АПК звернецца да ўладаў Польшчы ў сувязі з сітуацыяй з беларускімі абітурыентамі

 «Высвятляецца, з-за чаго з'явіліся праблемы ў тысяч абітурыентаў, якія павінны пацвердзіць атэстаты аб адукацыі ў Беларусі да 26 верасня». 

Ілюстрацыйны здымак 34travel.me

Ілюстрацыйны здымак 34travel.me

Аб'яднаны пераходны кабінет накіруе запыты на сустрэчы ў Міністэрствах вышэйшай адукацыі і замежных справаў Польшчы для "абмеркавання магчымага выхаду з сітуацыі", звязанай з абітурыентамі з Беларусі, піша «Позірк» са спасылкай на прэс-службу АПК.

Прадстаўніца кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык паведаміла аб "праблеме пераадолення цяжкасцей", якія ўзніклі ў беларускіх абітурыентаў польскіх ВНУ ў сувязі з патрабаваннем "прадставіць пры паступленні акрамя дыплома яшчэ і актуальныя вынікі ЦТ з Беларусі".

Летась такое патрабаванне да беларусаў не прад'яўлялася, а было дастаткова атэстата, адзначаецца ў рэлізе.

"Цяпер высвятляецца, чаму ўзнікла такое патрабаванне, з-за чаго з'явіліся праблемы ў тысяч абітурыентаў, якія павінны пацвердзіць атэстаты аб адукацыі ў Беларусі да 26 верасня", — зазначае АПК.

Глядзіце таксама

Пра праблему 29 жніўня паведаміў "Белсат".

25 кастрычніка 2022 года ўрад Беларусі скасаваў пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі з Польшчай. Пасля гэтага беларускія абітурыенты пацвярджалі польскім ВНУ атрыманне сярэдняй адукацыі рознымі спосабамі: рабілі апастылі, пераклады, спрабавалі атрымаць дублікаты дакументаў у беларускіх адукацыйных установах.

У маі 2024 года Міністэрства адукацыі Беларусі перастала прымаць заявы на выдачу даведак, якія пацвярджаюць легальнасць атэстатаў. Такія даведкі запытвалі ў тым ліку польскія ВНУ пры прыёме беларускіх грамадзян на навучанне.

Пазней стала вядома, што Мінадукацыі Беларусі спыніла выдачу нават тых даведак, якія б маглі даказаць, што школа, якую абітурыент скончыў, мае акрэдытацыю (такі дакумент таксама запытваецца польскімі ВНУ).

7 чэрвеня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў заканадаўчыя акты аб дапамозе грамадзянам Украіны, якія апроч іншага спрашчаюць прызнанне беларускіх дакументаў аб адукацыі.

У прыватнасці, сказана, што атэстат аб адукацыі, атрыманы ў краіне, якая дэнансавала міжнароднае пагадненне аб узаемным прызнанні атэстатаў і іншых выдадзеных за мяжой дакументаў, можа быць пацверджаны ў Польшчы.

Аднак беларускія абітурыенты сутыкнуліся з тым, што ў іх пачалі патрабаваць вынікі праведзенага ў краіне цэнтралізаванага тэсціравання.