Пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН: Расія ва Украіне «спальвае ўласнае насельніцтва»
Каб канчаткова захапіць Данбас, Пуціну спатрэбіцца столькі ж ахвяр, колькі ўжо забрала ў Расіі вайна ва Украіне, паведаміў пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Андрэй Мельнік. А для поўнага паглынання Украіны пры сённяшніх тэмпах прасоўвання трэба будзе амаль 200 гадоў. А пакуль ідуць 1518-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 174 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 21 красавіка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 30 штурмаў расіян у раёнах Радзінскага, Чырвонага Ліману, Пакроўску, Удачнага, Грышына, Котліна, Маладзецкга, Філіі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку адбыліся 22 атакі ў бок Дабраполля, Цвяткова, Залізнічнага, Горкага, Мірнага, Стараўкраінкі, Аленаканстанцінаўкі, Гуляйпольскага і ў раёне Гуляйполя.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак паблізу Канстанцінаўкі, Плешчыеўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Ябланаўкі, Аляксандра-Шульціна, Навапаўлаўкі, Сцяпанаўкі і Сафіеўкі.
На Купянскім кірунку армія РФ 17 разоў атакавала ў кірунках Купянску, Петрапаўлаўкі, Калеснікаўкі, Новай Круглякоўкі, Кіўшараўкі і Наваасінава.
* * *
Расійская армія практычна цалкам паглынула Мірнаград у Данецкай вобласці і паўнавартасна разгарнула там сваю артылерыю і інфраструктуру для аператараў БПЛА — нягледзячы на гэта, украінскія ваенныя працягваюць утрымліваць пазіцыі на паўночнай ускраіне горада, піша «Украінская праўда» са спасылкай на ваенных, якія ваююць на Пакроўскім кірунку.
«Праціўнік свабодна перасоўваецца па горадзе — і не толькі на поўдні, але і ў цэнтры і на поўначы. Ён разгарнуў інфраструктуру для сваіх пілотаў, якія працуюць і па поўначы Мірнаграда, і за ім. У іх мноства пунктаў узлёту. Паралельна яны назапашваюць артылерыю. У некалькіх раёнах нават ёсць прыкметы наяўнасці камандных пунктаў, разгорнуты сродкі сувязі, РЭБ. Мы ўжо не можам працаваць па ворагу на поўдні Мірнаграда», — адзначылі суразмоўцы выдання.
Усе пад’езды да горада знаходзяцца ў зоне абстрэлу. У раёне Светлага і Роўнага — дзвюх вёсак паміж Пакроўскам і Мірнаградам — ужо даўно сфармаваўся «мех». На думку суразмоўцаў выдання, далейшае ўтрыманне пазіцый на поўначы Мірнаграда «недарэчнае».
Расіяне штурмуюць Мірнаград мінімум 8 месяцаў.
* * *
У ноч на 21 красавіка Расія атакавала УКраіну дзвюма балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» і 143 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 116 БпЛА. Атака працягваецца, папярэджваюць Паветраныя сілы Украіны.
Расійскія войскі ўвечары 20 красавіка нанеслі два ўдары па Харкаве: ёсць пацярпелыя ў Халаднагорскім раёне горада.
У ноч на 21 красавіка расійскія акупанты нанеслі масіраваны ўдар беспілотнікамі па Сумах — трапілі ў медыцынскую ўстанову, пашкодзілі дамы; у выніку атакі пацярпелі 15 чалавек, сярод якіх 3 дзяцей.
Ударныя беспілотнікі атакавалі ваенную і транспартную інфраструктуру ў некалькіх месцах у Растоўскай вобласці РФ, піша Astra.
Паводле слоў відавочцаў, выбухі прагрымелі ў Новачаркаску і бліжэйшых населеных пунктах. Зафіксаваны ўдар у раёне чыгункі ў пасёлку Персіянаўскі Акцябрскага раёна. Прыкладна за 1,6 кіламетра ад месца выбуху знаходзіцца воінская частка №22179, а на адлегласці каля 800 метраў раней размяшчалася рамонтна-эксплуатацыйная частка №3658. Ці функцыянуе яна там цяпер — невядома.
* * *
* * *
Пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Андрэй Мельнік падчас пасяджэння Савета Бяспекі ААН заявіў, што Украіна адхіляе расійскія ўльтыматумы і добраахвотна не пакіне ніводнага квадратнага міліметра сваёй тэрыторыі.
Паводле яго слоў, Расія ва Украіне «спальвае ўласнае насельніцтва»: на кожны квадратны кіламетр украінскай тэрыторыі, якую ўдаецца захапіць, РФ губляе ў сярэднім 254 чалавекі. «Ніводная армія з часоў Першай сусветнай вайны не плаціла такой высокай цаны жыццямі за такія нязначныя тэрытарыяльныя дасягненні, як Расія», — заявіў ён.
Паводле слоў Мельніка, каб акупаваць усю Данецкую вобласць, Пуціну прыйдзецца адправіць на смерць яшчэ мінімум паўтара мільёна салдат. Гэта больш чым падвоіла б бягучыя страты РФ. «Нават для спадара Пуціна, для якога каштоўнасць жыцця ўласных грамадзян, здаецца, меншая за капейку, такая лічба была б катастрафічнай», — падкрэсліў дыпламат.
Спроба акупаваць усю Украіну пры цяперашніх тэмпах прасоўвання арміі РФ запатрабавала б больш за 122 млн жыццяў расійскіх салдат, а сама вайна доўжылася б каля 183 гадоў.
Мельнік іранічна назваў Пуціна «ваенным геніем», які не можа не разумець, што яго мэта захапіць Украіну ніколі не будзе дасягнута ваенным шляхам.
* * *
Расійская эканоміка застаецца ў крызісе, нават нягледзячы на імклівы рост сусветных цэн на нафту з-за вайны на Блізкім Усходзе, піша Financial Times са спасылкай на словы кіраўніка шведскай ваеннай разведкі Томаса Нільсана.
Шведская разведка сцвярджае, што Расія сістэмна маніпулюе данымі, каб пераканаць заходнія краіны, нібыта яе эканоміка вытрымала санкцыі і ваенныя расходы. Паводле ацэнак Стакгольма, цэнтральны банк РФ заніжае інфляцыю: афіцыйныя 5,86% не адпавядаюць рэчаіснасці, рэальны паказчык набліжаецца да ключавай стаўкі ў 15%. Акрамя таго, Швецыя пагаджаецца з ацэнкай нямецкай разведкі BND, што Расія заніжае дэфіцыт бюджэту на 30 млрд долараў.
Паводле слоў Нільсана, Расіі спатрэбіцца, каб цэны на нафту Urals трымаліся вышэй за $100 за барэль на працягу года, каб проста закрыць бюджэтны дэфіцыт. Для пераадолення іншых эканамічных праблем спатрэбіцца значна больш часу.
«У іх усё яшчэ сістэмная праблема. Гэта не стабільная мадэль росту — вырабляць матэрыялы для вайны, якія затым знішчаюцца на полі бою», — сказаў ён.
Нільсан лічыць, што Расія «жыве на пазычаным часе». Магчымыя толькі два сцэнарыі: доўгатэрміновы заняпад або рэзкі шок. У любым выпадку, краіна рухаецца да фінансавай катастрофы. У той жа час стратэгічныя мэты Пуціна не змяніліся — ён імкнецца кантраляваць Украіну, уключаючы Адэсу і, магчыма, нават Кіеў.
* * *
Еўрапейскі Саюз пачаў заключную юрыдычную працэдуру ўзгаднення крэдыту аб’ёмам 90 мільярдаў еўра для Украіны. Як адзначае DW, фінансаванне набліжаецца да фактычнага зацвярджэння.
Пытанне ўключана ў парадак дня пасяджэння камітэта пастаянных прадстаўнікоў краін — членаў ЕС, якое запланавана на 22 красавіка. У межах сустрэчы павінна быць зацверджана папраўка да шматгадовага бюджэту Еўрапейскага Саюза — гэта апошні тэхнічны крок, неабходны для рэалізацыі фінансавання.
Гэты пункт унесены ў парадак дня без дадатковага абмеркавання, што звычайна сведчыць пра наяўнасць папярэдняй згоды паміж дзяржавамі-членамі. У выпадку ўхвалення працэдура завершыцца пісьмовым зацвярджэннем дакумента, пасля чаго рашэнне набудзе моц.
Раней працэс выдачы крэдыту быў ускладнены процідзеяннем Венгрыі, аднак цяперашні прагрэс у прыняцці змяненняў у бюджэт сведчыць пра зрух у гэтым пытанні.
* * *
Меркаванне пра тое, што РФ адмовіцца ад новага наступу з-за страху перад прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, не з’яўляецца дастатковай гарантыяй бяспекі, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі тэлеканалу ICTV.
Паводле слоў прэзідэнта, адсутнасць рэальнай прысутнасці міжнародных партнёраў на лініі сутыкнення пакідае адкрытым пытанне стрымлівання Расіі. «Якія гарантыі бяспекі Украіне даюць? Калі на кантактнай лініі няма прысутнасці нашых партнёраў, дык чаму расіянам праз нейкі тэрмін зноў не пачаць наступ? Вось чаму? Я проста не разумею, чаму? Я прычын не бачу. Што будзе іх абмяжоўваць? Што?» — пытаўся Зяленскі.
Ён пракаментаваў пазіцыю ЗША, што Расія нібыта не адважыцца на эскалацыю, асцерагаючыся жорсткай рэакцыі Дональда Трампа. «Вось, напрыклад, ЗША кажуць — прэзідэнт Трамп. Прэзідэнт Трамп яшчэ два з паловай гады, а што потым будзем рабіць?» — спытаў украінскі лідар.