмат грамадзянаў РБ, летась толькі 16 чалавек захацелі яго атрымаць.

«5 чалавек за год бывала, летась іх было 16, не было патрэбы ў такім дакумэнце. У Літве цяпер жыве не адна тысяча беларусаў, якія выехалі і ня могуць вярнуцца на радзіму. Рана ці позна ў іх скончацца пашпарты, і ім спатрэбіцца іншы дакумэнт. Тэарэтычна, калі ўсе дакумэнты ў парадку, працэдура падрыхтоўкі пашпарту замежнага грамадзяніна займае 5 дзён. Для гэтага трэба зарэгістравацца на партале міграцыі, прыкласьці доказы і тлумачэньні, якія яны маюць і якія кажуць, што гэтыя людзі ня могуць вярнуцца ў Беларусь», — кажа дырэктарка міграцыйнай службы Літвы.

У Дэпартамэнце па міграцыі чалавеку трэба паказаць арыгіналы ўсіх дакумэнтаў, уключна з тымі, якія сьведчаць пра ягоны перасьлед.

Эвэліна Гудзінскайце падкрэсьлівае, што такі дакумэнт выдаецца на падставе дзеючага дазволу на жыхарства. Такі дазвол не абавязкова павінен быць гуманітарны. Чалавек з працоўным дазволам альбо з дакумэнтам іншага тыпу таксама можа на яго разьлічваць.

«Кожную такую просьбу мы будзем разглядаць індывідуальна. На падставе гэтага разгляду будзе прынятае рашэньне. Чалавек павінен паказаць усё, што мае, доказы таго, што яму нельга вяртацца. Гэта можа быць папера аб крымінальнай справе ці доказы, што чалавека перасьледавалі, што да яго прыходзілі ці шукалі. Магчыма, нейкія фатаздымкі ці інфармацыя ў інтэрнэце. Каб чалавек давёў, чаму ён баіцца вяртацца», — кажа Эвэліна Гудзінскайце.

Спадарыня Гудзіскайце раіць падаваць дакумэнты ў тэрмін і не чакаць апошняга дня.


Глядзіце таксама

«Калі дзіця ня мае ніякіх дакумэнтаў, мы будзем разглядаць гэтую сытуацыю»

«Варта сьпярша падоўжыць ДНЖ і пасьля ўжо атрымліваць пашпарт замежніка, каб ён даўжэй дзейнічаў. Калі ўсё рабіць у час, то праблемы з тэрмінамі ня будзе», — кажа дырэктарка Дэпартамэнту.

Спадарыня Гудзінскайце дадае, што праблема з дакумэнтамі можа ўзьнікнуць у малых дзяцей, якія нарадзіліся ў Літве, чые бацькі ня могуць паехаць у Беларусь празь перасьлед.

«Найперш я думаю пра дзяцей, якія нараджаюцца ў Літве. Яны, натуральна, ня будуць мець пашпарту. Гэтыя сытуацыі мы будзем вырашаць індывідуальна. У такім выпадку трэба будзе пісаць прозьбу, тлумачыць сытуацыю, чаму немагчыма атрымаць пашпарт для дзіцяці. Тады Дэпартамэнт будзе разглядаць гэтую сытуацыю. І, магчыма, мы прымем прозьбу атрымаць дазвол на пражываньне і бязь дзеючага пашпарту», — тлумачыць Эвэліна Гудзінскайце.


Глядзіце таксама

«Зрабіць альтэрнатыўны беларускі пашпарт — цікавы выклік»

На думку дырэктаркі Дэпартамэнту, рашэньне беларускіх уладаў не рабіць пашпарты за мяжой — гэта для беларусаў замежжа праблема. Але яна дадае, што многія эўрапейскія краіны выдаюць пашпарты замежнікаў, і «гэтыя праблемы можна вырашыць».

Што да ініцыятывы беларускіх дэмакратычных сілаў — зрабіць альтэрнатыўныя пашпарты, то гэта, на думку літоўскай чыноўніцы, задача цяжкая, але магчымая.

«Вельмі складана, бо шмат краінаў павінныя прызнаць такі дакумэнт. Кожная краіна мае свой сьпіс дакумэнтаў, якія яна прызнае. Аднак гэта магчыма. Дакумэнт павінен адпавядаць стандартам. Вядома, з пункту гледжаньня права гэта цікавая сытуацыя, але мы і жывём цяпер у цікавых абставінах. Таму гэта рэальна», — кажа Эвэліна Гудзінскайце.