Адмірал NATO: Расія не выйдзе з вайны ва Украіне пераможцам

Ні Расіі, ні Украіне не варта разлічваць на «класічную» перамогу ў вайне, лічыць кіраўнік Ваеннага камітэта NATO адмірал Роб Баўэр. Тым не менш, што б РФ ні рабіла, яна не стане пераможцам. Ёй не дапаможа ані маштабная мабілізацыя, ані напад з Беларусі, які лічаць на гэты момант «малаверагодным». Ідуць 1517-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

654474825_1288375330142209_8766336754983100484_n.jpg

Агулам на працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 206 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 20 красавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 42 штурмы расіян у раёнах Біліцкага, Радзінскага, Дарожнага, Пакроўску, Котліна, Зацішак, Удачнага, Мураўкі, Маладзецкага, Новапаўлаўкі, Філіі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку адбыліся 33 атакі расіян у раёнах Варвараўкі, Дабраполля, Зялёнага, Святапятроўкі, Цвяткова, Залізнічнага, Прылук, Аленаканстанцінаўкі.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 21 атаку паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Сцяпанаўкі, Іллінаўкі, Аляксандра-Шульціна, Навапаўлаўкі і Сафіеўкі.

На Паўднёва-Слабажанскім і Купянскім кірунках армія РФ атакавала па дзесяць разоў на кожным.

* * *

Расійская армія за мінулыя суткі прасунулася ў двух населеных пунктах Сумскай грамады каля мяжы, паведаміў украінскі маніторынгавы праект DeepState. Паводле аналітыкаў, гаворка ідзе пра вёскі Праходы і Таратуціна Краснапольскай пасялковай грамады Сумскага раёна. Таксама расійскія войскі прасунуліся каля вёскі Рэзнікаўка ў Данецкай вобласці.

* * *

Расійскія войскі паменшылі інтэнсіўнасць баявых дзеянняў цягам апошніх двух дзён, аднак гэта не сведчыць аб змене іх намераў, заявіў спікер Групоўкі аб’яднаных сіл Віктар Трэгубаў у эфіры День.LIVE.

Паводле яго слоў, расіяне захоўваюць ціск на Сумскім і Харкаўскім кірунках, у прыватнасці не пакідаюць спроб прасунуцца ў Купянск і стварыць так званую «зону кантролю» ў памежжы. У Генштабе РФ і надалей арыентуюцца на акупацыю Данбаса і актывізацыю на іншых кірунках, адзначыў ён

* * *

У ноч на 20 красавіка Расія атакавала Украіну 142 ударнымі БпЛА тыпу Shahed (у тым ліку рэактыўнымі), Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падоўлена 113 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

У ноч на 20 красавіка расійскія войскі атакавалі Вялікі Бурлук у Харкаўскай вобласці, трапіўшы ў трохкватэрны жылы дом. Пацярпелі 3 чалавекі.

Кіеўскую вобласць у ноч на 20 красавіка атакавалі беспілотнікі, у Браварскім раёне пашкоджаны дамы, ёсць паранены.

Краснадарскі край у РФ зноў апынуўся пад ударам невядомых беспілотнікаў — мясцовыя скардзіліся на абстрэл порта ў Туапсэ, таксама паведамляецца пра атаку на НПЗ.

* * * 

673702800_1959532274657513_1475175115579654544_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі дапускае, што Расія абмяжоўвае доступ да сацсетак, каб прадухіліць бунты з-за абвяшчэння ўсеагульнай мабілізацыі для паўторнага наступу на Украіну або нападу на адну з краін Балтыі. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю, паказаным у эфіры ўкраінскага тэлемарафона ў нядзелю ўвечары.

«Абмежаванне доступу да сацыяльных сетак у РФ звязана не з тым, каб абмежаваць крытыку кіраўніка дзяржавы, а, на мой погляд, больш глыбокая задача — каб не было бунтаў. З-за чаго могуць адбыцца ў паўночнага суседа бунты? З-за некалькіх рэчаў або варыянтаў.

Першае — усеагульная мабілізацыя, вялікая мабілізацыя ў Расіі. Гэта мабілізацыя людзей з цэнтральных гарадоў, уключаючы Маскву, безумоўна, і Санкт-Пецярбург.

Для чаго рабіць такую вялікую мабілізацыю? Для таго, каб паўтарыць наступ, буйны наступ на Украіну. Варыянт Б — для таго, каб з меншымі затратамі і меншымі намаганнямі зрабіць паралельны невялікі наступ туды, дзе можна абмежавацца меншай колькасцю баявых сіл. Чаму? Таму што тая ці іншая дзяржава, напрыклад, Балтыі, не гатовая да моцнага супрацьстаяння», — адзначыў лідар Украіны.

На пытанне, ці спрацуе 5 артыкул NATO ў выпадку нападу на краіны Балтыі, Зяленскі адказаў: «Я лічу, што, можа, і не ўсе краіны хацелі б падтрымліваць (краіны Балтыі – рэд.), але, на мой погляд, у краін NATO не будзе выйсця, інакш не будзе NATO. Ім трэба будзе аб’ядноўвацца і адказваць на тое, што патэнцыйна можа зрабіць Пуцін. Інакш у іх проста больш не будзе саюза».

* * *

Непасрэднай рызыкі наступу з тэрыторыі Беларусі «тут і зараз» не існуе, нягледзячы на тое, што Расія рыхтуе Беларусь да магчымай эскалацыі, паведаміў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі пры СНБА Андрэй Каваленка.

Ён таксама дадаў, што хоць тэарэтычна магчымыя правакацыі ў прымежных раёнах, такія дзеянні стануць фатальнай памылкай для рэжыму Лукашэнкі.

Нагадаем, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што на мяжы Беларусі, паводле даных разведкі, адбываецца будаўніцтва дарог да тэрыторыі Украіны і наладжванне артылерыйскіх пазіцый. Гэта азначае, што Расія зноў будзе спрабаваць уцягнуць у сваю вайну Беларусь.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што так называемая Drone Deal (сдзелка па дронах), якую Украіна прапануе партнёрам, змяшчае як мінімум 10 розных дамоў аб экспарце ўкраінскай зброі.

«У гэтай Drone Deal будзе як мінімум 10 розных дамоў аб тым ці іншым экспарце ўкраінскай зброі, сумесная вытворчасць, будаўніцтва нашых вытворчых ліній, як ва Украіне, так і ў іншых дзяржавах. Гэта таксама частка экспарту, новыя тэхналогіі, якія мы распрацоўваем разам з той ці іншай дзяржавай, дзе яны інвестуюць», — сказаў ён.

Зяленскі распавёў, што спачатку гэтая прапанова была распрацавана ЗША, але не зацікавіла прэзідэнта Дональда Трампа. Цяпер Украіна ўжо мае 10-гадовыя дамовы з трыма ключавымі краінамі Блізкага Усходу — ААЭ, Саудаўскай Аравіяй і Катарам, яны ўключаюць дамоўленасці аб аб’ёме фінансавання на год.

«Запыт у нас ад 11 краін усяго рэгіёна. То бок гэта адзін такі пакет. Другое – гэта мае крокі і ўсёй каманды, гэта еўрапейская частка», — сказаў ён.

У той жа час Уладзімір Зяленскі лічыць, што ўкраінскія кампаніі павінны перш за ўсё экспартаваць сваю зброю на фронт, і толькі пасля гэтага – у партнёрскія краіны.

«Гэта брэнд сёння, made in Ukraine, і каштоўны. Я шмат разоў падкрэсліваю прадстаўнікам прыватнага сектара, і, дарэчы, у большасці прыватны сектар гэта разумее: "Не забывайце, цана гэтага прадукту – не толькі грошы, тэхналогіі, але і жыцці людзей, якія выкарыстоўвалі ваш прадукт, і колькі аператараў загінула"», — сказаў ён.

* * *

Класічная ваенная перамога Украіны або Расіі ў вайне малаверагодная, заявіў кіраўнік Ваеннага камітэта NATO адмірал Роб Баўэр у эфіры Radio NV.

«Класічная ваенная перамога любога з бакоў на дадзены момант малаверагодная. Гэта таму, што зараз на акупаванай тэрыторыі Украіны знаходзіцца 700 тысяч расійскіх салдат», — сказаў Баўэр.

На яго думку, расіян цяжка будзе вывесці і «мы ўсе павінны вынесці з гэтага ўрок».

«Калі б у 2022 годзе мы далі ўсё, калі Украіна вельмі паспяхова адваёўвала сваю тэрыторыю ў расіян у перыяд, скажам, з красавіка па жнівень таго года, і калі б мы далі ўсё, пра што прасілі, то, верагодна, вынік вайны быў бы вельмі-вельмі іншым», — адзначыў адмірал.

У той жа час ён перакананы, што Расія «ўжо прайграла гэтую вайну стратэгічна, што прывяло да таго, што яна стала сатэлітам Кітая». Бо без дапамогі Кітая расіяне не змаглі б працягваць гэтую вайну ва Украіне.

«А з ваеннага пункту гледжання я не магу ўявіць ніводнага сцэнарыя, пры якім Расія магла б выйсці з гэтай вайны пераможцам», — дадаў Баўэр.