Дзяржава забівае па-рознаму. Памяці сапраўднага настаўніка

У дзяцінстве я змяніла тры школы. Пра першую з іх магу распавядаць гадзінамі. Чацвёртая музыкальная гімназія горада Брэста – так яна тады называлася. Апісаць гэтую школу ў некалькіх сказах складана, але кожная хвіліна там была шчасцем.

Анатоль Шэлест

Анатоль Шэлест

З чаго пачаць? Напрыклад, на звычайных лінейках мы танчылі паланэз і сіртакі. А на пачатку другога класа, пасля канцэрта ў актавай залі нам, дзеткам, апранутым у бальныя сукенкі і касцюмы, настаўнікі малявалі фарбамі на шчочках ноты – традыцыйнае прысвячэнне ў музыканты. 

19 кастрычніка, у Дзень гімназіі, вучні пачатковых класаў ладзілі баль з парнымі танцамі, а потым глядзелі чароўны спектакль, у якім старшакласніцы выконвалі ролі грэцкіх муз. Мельпамэна, Тэрпсіхора, Талія – кожная з іх была для нас сапраўднай багіняй.

Зімовым вечарам перад Раством, у прыгожанькіх белых уборах мы спявалі школьным хорам «Ціхая ноч», і адчуванне Боскай прысутнасці было несумненным. Потым з актавай залі прыбіралі крэслы і ставілі замест іх агромністыя сталы, якія ламіліся ад святочнай ежы (яе прыносілі з дома бацькі). І мы святкавалі ўсе разам да позняй ночы.

Раство ў брэсцкай гімназіі №4, 2010 

Раство ў брэсцкай гімназіі №4, 2010 

Я праводзіла ў школе цэлы дзень – спачатку звычайныя заняткі, а за імі музыкальныя. Экзамены па класе фортэпіяна былі ў фармаце маленькіх урачыстых канцэртаў для бацькоў. Эцюды і санаты мы гралі ў камернай залі, на белым раялі. Пасля канцэрту — абавязкова гарбата і торцік з настаўніцай.

За гэтым дзівосным сусветам стаяў адзін чалавек – Анатоль Антонавіч Шэлест. Ён прысвяціў школе 37 гадоў жыцця, 20 з якіх працаваў там дырэктарам. Калі А.А. праходзіў па калідоры, я, дзіцёнак тады, трапятала ад удзячнасці і павагі. Ніхто мяне гэтаму не вучыў, проста інтуітыўна. Усе любілі яго. Ягоныя прамовы падчас урачыстасцяў былі сціплымі і шчырымі. Ён зычыў «здароўя і шчасця ў вашых дамах і ў нашым агульным доме». Кожны год 19 кастрычніка, калі ўсе гімназісты збіраліся ў актавай залі, ён дырыжыраваў агромністым хорам маладзёнаў, якія спявалі гімн «Віват, гімназія». 

Анатоль Шэлест. Фота: Віртуальны Брэст

Анатоль Шэлест. Фота: Віртуальны Брэст

Не магу нават уявіць, якіх сіл спадару Анатолю каштавала выбудаваць гэты дзівосны сусвет у такой вычварэнскай сістэме. І вось яго, маладога яшчэ і здаровага, але такога нязручнага, звольнілі адразу ж па дасягненні пенсійнага ўзросту.

У газеце «Брестский курьер» тады быў апублікаваны эмацыйны зварот бацькоў гімназістаў да тагачаснага старшыні гарвыканкама. Працытуем яго часткова:

«… Наша гімназія стала «другім домам» для нашых дзяцей. Мы спакойныя за іх бяспеку і ўзровень выхавання. Гэта культурная школа, са сваімі традыцыямі, якія разам гадамі стваралі з нашым паважаным дырэктарам Шэлестам Анатолем Антонавічам. Нашы дзеці добра вучацца і добра сябе паводзяць, займаюцца музыкай і спортам, любяць сваю школу і вельмі прывязаны да яе. Нам, бацькам і нашым дзецям вельмі камфортна ў нашай гімназіі.

… Навошта, скажыце, мяняць чалавека, які аддаў нашай гімназіі ўсё жыццё і пабудаваў такую ​​добрую сістэму адукацыі і выхавання, чалавека поўнага сіл і творчых задум на будучыню?»

Гэтае пытанне засталося без адказу. Гімназія без Шэлеста ператварылася ў звычайную, ідэалагічна правільную навучальную ўстанову. Якая там Тэрпсіхора і Мельпамэна.

Бацькі перавялі мяне ў іншую школу, дакладней, у дзве – звычайную і музыкальную. Белы раяль змяніўся чорным піяніна, атмасфера свята на экзаменах – каменнымі тварамі настаўніц, апладысменты пасля няхай бы і неідэальна выкананага эцюда – сухім «спасіба». Поспехаў у фартэпіяна я больш не рабіла. А калі распавядала сваім новым аднакласнікам пра старую школу, здавалася, мы размаўлялі на розных мовах. Яны не верылі, што так бывае, а я не ведала, што можа быць інакш. 

Анатоль Антонавіч Шэлест памёр праз два гады пасля звальнення.

Так я зразумела, што адзін чалавек можа змяніць вельмі шмат. А яшчэ — што дзяржава забівае па-рознаму. Колькі падобных ахвяраў на ейным ліку?