Як дзяцей вучаць страляць. Пагарталі школьны падручнік па Дапрызыўнай падрыхтоўцы

У падручніку мы знайшлі цікавыя ўрыўкі пра NATO, Украіну і плач па страчанай камуністычнай велічы. А таксама папярэджаньне пра ўжываньне арміі ў здушэньні акцый пратэсту. Як рыхтуюць школьнікаў да рэаліяў беларускай арміі?

Вокладка падручніка

Вокладка падручніка

Навучальны дапаможнік, як паведамляецца, дапушчаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь пад рэдакцыяй начальніка ўпраўленьня ваеннай адукацыі Ўзброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь І. П. Слуцкага. І прызначаны для школьнікаў 10 і 11 клясы.

Ва ўводзінах аўтары небясьпечнага чытва пачынаюць разгон, які можна ўключаць у твор Олдаса Хакслі «Дзіўны новы сьвет»:

«Рэспубліка Беларусь — міралюбівая, дэмакратычная, сацыяльная, прававая дзяржава. Зьнешняя палітыка нашай краіны, якая на сабе зьведала ўсе жахі вайны, накіравана на захаваньне міру, папярэджаньне ўзброеных канфліктаў і мірнае вырашэньне сучасных праблем. Менавіта Рэспубліка Беларусь стала месцам правядзеньня шматбаковых перамоваў па ўрэгуляваньні ўзброенага канфлікту ва Ўкраіне.

На жаль, ваенна-палітычная сітуацыя ў сьвеце застаецца напружанай. У розных кутках зямнога шара па-ранейшаму ўспыхваюць войны. У гэтых няпростых умовах Рэспубліка Беларусь прымае ўсе магчымыя меры па захаваньні міру і стабільнасьці на беларускай зямлі».

Урывак з падручніка

Урывак з падручніка

Гісторыя беларускай арміі для тых, хто вызначае, чым забіваць галовы школьнікаў, пачынаецца… правільна, з крывава-чырвонай арміі.

У нашай гісторыі адной з самых яскравых была і застаецца дата 23 лютага — Дзень абаронцаў Айчыны і Ўзброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь. З гэтай датай зьвязана нараджэньне ў 1918 годзе Чырвонай Арміі, атрады якой да 23 лютага 1918 года сваім гераічным супраціўленьнем пад Нарвай і Псковам, на подступах да Полацка, Барысава, Воршы, Магілёва, Асіповічаў, Гомеля, Калінкавічаў змаглі спыніць рух нямецкіх інтэрвэнтаў.

Менавіта Савецкая Армія зьявілася галоўным фактарам, зрабіўшым немагчымай вайну, у тым ліку ракетна-ядзерную, у другой палове XX стагодзьдзя. Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь унасьледавалі баявую славу і традыцыі Чырванасьцяжнай Беларускай ваеннай акругі (БВА).

А далей, калі вы па старой памяці думаеце, што ў 1939 годзе Гітлер са Сталінам разам разьвязалі Другую сусьветную вайну, калі напалі на тэрыторыю Польшчы пасьля падпісаньняПакта Молатава – Рыбэнтропа, трымайцеся за фатэль. Як пішуць аўтары падручніка для беларускіх дзяцей:

«У 1939 годзе, пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны, кіраўніцтва Савецкага Саюза ўважліва сачыла за разьвіцьцём трагічных падзей у Польшчы. Нямецкія войскі пасьля разгрому асноўных сілаў польскай арміі пачалі імклівы рух ва ўсходнім напрамку, паступова набліжаючыся да тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.

Узьнікла пагроза захопу гэтых тэрыторый фашысцкімі войскамі.

Таму 17 верасьня 1939 года, калі польскі ўрад фактычна пакінуў тэрыторыю Польшчы, савецкія войскі былі ўведзеныя на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, каб не дапусьціць іх захопу Нямеччынай і вызваліць землі, анэксаваныя Польшчай пасьля Першай сусьветнай вайны. 

Вынікам вызваленчага паходу Чырвонай Арміі стала ўваходжаньне ў склад БССР тэрыторыі цяперашніх Брэсцкай, Гродзенскай і часткі Менскай абласьцей. Беларускі народ злучыўся ў адзінай дзяржаве. Нават праз дзесяцігодзьдзі неабвержным застаецца той гістарычны факт, што дзеяньні войскаў Чырвонай Арміі былі паўсюдна падтрыманыя насельніцтвам Заходняй Беларусі».

Вось так, ня больш, ня меньш. Праўда дзецям ня трэба ведаць, што дзе была не «паўсюдная» падтрымка новых акупантаў, там выразалі, катавалі і адпраўлялі ў лягеры нязгодных.

Урывак з падручніка

Урывак з падручніка

«22 чэрвеня 1941 года гераічнае супраціўленьне савецкіх войскаў сарвала пляны нямецкага бліцкрыга, заклала фундамэнт Вялікай Перамогі».

Якім чынам бліцкрыг быў сарваны – застанецца, відаць, таямніцай. Нагадаем, праз 6 дзён нямецкія войскі ўзялі Менск.

Сучаснасьць

«Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь — пераемнік слаўных баявых традыцый Чырвонай і Савецкай армій. У пачатку 1990-х гадоў перад Рэспублікай Беларусь паўсталі вельмі складаныя задачы, зьвязаныя з неабходнасьцю стварэньня ўласных Узброеных Сілаў.

Рэфармаваньне ваеннай арганізацыі дзяржавы пачалося з сярэдзіны 1990-х гадоў. З абраньнем Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі была створана эфектыўная сістэма дзяржаўнага кіраваньня.

Сёньня Рэспубліка Беларусь зьяўляецца незалежнай, суверэннай дзяржавай, якая не належыць ні да аднаго з сусьветных цэнтраў сілы, праводзіць міралюбівую зьнешнюю палітыку.

У нашыя дні абарона Рэспублікі Беларусь — сьвяты абавязак кожнага яе грамадзяніна. Само паняцьце «сьвяты абавязак» у дадзеным выпадку можна суаднесьці з паняцьцем «воінскі абавязак».

Новы перадзел сьвету, які адбываецца зараз, і ўсё больш хуткія працэсы глябалізацыі нараджаюць нябачаныя раней праблемы і выклікі ў жыцьці дзяржаваў і народаў. Пачаўся чарговы раўнд гонкі ўзбраеньняў, нарошчваньня ваенных бюджэтаў. У шэрагу краін як на Захадзе, так і на Усходзе ў масавай сьвядомасьці нарастае ваяўнічасьць». (Што гэта за таемныя краіны – адказу не прыводзіцца – П.Х.).

Урывак з падручніка

Урывак з падручніка

А далей аўтары ваеннага падручніка даюць цікавую інфармацыю.

«Ваенная небясьпека — такое ваенна-палітычнае становішча, пры якім дзеяньні дзяржаваў (кааліцый дзяржаваў) або тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацый пры пэўных геапалітычных, ваенна-стратэгічных, грамадзка-палітычных і эканамічных умовах могуць прывесьці да ваеннага канфлікту».

Сярод фактары ваеннай пагрозы Беларусі вылучаныя ў тым ліку і гэтыя:

увядзеньне іншымі дзяржавамі (кааліцыямі дзяржаваў) палітычных і эканамічных санкцый, эмбарга на пастаўку тавараў у Рэспубліку Беларусь;

дзейнасьць дзяржаваў (кааліцый дзяржаваў), а таксама недзяржаўных суб’ектаў, уключаючы тэрарыстычныя і экстрэмісцкія арганізацыі, па падрыхтоўцы незаконных узброеных фарміраваньняў для дэстабілізацыі становішча ў Рэспубліцы Беларусь.

Беларусь будзе адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы з выкарыстаньнем усіх магчымых сродкаў, у тым ліку з прымяненьнем ваеннай сілы, і пакідае за сабой права прыняцьця комплексу прэвентыўных (папераджальных) мераў стратэгічнага стрымліваньня з мэтай недапушчэньня нападу або нэйтралізацыі ўнутранага ўзброенага канфлікту.

На сучасны момант непасрэднай пагрозы прамой агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь няма (у гэты момант навучэнцы павінны дзякаваць Вярхоўнаму за блакітнае мірнае неба – заўв. П.Х.), але ўсё ж ваенная небясьпека захоўваецца. Галоўнымі прычынамі гэтага зьяўляюцца сацыяльна-палітычныя, эканамічныя, тэрытарыяльныя і іншыя супярэчнасьці, а таксама імкненьне шэрагу краінаў да вырашэньня гэтых супярэчнасьцей з выкарыстаньнем ваеннай сілы.

Беларусь пакідае за сабой права ў выпадку нападу зьвярнуцца па дапамогу, у тым ліку ваенную, да дзяржаваў — чальцоў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) і іншых дзяржаваў (цікава – якіх? – заўв. П.Х.) у адпаведнасьці з міжнароднымі дамоўленасьцямі Рэспублікі Беларусь.

Ідэалёгія?

Урывак з падручніка

Урывак з падручніка

«Вялізнае значэньне ў сучасных умовах мае ўдасканаленьне ідэалягічнай працы ў навучальных установах, на прадпрыемствах, у воінскіх частках з мэтай дасягненьня і падтрыманьня высокага маральнага духу ваеннаслужачых і грамадзянскага пэрсаналу, выхаваньня ў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь пачуцьця патрыятызму, умацаваньня законнасьці, правапарадку».

Усім адказным за гэта даўно час выдаваць малако за шкодныя ўмовы працы. Працуюць як пчолкі (ці то мухі цэцэ), а карысьці як з казла таго самага малака.

Тры старонкі падручніка прысьвечаныя рэкляме службы ў арміі па кантракце. Сярод «пернікаў» – высокі заробак, адтэрміноўка выплатаў крэдытаў на жыльлё, бясплатная (!) медыцына, санаторна-курортнае лекаваньне, будаўніцтва жыльля, грашовая кампэнсацыя за арэнду кватэры, бясплатнае забесьпячэньне рэчавай маёмасьцю, харчовае забесьпячэньне, і, вядома – высокі грамадзкі статус.

Каб не расслабляліся дзеткі – пасьля гэтага ідзе разьдзел пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасьць за ўхіленьне ад тэрміновай службы.

Антыканстытуцыйныя акцыі

Урывак з падручніка

Урывак з падручніка

Каб школьнікі разумелі, што пакуль няма вайны, зялёных чалавечкаў зьбіраюцца і выкарыстоўваюць для рэпрэсій у адносінах да ўласнага ж народу.

Сёньня бясьпека Рэспублікі Беларусь гарантуецца як шляхам правядзеньня міралюбівай шматвектарнай палітыкі, пашырэньня ўзаемадзеяньня ў сферы бясьпекі з Расейскай Федэрацыяй, дзяржавамі блізкага і далёкага замежжа, перш за ўсё з краінамі — чальцамі АДКБ, удзельнікамі СНД, так і шляхам умацавання ўласнага ваеннага патэнцыялу, далейшага будаўніцтва і разьвіцьця Ўзброеных Сілаў.

Кіраўніцтва Беларусі разглядае Ўзброеныя Сілы як галоўны фактар стратэгічнага стрымліваньня зьнешніх пагрозаў, а таксама забесьпячэньня стабільнасьці ў дзяржаве.

Таму ні ў каго не павінна быць сумненьняў, што беларуская армія гатова да дзеяньняў па прызначэньні ў любых умовах, у тым ліку па спыненьні антыканстытуцыйных акцый, якія пагражаюць бясьпецы, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы.

Пра NATO

Урывак з падручніка

Урывак з падручніка

Аўтары тэксту гульліва пытаюць навучэнцаў: Што такое NATO? Калі і зь якой мэтай яно было створанае?

«Беларусь — адна з нямногіх на постсавецкай прасторы дзяржаваў, якая не мае памежных спрэчак з суседзямі. У сваёй дзейнасьці на міжнароднай арэне, у тым ліку і ў ваеннай сферы, Беларусь кіруецца прынцыпам шматвектарнасьці, таму аналіз узброеных сілаў Латвіі, Літвы і Польшчы праводзіцца зыходзячы з сувымернасьці плошчаў дзяржаваў, колькасьці жыхароў, бюджэтаў, што вылучаюцца на ўзброеныя сілы, а таксама з улікам агульных дзяржаўных межаў».

На наступных старонках праводзіцца агляд сучаснага ваеннага патэнцыялу нашых суседзяў па NATO. Нават зьмешчаны фотаздымак амаль роднага для слыху супрацьтанкавага ракетнага комплексу Джавэлін.

Калі падчас выкананьня баявога заданьня вы раптоўна заблукалі, на дапамогу прыйдуць Цэрквы і Касьцёлы:

«Алтары і капліцы праваслаўных цэркваў зьвернуты на ўсход, а званіцы — на захад; апушчаны край ніжняй перакладзіны крыжа на купале звьернуты на поўдзень, прыўзьняты — на поўнач; алтары каталіцкіх цэркваў зьвернуты на захад».

Ну што, краіна пад замком?

Здаецца, за калючым дротам.