«У лютасці і крыху ў паніцы». Беларусы ў Сербіі баяцца пацярпець ад «пашпартнага ўказа» Лукашэнкі

Беларусы ў Бялградзе, з якімі паразмаўляла балканская служба «Радыё Свабода», лічаць, што ўлады Сербіі наўрад ці будуць занадта цікавіцца іх праблемамі з-за невялікіх маштабаў беларускай дыяспары і сваіх сімпатый да ўлад Расіі і Беларусі.

Фота «Свабоды»

Фота «Свабоды»

«Я ў лютасьці і крыху ў паніцы», — такімі словамі грамадзянка Беларусі, якая назвалася Анастасіяй К., камэнтуе рашэньне аўтарытарнага рэжыму краіны спыніць выдачу пашпартоў беларусам, якія жывуць за мяжой, у дыпляматычных прадстаўніцтвах.

Анастасія ўжо амаль год жыве ў Сэрбіі. Яна папрасіла не публікаваць сапраўднае імя з-за асьцярогаў адплаты з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, магчымых на фоне яе ўдзелу ў антырэжымных дэманстрацыях у папярэднія гады.

«Я брала ўдзел у акцыях пратэсту перад амбасадай Беларусі ў Расеі і публікавала ў сацыяльных сетках шмат кантэнту, які там (у Беларусі) лічыцца «экстрэмісцкім», таму ў выпадку вяртаньня я рызыкую апынуцца ў турме ці ізаляцыі. Мне страшна», — кажа Анастасія.

Яна пакінула радзіму ў кастрычніку 2022 году, праз 8 месяцаў пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Паводле яе словаў, падчас знаходжаньня ў Сэрбіі ў яе не было неабходнасьці карыстацца консульскімі паслугамі, паколькі яе пашпарт дзейнічае да 2027 году. У сьвятле новых абставінаў яна больш беражліва карыстаецца гэтым дакумэнтам.

«Калі зь ім нешта здарыцца, у мяне ня будзе іншага выбару, акрамя як вярнуцца дадому і рызыкаваць сваёй фізычнай бясьпекай. Тое ж самае адбываецца з большасьцю юрыдычных дакумэнтаў і апастылем на іх», — кажа Анастасія.

Новае правіла выдачы беларускага пашпарту распаўсюджваецца і на ўсе астатнія дакумэнты.

Вяртаньне азначае турму

Зьміцер сёньня жыве з падобнымі страхамі. Ён пражывае ў Сэрбіі з кастрычніка 2022 году і назваўся журналістам толькі па імені, таксама баючыся за сваю бясьпеку.

«Я сядзеў у турме 13 дзён у 2020 годзе, падчас пратэстаў — таму я да гэтага часу ў полі зроку [рэжыму]. Гэта значыць, што мяне могуць арыштаваць адразу на мяжы», — тлумачыць Зьміцер.

Ён інтэрпрэтуе новую бюракратычную працэдуру ў Беларусі як акт помсты Лукашэнкі супернікам рэжыму ў Менску, да якіх беларускі ўрад ня можа дагрукацца.

«Такім чынам, ён спрабуе ўскладніць ім жыцьцё за мяжой і прымусіць іх вярнуцца ў Беларусь», — лічыць Зьміцер.


Глядзіце таксама

Сёньня ён працуе ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў у Бялградзе і мае часовы від на жыхарства. Хаця тэрмін дзеяньня ягонага пашпарту заканчваецца празь пяць гадоў, ён разглядае альтэрнатыўныя варыянты.

«Для мяне гэта азначае, што мне варта больш канкрэтна паглядзець на магчымасьць атрыманьня новага грамадзянства (у Сэрбіі ці ў іншай краіне)», — кажа Зьміцер.

Былы амбасадар Сэрбіі ў Беларусі Срэчка Джукіч распавёў, што рашэньне афіцыйнага Менску зьяўляецца яшчэ адным крокам да закрыцьця гэтай краіны. Ён дадае, што грамадзяне, якія не жадаюць вяртацца ў Беларусь, практычна застаюцца без грамадзянства.

«Я думаю, што яно накіраванае ў першую чаргу на беларускую апазыцыю, якая вельмі шматлікая і ўжо даўно знаходзіцца ў суседніх краінах Балтыі ці ў іншых краінах Эўропы», — сказаў Джукіч.

«Магчымае вяртаньне беларускіх мігрантаў пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня іх пашпартоў будзе азначаць турэмнае зьняволеньне. Такім чынам, яны будуць своеасаблівымі асобамі без грамадзянства, і гэта стане праблемай для Эўропы. Я думаю, што з Сэрбіі нямала такіх людзей пераедзе ў ЭЗ», — лічыць Срэчка Джукіч.

У МУС Сэрбіі не адказалі на запыт выданьня аб тым, колькі грамадзянаў Беларусі зараз пражываюць у краіне па часовым відзе на жыхарства, а таксама колькі прыехала ў Сэрбію пасьля антырэжымных пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Не паступіла адказу і з амбасады Беларусі ў Бялградзе.

Паводле даных камэрцыйнай базы даных «Checkpoint», у пэрыяд з 1 чэрвеня 2020 году па 11 верасьня 2023 году ў Сэрбіі зарэгістраваныя 183 суб’екты, заснавальнікі якіх — выхадцы зь Беларусі. Зь іх 118 зарэгістраваныя як прадпрымальнікі, 64 як асобы з абмежаванай адказнасьцю і адзін як прадстаўніцтва замежнай юрыдычнай асобы.

Анастасія лічыць, што беларуская абшчына ў Сэрбіі невялікая, і яна ня думае, што сэрбскія ўлады будуць занадта цікавіцца іх праблемамі.

Зьміцер прытрымліваецца таго ж меркаваньня.

«Нават калі гэты новы пашпарт Беларусі [дакумэнт прапанаваны Габінэтам Сьвятланы Ціхноўскай] пачне дзейнічаць, я ня ўпэўнены, што краіны Заходніх Балканаў па-за межамі ЭЗ (Сэрбія, Чарнагорыя) прызнаюць гэты новы асабісты дакумэнт. Асабліва ў Сэрбіі, дзе многія людзі ва ўладзе адчуваюць сымпатыі да [рэжымаў] Расеі і Беларусі», — кажа Зьміцер.

Паводле яго словаў, ідэя альтэрнатыўнага пашпарту «ня мае шанцаў» быць прынятай сэрбскімі ўстановамі.

У МЗС Сэрбіі не адрэагавалі на тэрміновы запыт журналістаў аб пазыцыі міністэрства наконт ідэі выдачы альтэрнатыўнага пашпарту грамадзянам Беларусі.


Глядзіце таксама

Адносіны паміж Бялградам і Менскам

Сэрбія — адна зь нямногіх эўрапейскіх краінаў, якая не ўвяла санкцыі супраць Расеі пасьля таго, як Крэмль пачаў уварваньне ва Ўкраіну.

Афіцыйны Бялград час ад часу выконваў санкцыі, якія краіны ЭЗ увялі супраць рэжыму ў Менску ў адказ на рэпрэсіўныя меры рэжыму супраць прыхільнікаў апазыцыі і журналістаў.

Пасьля далучэньня да санкцыяў ЭЗ у сьнежні 2021 году ў адказ Савет міністраў Беларусі празь месяц прыняў рашэньне ўвесьці санкцыі на імпарт прадуктаў харчаваньня з Сэрбіі.

Аднак з таго часу, як у 2012 годзе да ўлады ў Сэрбіі прыйшла кіроўная Сербская прагрэсіўная партыя, вышэйшыя чыноўнікі захавалі сяброўскія адносіны з Лукашэнкам.

Апошні раз Лукашэнка наведваў Бялград у 2019 годзе. Пры гэтым ён заявіў, што Беларусь падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Сэрбіі і разьлічвае на «падтрымку Сэрбіі ў прынцыповых для нас пытаньнях».

Беларусь не прызнала незалежнасьць Косава, былой аўтаномнай правінцыі Сэрбіі, абвешчанай у 2008 годзе. Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч падзякаваў Лукашэнку за гэта падчас ягонага візыту ў Бялград у канцы 2019 году.

«З таго часу, як прэзыдэнт Лукашэнка быў лідэрам Беларусі, ніколі не здаралася, каб Беларусь галасавала супраць Сэрбіі», — сказаў Вучыч з гэтай нагоды.

На дадзены момант Сэрбія падтрымала 9 з 25 заяваў ЭЗ супраць рэжыму ў Беларусі.

Падчас масавых пратэстаў супраць рэжыму ў 2020 годзе Сэрбія падпісала дэклярацыю ЭЗ, у якой гаварылася, што грамадзяне Беларусі «праявілі імкненьне да дэмакратычных пераменаў» падчас выбарчай кампаніі, але прэзыдэнцкія выбары «не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі».

Аднак прэмʼер-міністар Сэрбіі Ана Брнабіч пазьней заявіла, што спадзяецца, што Аляксандар Лукашэнка «ня будзе пярэчыць супраць» Сэрбіі.