Агульная стратэгія дэмакратычных сіл адносна выбараў 2025 будзе абраная падчас «грамадскіх абмеркаванняў»
Грамадскія абмеркаванні анансаваў АПК. Аб'яднанне былых сілавікоў BelPol са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што выбары запланаваны на 23 лютага.
«Грамадскія абмеркаванні для выпрацоўкі агульнай пазіцыі» па прэзідэнцкіх выбарах 2025 года анансаваў па выніках паседжання 27 жніўня Аб'яднаны пераходны кабінет (АПК), піша «Позірк».
«Напярэдадні адбыўся відэамост паміж АПК і Офісам Святланы Ціханоўскай, падчас якога бакі прадставілі свае пазіцыі. Раней адбылося абмеркаванне тэмы ў Каардынацыйнай радзе», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы кабінета.
Адзначаецца, што на паседжанні таксама абмяркоўваліся «пытанні вызвалення палітвязняў і пытанні бяспекі, план грамадскіх дзеянняў і графік міжнародных паездак на верасень».
«Былі закрануты пытанні падтрымкі грамадзянскай супольнасці, легалізацыі і мабільнасці беларусаў», — паведамляе прэс-служба АПК.
У 2025 годзе Аляксандр Лукашэнка «зноў разыграе рытуальны фарс і сам сябе прызначыць прэзідэнтам», заявіла Ціханоўская, выступаючы 25 жніўня ў Ольштыне (Польшча) на Campus Poland of the Future "Плошча адкрытай думкі".
«Але ў 2020 годзе ён страціў легітымнасць у вачах грамадзян. Канешне, гэтыя выбары адбудуцца, але калі гэта нешта і легітымізуе, то толькі самога Лукашэнку ў яго вачах. Тое, што адбываецца ў Беларусі, не мае нічога агульнага з выбарамі», — сказала Ціханоўская.
Дэмакратычныя сілы будуць імкнуцца да таго, каб улады «не змаглі правесці свае фальшывыя выбары ў цішыні і без праблем», заявіў 17 жніўня кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніка АПК Павел Латушка.
«Што да дзеянняў канкрэтна на выбарчых участках, то цяпер мы разглядаем варыянт пратэстнага галасавання супраць усіх», — сказаў палітык.
Пра тое, што Цэнтрвыбаркам «гатовы да правядзення прэзідэнцкіх выбараў у любы момант», заявіў старшыня ЦВК Ігар Карпенка дзяржСМІ 17 жніўня.
У тэлеграм-канале камісіі сцвярджаецца, што такім чынам яе кіраўнік «адказаў на розныя домыслы».
14 жніўня аб'яднанне былых сілавікоў BelPol са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што выбары запланаваны на 23 лютага.
Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года.