Калі Пхеньян быў на мяжы краху: 16 крызісаў, якія маглі знішчыць рэжым Кімаў

У лістападзе 2009 года ў Паўночнай Карэі людзі раптам зразумелі, што іх грошы больш нічога не вартыя. За некалькі дзён улады фактычна абнулілі назапашанні — і гэта выклікала тое, што для КНДР амаль немагчымае: адкрытае абурэнне. Гэта быў толькі адзін з момантаў, калі рэжым апынуўся на мяжы краху.

Плошча Кім Ір Сена ў Пхеньяне. Фота: Uri Tours / Wikimedia Commons

Плошча Кім Ір Сена ў Пхеньяне. Фота: Uri Tours / Wikimedia Commons

16 крызісаў, калі паўночнакарэйскі рэжым мог разваліцца

Няма сумневаў, што падчас візіту Лукашэнкі ў КНДР яму расказвалі пра ўражальныя «перамогі» дынастыі Кімаў. Але былі эпізоды, калі рэжым знаходзіўся ў стане агоніі. Менавіта даследаванню самых крытычных момантаў гісторыі Паўночнай Карэі прысвечана кніга гісторыка Фёдара Церціцкага «Пхеньян на мяжы краху» (Fyodor Tertitskiy «Pyongyang on the Brink»).

Аўтар кнігі, якая нядаўна выйшла, апісвае шаснаццаць крызісаў, кожны з якіх мог прывесці да краху рэжыму і пачатку рэформаў. Умоўна гэтыя крызісы можна падзяліць на чатыры групы: геапалітычныя выклікі, змовы ўнутры эліты, эканамічныя цяжкасці і праблемы са здароўем дыктатараў.

Як адзначае аўтар, «паўночнакарэйская сістэма неаднаразова апыналася ў сітуацыі, калі яе будучыня выглядала зусім не відавочнай».

Ад ядзернай пагрозы да змоваў: як эліты і знешнія сілы пагражалі КНДР

Некаторыя геапалітычныя крызісы адбыліся яшчэ на пачатку існавання рэжыму — у 1940-я і пачатку 1950-х гадоў, калі добразычлівасць Савецкага Саюза, дапамога Кітая і нерашучыя дзеянні ЗША фактычна выратавалі КНДР. Напрыклад, падчас Карэйскай вайны ў ЗША разглядалі магчымасць прымянення ядзернай зброі супраць Паўночнай Карэі.

Падобны сцэнар абмяркоўваўся і пазней — у 1993–1994 гадах, калі ЗША разглядалі магчымасць удараў па ядзерных аб’ектах краіны.

Наступствы смерці Сталіна і павароту Хрушчова супраць культу асобы пахіснулі вертыкаль у Пхеньяне. Апазіцыя вырашыла, што надышоў яе момант.

Нянавісць да Кім Ір Сена была настолькі моцнай, што пад сцягі апазіцыі аб'ядналіся і савецкая фракцыя, якая арыентаваліся на Маскву, і пракітайская. Зрынуць правадара планавалі падчас пленума.

Але Кім Ір Сен даведаўся пра змову і перанёс пленум амаль на месяц, каб мабілізаваць сваіх прыхільнікаў. У выніку выступы апанентаў былі сарваныя, а іх саміх абвінавацілі ў «антыпартыйнай дзейнасці», пленум прагаласаваў за іх выключэнне з ЦК.

Як лічаць гісторыкі, калі б СССР або Кітай праявілі больш рашучасці, гэта магло б скончыць эпоху Кіма яшчэ на самым пачатку.

Голад, мяцеж і пратэсты: унутраныя крызісы, якія закранулі грамадства

З сілавікамі ў Кімаў таксама перыядычна былі праблемы. Найбольш задакументаваны выпадак меў месца ў 1995 годзе, калі вайскоўцы сапраўды ўзяліся за зброю. У гэты час Паўночная Карэя перажывала голад, які забраў жыцці сотняў тысяч людзей. Правінцыя Паўночны Хамген была адной з найбольш пацярпелых. Афіцэры 6-га корпуса, раскватараванага тут, а таксама звязаныя з імі партыйныя чыноўнікі правінцыі і кіраўнікі дзяржкампаній, стварылі групу змоўнікаў. 

Кім Чэн Ір, западозрыўшы пагрозу, загадаў задушыць мяцеж. Каля 20 чалавек былі пакараныя. Паводле чутак, гаворка магла ісці пра значна больш шырокія чысткі — сотні пакараных салдат і афіцэраў.

Гэты эпізод лічыцца самым сур’ёзным выклікам рэжыму пасля 1956 года.

Глядзіце таксама

Народныя хваляванні з-за грашовай рэформы 2009 года — гэта ўнікальны выпадак у гісторыі Паўночнай Карэі. Калі папярэднія крызісы былі звязаныя з інтрыгамі эліты або ваеннымі змовамі, то тут упершыню пасля Карэйскай вайны адкрытая незадаволенасць ахапіла простых грамадзян, прымусіўшы ўлады пайсці на саступкі.

Рэформа, якая пачалася 30 лістапада 2009 года, стала поўнай нечаканасцю для насельніцтва. Старыя грошы мяняліся на новыя ў суадносінах 100:1, пры гэтым быў ліміт абмену на сям'ю: першапачаткова — усяго 100 000 старых вон (па курсе на той момант каля 35 даляраў ЗША). Усё, што звыш ліміту, фактычна канфіскоўвалася.

Тут жа пачаліся хваляванні. Замежныя дыпламаты ў Пхеньяне паведамлялі пра стыхійныя мітынгі ў сталіцы. З’явіліся нават графіці і ўлёткі з крытыкай Кім Чэн Іра. З’яўленне антырэжымных надпісаў у публічнай прасторы — з’ява, блізкая да цуду для Паўночнай Карэі. У Пхеньяне і іншых буйных гарадах армія была прыведзена ў стан павышанай баявой гатоўнасці на выпадак масавых хваляванняў. Звычайна на любое непадпарадкаванне КНДР адказвае неадкладнымі рэпрэсіямі. Але тут сітуацыя была іншай. З-за маштабаў незадаволенасці рэжым быў вымушаны павысіць ліміт абмену.

Калі ўсё залежыць ад аднаго чалавека: хвароба лідара і рызыка развалу сістэмы

Асобная і вельмі важная катэгорыя ў гісторыі крызісаў рэжыму ў Паўночнай Карэі — крызісы, звязаныя са здароўем лідараў. Кожны раз, калі лідар захворваў і знікаў з публічнай прасторы, краіна апускалася ў стан нявызначанасці — і некалькі разоў гэтыя эпізоды ледзь не прыводзілі да катастрофы.

Напрыклад, у жніўні 2008 года Кім Чэн Ір ва ўзросце 66 гадоў перанёс інсульт. Ён не з’явіўся на ўрачыстасцях з нагоды 60-годдзя заснавання КНДР 9 верасня — гэта быў першы такі пропуск за ўсю яго кар’еру.

У адрозненне ад 1994 года, калі Кім Чэн Ір быў афіцыйна названы спадчыннікам за два дзесяцігоддзі да смерці бацькі, у 2008 годзе ў Кім Чэн Іра не было прызначанага пераемніка. Яго сыны былі занадта маладыя і не мелі досведу кіравання. Аналітыкі прадказвалі барацьбу за ўладу паміж трыма групамі: сям’ёй Кімаў, партыяй і войскам, але Кім Чэн Ір выжыў, і сітуацыя стабілізавалася.

Якую ж галоўную выснову можна зрабіць з кнігі? Камусьці здасца, што Кімам дапамагае нейкі фатум. Але хутчэй за ўсё тут магчымы іншы вывад: нават самыя таталітарныя сістэмы ўтрымліваюць у сабе насенне ўласнага краху. Часта гэтае насенне прарастае ў цішыні, нябачнае датуль, пакуль для дыктатараў не становіцца занадта позна.