Топ-10 фільмаў пра школу
Верасень прыносіць з сабою жорсткі абавязак для дзяцей – ісьці зноў у школу, каб грызьці граніт навукі і выкладчыкаў. Згадзіцеся, драматычныя гісторыі былі ў кожнага з вас. А значыцца не абыйсьціся бяз іх і наступным пакаленьням. Мы склалі сьпіс з дзесяці лепшых стужак пра жыцьцё дзяцей і падлеткаў у розных навучальных установах. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі
Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.
Нумар 10. Слон (Elephant). 2003

Складаны і моцны фільм Гаса Ван Сэнта пра амэрыканскую школу. Стужка перамагла ў Канах і атрымала шэраг міжнародных узнагародаў. Дзякуючы таму, што ў фільме здымаліся выключна непрафэсійныя акторы, уражаньне ад сапраўднасьці на экране толькі павялічваецца.
Фільм заснаваны на разьні ў сярэдняй школе але рэжысэр не прэтэндуе на тое, каб даць адказы або тлумачэньні. Хутчэй ён паказвае сьвет, у якім жах разгортваецца ў дастаткова звычайным асяродзьдзі. Быць можа, у бліжэйшай да вас школе.
Разглубленасьць падлеткаў выліваецца ў масавае забойства, якое, нібы і ня чым не прадыктаванае, але становіцца адзіным выйсьцем для аднаго з герояў. Рэжысэр часта выкарыстоўвае цікавы прыём: камэра неадрыўна ідзе за адным з дзяцей па калідорах, вуліцах, тым самым стварае пачуцьцё прысутнасьці ў звычайным, нецікавым жыцьці школьніка.
Нумар 9. Кляса (Entre les murs). 2008

Стужка Ларана Кантэ стала першым французскім фільмам за больш чым 20 гадоў, якой атрымалася перамагчы на Канскім кінафэсьце. Французы любяць фільмы пра адукацыю і школьныя драмы. Але гэты фільм яшчэ больш узьняў плянку: ён распавядае пра сучасную Францыю. Зусім нядаўна мы ўзгадвалі пра той Парыж, які ўжо ня вернецца, маючы на ўвазе эпоху Алэна Дэлона і Жан-Поля Бэльмандо.
Гэты фільм – жорстка ставіць тварам да твару з рэчаіснасьцю. Новы настаўнік, які поўны імпэту і ведаў, якімі прагне падзяліцца з вучнямі парыжскае школы сутыкаецца з маладымі людзьмі, для якіх і сама французская мова далёка ня родная, і зьнешні выгляд адрозьніваецца ад Вальтэра і Жан-Жака Русо.
Нутраная дылема настаўніка трапляе на жорсткую пазыцыю вучняў. Стужка пастаўленая па аўтабіяграфічным рамане Франсуа Бегадо, які стаў і сцэнарыстам фільма, а таксама выканаў галоўную ролю.
Нумар 8. Настаўнік на замену (Detachment). 2011

У пэўным сэнсе можна сказаць, што праца Тоні Кэя зьяўляецца заакіянскай вэрсіяй папярэдняга фільма. Фабула падобная – героя Эдрыяна Броўдзі, настаўнік, выпадкова трапляе ў не самую бліскучую школу, каб часова замяніць свайго калегу.
Не прыемная для асэнсаваньня штодзённасьць дзяржаўнай школы будзе сцэнай за сцэнай выліваць на гледачоў негатыўныя эмоцыі і агульны пэсымізм вучняў. Дзеці, ці хутчэй ужо маладыя дарослыя, успрымаюць свой час у школе як прымусовую калёнію. Трэба проста перачакаць год-другі каб трапіць ужо законна на брыдкія вуліцы горада, у прытоны і банды.
Настаўнік жа імкнецца знайсьці хоць нешта пазытыўнае ў гэтым асяродзьдзі брыдкаслоўных, нявыхаваных дзяцей.
Нумар 7. Іншаплянэцянін (E.T. the Extra-Terrestrial). 1982

Клясычны сямейны фільм, які паставіў Стывен Сьпілбэрг. Стужка пачынаецца ў лясістай мясцовасьці. Касьмічны карабель іншаплянэцянаў прызямляецца ў рамках сваёй пяцігадовай місіі: дасьледаваць новыя дзівосныя сусьветы. Каб шукаць новае жыцьцё і новыя цывілізацыі. Пасьля таго, як група іншаплянэцянаў пакідае аднаго са сваіх на нашай Зямлі, ён аказваецца ў дзіўным сьвеце адзін. Неўзабаве яго знаходзіць самотны дзесяцігадовы хлопчык на імя Эліят, і яны зьбліжаюцца.
На жаль, дзяржаўныя агенты таксама ведаюць пра прышэльца, яны захопліваюць істоту. Эліят і яго сябры аб'ядноўваюцца. Яны намагаюцца выратаваць міжгаляктычнага госьця, каб ён мог вярнуцца дадому, пакуль ня позна. Ці атрымаецца ў дзяцей супрацьстаяць даросламу сьвету зь іх агентамі, карпарацыямі і медыя? Абавязкова паглядзіце.
Нумар 6. Харысты (Les Choristes). 2004

Яшчэ адна французская стужка пра школу, ці нават хутчэй пра інтэрнат для небясьпечных падлеткаў. Крыстоф Барацье запрашае ў падарожжа па звычаях пасьляваеннай Францыі, дзе жорсткасьць дырэктара распадаецца на дробныя кавалкі пад уплывам ціхаха і кемлівага выкладчыка музыкі.
Фільм паказвае на працэс “прыручэньня” цяжкіх падлеткаў праз цікавую форму, якую прынес з сабою новы выкладчык. Ён стварае хор, дзе хлопчыкі так ці інакш становяцца прасякнутымі прыгажосьцю гэтага сьвету, няхай толькі і праз музыку. А гэта – ці не найлепшы лек для скалечаных душаў.
Нумар 5. Таварыства мёртвых паэтаў (Dead Poets Society). 1989

Легендарны фільм Пітэра Ўіра з выкшталцоным выкананьнем сваёй ролі Робіна Ўільямса. Стужка перадусім распавядае пра сяброўства, давер і павагу. Вучні старой школы, з векапомнымі традыцыямі ад бацькоў-заснавальнікаў ЗША ў пасьляваенны час сутыкаюцца з выкладчыкам новай фармацыі.
Яго падыход да выкладаньня робіць яго сваім сярод навучэнцаў, і белай варона паміж прафэсараў. Прыгожыя колеры восені накладваюць сваё цёплае адценьне на ўвесь фільм. Паэзія, мастацтва і прыгажосьць на ўроках, у час, калі ў сьвеце жорсткае супрацьстаяньне паміж дзяржавамі.
Нумар 4. Трусік Джоджо (Jojo Rabbit). 2019

Прымусіць сьмяяцца з Адольфа Гітлера — згадзіцеся, справа зусім не простая. Тайка Вайціці шэдэўральна справіўся з такой мэтай. Гісторыі змаганьня з нацызмам у самых розных яго праявах апісаныя і паказаныя тысячы разоў рознымі майстрамі. У гэтай стужцы мы бачым простага нямецкага хлопчыка, які ўваходзіць у гітлерюгенд і страшэнна гэтым ганарыцца. Ён жадае вырасьці і стаць сапраўдным вялікім нацыстам. Пакуль яго таты няма, хлопчык прыдумляе сабе ўяўнага сябра — таго самага Адольфа, які падтрымлівае маладое пакаленьне нацыстаў і дае парады.
Хлопчык вельмі не любіць габрэяў, бо яны з рагамі і дрэнна пахнуць. Але аднойчы яго мама ў выкананьні Скарлет Ёхансэн хавае ў іх доме сапраўдную габрэйку. Хлопчык знаходзіць яе.
Фільмы пра дзяцей на вайне — вельмі складаныя. Гэты — нясе праз усю працягласьць стужкі надзею.
Беларусам асабліва адгукнецца кароткі дыялог Ёханэса з маці, калі яны ўбачаць целы забітых габрэяў:
— Што яны зрабілі, мама?
— Усё, што маглі.
Нумар 3. Пакінутыя (The Holdovers). 2023

Ідэальны фільм Аляксандра Пэйна, які дакладна застанецца ў шэрагу карцінаў, да якіх можна вяртацца праз гады і нават дзесяцігодзьдзі.
Існуюць стужкі, у якіх нават мэбля, падаецца, заўжды на сваім месцы. Такім параўнаньнем можна апісаць выбар актораў на галоўныя і іншыя ролі ў карціне Пэйна. Пол Джамаці, дэбютант Дамінік Сэса, максімальна дарэчная Давайн Джой Рэндальф і ўсе іншыя – ствараюць выключны ансамбль.
Стужка зьвяртаецца да адносна нядаўняга гістарычнага перыяду – часу позьняй вайны ў В’етнаме, на фоне якой гледачы трапляюць у кампус элітарнай навучальнай установы напярэдадні Раства. Кожны жыве хуткімі вакацыямі, калі можна будзе кінуць занудныя заняткі і бавіць час з сям’ёю. І тут, пад уплывам розных акалічнасьцяў, мы трапляем у сітуацыю, калі разьвітацца са свамі плянамі вымушаныя некалькі навучэнцаў, нудны і раздраджальны выкладчык антычнай гісторыі, а таксама супрацоўніца кухні, якая засталася адна пасьля сьмерці сына на в’етнамскай вайне.
Пакінутыя іншымі, яны вымушаныя застацца ў кампусе на два доўгія тыдні. Кожны са сваёй ранай у сэрцы.
Гэта натхняльная і моцная карціна, дзе дыялёгі гучаць настолькі натуральна, а героі выглядаюць жывымі, а не кардоннымі, як у шматлікіх іншых сёлетніх намінантах на лепшы фільм, што не жадаецца, каб ён сканчваўся.
Кіно павінна быць такім якасным, як новая праца Аляксандра Пэйна.
Нумар 2. Лэдзі Бёрд (Lady Bird). 2017

Грэта Гервіг пакінула моцны сьлед у шэрагу фільмаў пра сталеньне падлеткаў. Яна зьняла гісторыю, якая далікатна шчымлівая і шчырая ў сваёй складанасьці. Вечная праблема бацькоў і ўжо не-дзяцей падлеткавага ўзросту, з марамі, расчараваньнямі і жаданьнем вызваліцца.
Сірша Ронан, адна з самых таленавітых маладых акторак нашага часу, увасабляе дух падлетка на парозе дарослага жыцьця, якая адчайна імкнецца стварыць асобу, адрозную ад свайго кола. Лоры Меткалф у ролі маці Лэдзі Бёрд таксама вельмі пераканаўчая. Адносіны маці і дачкі ў стужцы нагадваюць гледачам пра тонкую мяжу, якая існуе паміж любоўю і раздражненьнем.
Дэбют рэжысэркі атрымаўся выдатным.
Нумар 1. Чатырыста ўдараў (Les quatre cents coups). 1959

Стужка Франсуа Труфо запрашае нас зазірнуць у францускую сям’ю 50-х гадоў. У той час як гульня маленькіх актораў, што здымаюцца ў галоўных ролях, такая пераканаўчая, выкарыстаньне ў фільме іншых дзяцей, якіх нібы здымаюць ледзьве не схаванай камэрай — так усё натуральна выглядае — робіць усю стужку сапраўднай, а таксама часам сьмешнай і трагічнай.
Не ўсе дзеці як тады, так і сёньня маюць такі экстрэмальны досьвед сталеньня, які мы бачым сярод галоўных герояў, якім прыйшлося зьбегчы з дому. Але любы дарослы можа ўзгадаць сябе ў тым пераходным узросьце, калі зь ім абыходзіліся як з дарослым і чакалі, што ён будзе выконваць законы дарослага жыцьця. Хаця па сутнасьці яны яшчэ заставаліся дзецьмі.
Прыемнага прагляду!