Кабанчук замест Сахашчыка. Ціханоўская зацвердзіла кадравыя змены ў АПК

На канферэнцыі дэмакратычных сіл «Новая Беларусь», якая сёлета праходзіць у Вільні, агучаны шэраг рашэнняў. Сярод іх — кадравыя перастаноўкі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, які ўзначальвае Святлана Ціханоўская.

Фота rfi.fr

Фота rfi.fr

У тэлеграм-канале АПК паведамляецца аб прызначэнні новых прадстаўнікоў кабінета.

На пасаду прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы прызначаны Вадзім Кабанчук, былы намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага. Раней на гэтай пазіцыі працаваў Валерый Сахашчыкі, які днямі заявіў аб сыходзе ў адстаўку.

Маргарыта Ворыхава ўзначаліць прадстаўніцтва па моладзевай палітыцы, якое ствараецца ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце. Дагэтуль Маргарыта Ворыхава займала пасаду дарадцы па моладзевай палітыцы і студэнцтве ў офісе Святланы Ціханоўскай.

Уладзімір Астапенка цяпер — прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве. Раней гэтае месца займаў Валерый Кавалеўскі, які таксама сышоў у адстаўку.

На пасаду намесніка прадстаўніка па транзіце ўлады АПК узгоднены Арцём Брухан, паплечнік Паўла Латушкі ў Народным антыкрызісным ўпраўленні.

«Дэмакратычная лідарка заклікала Каардынацыйную раду зрабіць свае прапановы па кандыдатурах прадстаўнікоў па эканоміцы і фінансах, па аднаўленні законнасці і правапарадку і па пытаннях мабільнасці і легалізацыі беларусаў», — гаворыцца ў паведамленіі АПК.


Глядзіце таксама

На канферэнцыі Ціханоўская таксама абвясціла пра стварэнне Беларускага пашпартнага цэнтра і прадставіла яго дырэктара. За тэхнічны бок выпуску пашпарта Новай Беларусі цяпер адказвае літовец Марыюс Гудзелайціс.

«Еўрарадыё» звяртае ўвагу, што першае, што можна знайсці пра новага дырэктара Беларускага пашпартнага цэнтра — Гудзелайціс любіць гатаваць мяса на грылі і займаецца гэтым ужо больш за 20 гадоў. Еўрарадыё атрымала эксклюзіўную магчымасць задаць яму некалькі пытанняў.

— Раскажыце пра ваш бэкграўнд. Адкуль вы прыйшлі на гэтую пасаду?

— Я доўгі час працаваў у літоўскіх дзяржаўных службах і органах, якія патрабуюць высокага ўзроўню адказнасці і бяспекі. Потым удала займаўся некалькімі камерцыйнымі і некамерцыйнымі праектамі. Цяпер прыняў новы выклік для сябе — па працы над гэтым праектам. Вельмі хачу дапамагчы беларускаму народу.

— Як вывесці праект пашпарта Новай Беларусі з крызісу?

— Праект адчуваў некаторыя складанасці, але цяпер мы аднавілі працу... Маштабна аднавілі. Праца працягваецца, праект развіваецца. Пашпарт будзе!

— Ці можна казаць пра нейкія тэрміны?

— Я не хацеў бы казаць пра тэрміны. Ужо гучала шмат абяцанняў да мяне... Калі будуць добрыя навіны — мы адразу аб'явім.

— Паўгода, год? Вечнасць?

— Вечнасць — вядома, не. Мы старанна працуем, каб паскорыць выпуск дакумента.

— У якім стане зараз знаходзіцца пашпарт? Ужо можна яго патрымаць у руках?

— Макет ужо зацверджаны. Каманда актыўна працуе над падрыхтоўкай сэмплаў.

— Макет — гэта пашпарт звыклага нам памеру?

— Макет — гэта кампутарная мадэль. Фізічнага экзэмпляра пашпарта пакуль яшчэ няма.

— Як справы з прызнаннем пашпарта Новай Беларусі?

— Гэта палітычная задача, а я адказваю за тэхнічную частку праекта. Але хачу сказаць, што гэта важны праект, і нам патрэбная падтрымка саміх беларусаў. Толькі калі беларусы будуць верыць у гэты праект — у яго павераць і замежнікі.