Украінскія дронавыя атакі паралізавалі 40% экспартных магутнасцяў Расіі па нафце
З-за украінскіх атак Расія не можа адгружаць каля 2 млн барэляў нафты ў дзень, падлічыла агенцтва Reuters. Дональд Трамп гатовы надаць Украіне гарантыі бяспекі ўзамен на здачу Данбаса, але ціск на Украіну пакуль ні да чаго не прыводзіць. Ідуць 1492-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота GattyImages
На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 158 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 сакавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 44 штурмы расіян ў раёнах Біліцкага, Радзінскага, Мірнаграду, Пакроўску, Котліна, Удачнага, Маладзецкага, Арэхавага, Светлага і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 17 атак у раёнах Гуляйполя, Варвароўкі, Аленаканстанцінаўкі і ў бок Залізнічнага, Мірнага.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак у раёнах Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Новапаўлаўкі і ў бок Іллінаўкі, Тарэцкага.
На Славянскім кірунку УСУ спынілі восем спроб арміі РФ прасунуцца ў раёнах Закітнага, Рэзнікаўкі, Платонаўкі і ў бок Рай-Аляксандраўкі.
* * *
У ноч на 26 сакавіка Расія атакавала Украіну 153 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта або задушана 130 БпЛА. Паветраныя сілы Украіны папярэджваюць, што атака працягваецца, у паветранай прасторы некалькі БпЛА.
Расійскія войскі раніцай 26 сакавіка атакавалі Харкаў ударнымі дронамі «Шахед». Беспілотнік трапіў каля рэстарана, ёсць пацярпелы.
Армія РФ у ноч на 26 сакавіка ў чарговы раз атакавала Адэскую вобласць дронамі. Пад удар трапіла партовая інфраструктура і энергетыка. Пашкоджанні зафіксаваны ў Ізмаіле і Вілкаўскай грамадзе.
У ноч на 26 сакавіка беспілотнікі атакавалі Ленінградскую вобласць РФ, дзе размешчаны НПЗ «Кірышынафтааргсінтэз». Расійскія ўлады паведамляюць пра «пашкоджанні ў прамысловай зоне», пацярпелых няма».
* * *

* * *
ЗША паставілі ўмову, згодна з якой Украіне прыйдзецца вывесці свае войскі з Данбаса для атрымання гарантый бяспекі, заявіў Reuters украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
«Блізкі Усход, безумоўна, уплывае на прэзідэнта Трампа, і я думаю, што і на яго далейшыя крокі. На жаль, на мой погляд, прэзідэнт Трамп да гэтага часу выбірае стратэгію ўзмацнення ціску на ўкраінскі бок», — сказаў украінскі прэзідэнт.
Зяленскі адзначыў, што Вашынгтон гатовы канчаткова ўзгадніць гарантыі бяспекі для Украіны «на высокім узроўні», як толькі Кіеў будзе гатовы вывесці свае войскі з Данбаса.
Ён таксама папярэдзіў, што гэты крок паставіць пад пагрозу бяспеку як Украіны, так і, як вынік, Еўропы, паколькі гэта прывядзе да перадачы краіне-агрэсару моцных абарончых пазіцый у рэгіёне.
Ваенныя аналітыкі адзначаюць, што для поўнага захаплення Данбаса, які ўключае так званы «пояс крэпасцяў» — гарадоў, значна ўмацаваных УСУ, — Расіі можа спатрэбіцца некалькі гадоў і вялікая колькасць жывой сілы.
* * *
Вялікабрытанія будзе перахопліваць і даглядаць у сваіх водах судны з ценевага флоту РФ, каб узмацніць ціск Еўропы на Крэмль, які экспартуючы кантрабандную нафту фінансуе сваю вайну супраць Украіны, піша Blomberg са спасылкай на канцылярыю прэм’ер-міністра Брытаніі Кіра Стармера.
У заяве сказана, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін «пацірае рукі ў чаканні вайны на Блізкім Усходзе, бо лічыць, што павышэнне цэн на нафту». «Таму мы яшчэ актыўней змагаемся з яго ценевым флотам, не толькі для забеспячэння бяспекі Вялікабрытаніі, але і для таго, каб пазбавіць ваенную машыну Пуціна брудных даходаў, якія фінансуюць яго варварскую кампанію ва Украіне», — сказалі ў Стармера.
Згодна з заявай, гэта азначае, што расійскім суднам, якія імкнуцца пазбегнуць перахопу, прыйдзецца трымацца далей ад брытанскіх вод, такіх як Ла-Манш, што прывядзе да павелічэння кошту суднаходства.
У Стармера ўдакладнілі, што ваенныя і праваахоўныя органы праходзяць падрыхтоўку да розных сцэнарыяў. У прыватнасці, гэта ўключае ў сябе абардаж на судны, якія не здаюцца, узброеныя, і выкарыстоўваюць высокатэхналагічныя метады для ўхілення ад захопу.
BBC раней пісала, што ў апошнія тыдні войскі ваенна-марскога флоту Брытаніі аказвалі дапамогу краінам-удзельніцам Аб’яднанага экспедыцыйнага корпуса, уключаючы Фінляндыю, Швецыю і Эстонію, у адсочванні суднаў ценевага флоту РФ.
* * *
Украінскія дронавыя атакі паралізавалі як мінімум 40% экспартных магутнасцяў Расіі па нафце — каля 2 млн барэляў у дзень, падлічыла агенцтва Reuters.
Адзначаецца, што да такога выніку прывялі ўдары па найбуйнейшых нафтавых партах Расіі на Балтыйскім моры — Прыморск і Усць-Луга.
З-за прастояў гэтых партоў танкеры пачалі назапашвацца ў моры: паводле даных MarineTraffic, цяпер не менш за 50 суднаў знаходзяцца ў Фінскім заліве, паказваючы месцам прызначэння Прыморск або Усць-Лугу. Дым ад пажару ў порце, дзе размешчана 33 паліўныя рэзервуары, якія змяшчаюць больш за 500 цыстэрнаў, бачны з берагоў Фінляндыі — за дзясяткі кіламетраў уздоўж узбярэжжа заліва.
Акрамя балтыйскіх партоў з перабоямі працуе таксама Наварасійск, які трапіў пад налёт БпЛА раней у сакавіку. Магутнасці порта складаюць каля 700 тысяч барэляў у суткі, але ён адстае ад графіка загрузкі, распавялі суразмоўцы Reuters.