З-за расійскіх атак па Украіне ў Малдове ўведзенае надзвычайнае становішча

Расія ажыццявіла самую маштабную атаку па Украіне — за суткі запусціла каля тысячы дронаў. У выніку гэтай атакі надзвычайнае становішча давялося ўводзіць у Малдове. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зноў кажа пра міргае пагадненне ва Украіне, але насамрэч Расія ў бок міру не рухаецца. Ідуць 1491-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота GattyImages

Фота GattyImages

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 191 баявое сутыкненне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 25 сакавіка.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 47 штурмаў расіян у раёнах Ніканораўкі, Пакроўску, Радзінскага, Грышына, Удачнага, Новамікалаеўкі, Маладзецкага, Філіі і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 39 атак у бок Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іллінаўкі, Іванаполля, Аляксандра-Шульціна, Сцяпанаўкі, Сафіеўкі, Русінага Яру і Новапаўлаўкі.

На Гуляйпольскім кірунку адбыліся 22 атакі расіян у бок Дабраполля, Стараўкраінкі, Залізнічнага, Гуляйпольскага, Варвароўкі, Мірнага, Аленаканстанцінаўкі.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала дзевяць разоў каля Цвердахлебава, Сярэдняга і ў кірунках Ліману, Дробышава.

* * *

Расійскія войскі прасунуліся ў Харкаўскай вобласці, у прыватнасці каля вёскі Амбарнае, паведаміў аналітычны праект DeepState. Таксама паведамляецца пра прасоўванне расійскіх войскаў каля Жалезнага ў Запарожскай вобласці.

Тым часам штурмавыя падраздзяленні палка «Скеля» зачысцілі ад расіян вёску Мінькаўку ў Данецкай вобласці — ключавы населены пункт на трасе Бахмут-Славянск. «Гэтыя дзеянні сарвалі патэнцыйнае прасоўванне праціўніка і стабілізавалі сітуацыю на кірунку», — гаворыцца ў паведамленні.

* * *

У ноч на 25 сакавіка расійскі БпЛА ўразіў тэрыторыю прыватнай сядзібы ў Каўпакоўскім раёне Сум. Людзі не пацярпелі.

У выніку атакі расійскіх беспілотнікаў у Міргарадскім раёне Палтаўскай вобласці зафіксаваны пашкоджанні жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў. Інфармацыі пра пацярпелых не паступала.

У выніку расійскага ўдару па энергетычным аб’екце ў Чарнігаўскім раёне без электраэнергіі засталіся каля 150 тысяч спажыўцоў.

Беспілотнікі РФ атакавалі Львоўшчыну, у выніку чаго ў Львове ўспыхнуў дом спадчыны ЮНЕСКА і помнік архітэктуры нацыянальнага значэння — ансамбль Бернардынскага манастыра. Пацярпелі 32 чалавекі.

У выніку ўдару расійскага беспілотніка па жылым доме ў Адэскай вобласці адзін чалавек пацярпеў, яшчэ адзін можа знаходзіцца пад заваламі.

Ноччу 25 сакавіка Белгарад і Белгарадскі раён зведалі ракетныя ўдары, у выніку якіх былі пашкоджаны аб’екты энергетычнай інфраструктуры і ўзніклі перабоі з электра-, вода- і цеплазабеспячэннем.

* * *

Парламент Малдовы ўвёў надзвычайнае становішча ў энергетыцы з-за адключэння лініі электраперадачы Ісакча-Вулканэшты ў выніку расійскіх удараў па інфраструктуры Украіны, піша NewsMaker.

Рашэнне было прынята 24 сакавіка, на пазачарговым пасяджэнні. Свае галасы «за» аддалі 72 дэпутаты, 18 — устрымаліся.

Прэм’ер-міністр краіны Аляксандр Мунцяну падкрэсліў, што ўвядзенне надзвычайнага становішча — гэта «неабходная, законная і прэвентыўная мера», якая дазволіць хутчэй мабілізаваць дадатковыя рэсурсы, абараніць крытычную інфраструктуру, а таксама прымяніць дадатковыя меры для мінімізацыі шкоды ад крызісу.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што начная і дзённая 24 сакавіка маштабная паветраная атака расіян па Украіне сведчыць пра тое, што Расія не мае намеру заканчваць вайну.

«Фактычна цэлыя суткі з ночы Расія б’е па Украіне "шахедамі". Быў масіраваны ўдар ноччу: і ракеты, і "шахеды". Увесь дзень — новыя хвалі дронаў», — адзначыў Зяленскі.

Паводле яго слоў, геаграфія ўдару вельмі шырокая, і хоць большую частку дронаў удалося збіць, усё роўна ёсць траплянні – у Львове, Франкоўску, Тэрнопалі, Вінніцы, Жытоміры, таксама ў Хмяльніцкай, Ровенскай, Харкаўскай абласцях, на Дняпроўшчыне.

«Маштаб гэтай атакі сведчыць вельмі яскрава, што ў Расіі няма намеру рэальна заканчваць гэтую вайну. А калі ўлічыць, што Расія яшчэ і дапамагае іранскаму рэжыму наносіць удары па ўсім рэгіёне, то выснова цалкам відавочная: без дадатковага і моцнага ціску на Расію, без адчувальных расійскіх страт у іх там, у Маскве, не з’явіцца жадання адыходзіць ад вайны», — заявіў Зяленскі.

* * * 

656056718_1292957009684041_7355921388456249991_n.jfif

* * *

Прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп падчас брыфінгу ў Белым доме зноў выказаў упэўненасць, што Украіна і Расія блізкія да таго, каб скончыць вайну.

Трамп заявіў, што хацеў бы, каб кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін і прэзідэнт Уладзімір Зяленскі «селі за стол перамоваў і заключылі пагадненне». «Думаю, яны ўжо блізкія да гэтага, але я так кажу ўжо даўно. Я ўрэгуляваў восем войнаў. Усе яны павінны былі быць больш складанымі за гэтую. Гэтая павінна была быць самай лёгкай», — сказаў Трамп.

Амерыканскі прэзідэнт паўтарыў, што Зяленскі і Пуцін — «гэта два чалавекі, якія сапраўды ненавідзяць адзін аднаго». «Нянавісць не спрыяе заключэнню пагадненняў», — дадаў Трамп.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля дакладу ўкраінскай перамоўнай групы заявіў пра адсутнасць рэальнага прасоўвання ў перамовах з-за нежадання Расіі рухацца да міру.

«Рэальнага прасоўвання пакуль, на жаль, няма — Расія не хоча рухацца да міру», — сказаў Зяленскі.

У той жа час, паводле яго слоў, важна, каб Украіна, ЗША, еўрапейцы і іншыя глабальныя суб’екты рабілі ўсё магчымае і неабходнае, каб расіяне зацікавіліся дыпламатыяй, рэальна і сумленна. «А не так, каб проста зарабіць на нафце больш грошай і выйграць больш часу для наступных атак і агрэсій. Свет павінен быць надзейным — менавіта гэта наша мэта, і гэта будзе», — заявіў Зяленскі.