Школьная экскурсія… на расстрэл. Як і чаму вучаць школьнікаў у КНДР
Напярэдадні 1 верасня кіраўнік Міністэрства адукацыі Беларусі Андрэй Іванец паабяцаў напоўніць патрыятызмам усю сістэму школьнай адукацыі. Думаецца, Паўночная Карэя можа быць тут не кепскім арыенцірам.
Сістэма школьнай адукацыі ў КНДР будавалася паводле савецкай і дагэтуль амаль не змянілася. У 1950 годзе была ўведзена абавязковая пачатковая адукацыя, хаця планам перашкодзіла Карэйская вайна (1950—1953 гады). Тым не менш, да 1958 года ў краіне ўдалося наладзіць абавязковую сямігадовую адукацыю. Да 1967 года абавязковай стала дзевяцігадовая адукацыя, а ў 1975-м — адзінаццацігадовая.
Ёсць і мясцовыя аналагі з СССР. У 10 гадоў паўночнакарэйскія дзеці ў абавязковым парадку ўступаюць у Саюз дзяцей — аналаг савецкай піянерыі. Паўночнакарэйцы нават носяць знаёмыя чырвоныя гальштукі. Прыём у паўночнакарэйскія «піянеры» праходзіць у тры этапы: спачатку прымаюць выдатнікаў, затым сераднячкоў, а потым усіх астатніх. На цырымоніі ўступлення ў Саюз дзяцей школьнікі чытаюць клятву вернасці паўночнакарэйскім ідэалам. Для даведкі: гэта, па сутнасці, першая арганізацыя са мноства, у якія жыхары КНДР уступаюць на працягу жыцця — напрыклад, Саюз моладзі, Жаночы саюз, Саюз работнікаў сельскай гаспадаркі і гэтак далей.
Школьная праграма ў КНДР уключае ў сябе акадэмічныя прадметы: матэматыку, родную мову, замежную мову (англійскую або рускую), геаграфію, літаратуру, гісторыю. Аднак, акрамя гэтага, паўночнакарэйскія школьнікі праходзяць і палітычныя курсы, накшталт «Камуністычная мараль», «Палітыка Камуністычнай партыі», «Жыццё вялікага Кім Ір Сена».
У КНДР вывучаюць як карэйскую, так і замежную літаратуру — ад Талстога да Шэкспіра. Праўда, некаторыя сцэны, што могуць «разбэсціць розумы», з кніг загадзя выразаюцца, і асобныя творы даходзяць да паўночнакарэйцаў толькі ўрыўкамі.
У падручніках гісторыі факты, якія супярэчаць дзяржаўнай ідэалогіі і палітыцы партыі, наўмысна скажаюцца. Так, паўночнакарэйцы свята вераць, што Карэйскую вайну развязала Паўднёвая, а не Паўночная Карэя.
На геаграфіі вучням, натуральна, расказваюць пра размяшчэнне і прыродныя асаблівасці іншых краін, але згадваюць гэтак жа, як дрэнна жывецца тым, хто пакутуе ад «жахаў капіталізму». У якасці ілюстрацый «жахаў» часам паказваюць фатаграфіі галадаючых дзяцей Афрыкі, выдаючы іх за жыхароў заходніх краін.
Дзяцей вучаць ненавідзець «амерыканскіх імперыялістаў» таксама на ўроках фізкультуры. Так, падчас аднаго з этапаў традыцыйных эстафет дзеці павінны прабегчы міма манекена амерыканскага салдата і стукнуць яго.
Адзін з самых шакавальных бакоў паўночнакарэйскай пазакласнай праграмы — гэта так званыя экскурсіі. Канешне, школьнікаў вывозяць глядзець вядомыя месцы краіны, аднак бываюць і зусім іншыя паездкі. Адзін з паўночнакарэйскіх бежанцаў, які зараз пражывае ў Паўднёвай Карэі, распавядаў, што калі яму было 14 гадоў падчас адной з такіх паездак іх прывезлі паглядзець... смяротнае пакаранне.
Для школьнікаў таксама прадугледжаны абавязковыя «пазакласныя заняткі», сярод якіх уборка смецця, праца на будаўнічых аб'ектах або ў мясцовых калгасах. Гэта нешта накшталт савецкіх суботнікаў, толькі паўночнакарэйскім дзецям звычайна даюць заданні цяжэй, чым уборка школьнай тэрыторыі, і адбываецца гэта часцей.
Хоць асновы сістэмы была сфарміраваны прыкладна ў 60-я, некаторыя карэкціроўкі ў яе ўносяцца дасюль. Напрыклад, пасля прыходу да ўлады цяперашняга правадыра Кім Чэн Ына ў школьнай праграме з'явіўся прысвечаны яму прадмет. Кніга пад назвай «Рэвалюцыйная дзейнасць Кім Чэн Ына» пачала распаўсюджвацца ў сярэдніх і старэйшых школах з 2015 года. У кнізе распавядаецца аб дзіўных талентах правадыра, якія пачалі раскрывацца яшчэ ў дзяцінстве. Кшталту таго, што Кім Чэн Ын навучыўся кіраваць аўто, калі яму было ўсяго тры гады, і выйграў гонку на яхтах у далікатным узросце дзевяці гадоў. У тэксце таксама сцвярджаецца, што маленькі Кім умеў добра маляваць і нават прыдумляць музычныя творы.
Каментуючы з'яўленне новай дысцыпліны, паўднёвакарэйская прэса пісала, што гэты «школьны падручнік, выводзіць значэнне фразы "перапісванне гісторыі" на зусім новы ўзровень». Зрэшты, ёсць яшчэ адзін забаўны аспект. Каб атрымаць падручнікі на наступны школьны год, школьнік мусіць здаць 5 кг макулатуры. Пры гэтым размова не пра простую паперу, а вельмі якасную. Дзеці і бацькі часам не ведаюць, як знайсці гэтую «высакаякасную макулатуру».
Крыніца аднаго з паўднёвакарэйскіх СМІ паведаміла, што некаторыя сем'і выконваюць сваю квоту на высакаякасную паперу, тайна вырываючы ў бібліятэках старонкі з кніг. Часцяком гэта кнігі пра паўночнакарэйскае кіраўніцтва, што можна пры жаданні тлумачыць як сур’ёзнае палітычнае злачынства з усімі наступствамі.