Класкоўскі: Лукашэнка прымушае беларусаў вольна ці мімаволі перагарнуць старонку 2020 года. А што дэмсілы?

Завяршылася чарговая канферэнцыя дэмсіл «Новая Беларусь». Аляксандр Класкоўскі аналізуе яе вынікі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

«Не дапусціць легітымацыі рэжыму Лукашэнкі ў вачах беларускай і міжнароднай супольнасці» — так сфармуляваная першая мэта «Платформы 2025». Дакумент прэзентаваны на канферэнцыі «Новая Беларусь 2024», якая прайшла ў Вільні 3-4 жніўня. Такім чынам, сёння на першым плане ў мэйнстрыму палітычных праціўнікаў рэжыму — віртуальная спрэчка з фактычным кіраўніком, хто больш легітымны: ён ці Святлана Ціханоўская. Пытанне пра дэмакратычныя перамены ў краіне ў практычнай плоскасці не стаіць.

Гэта — горкая рэальнасць. Сёння Беларусь значна далей ад перамен, чым чатыры гады таму. Мірнае паўстанне 2020 года пацярпела паразу. Аляксандр Лукашэнка зацэментаваў сітуацыю коштам жорсткіх рэпрэсій і яшчэ большай прывязкі Беларусі да імперыі, піша Аляксандр Класкоўскі на «Позірку».

Ці атрымаецца ў Кабанчука тое, што не атрымалася ў Сахашчыка?

Варта нагадаць, што ў снежні мінулага года дэмакратычныя сілы, згрупаваныя вакол Ціханоўскай, прэзентавалі стратэгію пераходу да новай Беларусі. Гэты пераход шмат у чым завязаны на гіпатэтычны момант сур'ёзнага паслаблення Расіі.

Аднак цяпер расійскія войскі ва Украіне наступаюць. Спадзевы, што рэжым Уладзіміра Пуціна хутка захістаецца пад ударамі УСУ і заходнімі санкцыямі, не апраўдаліся. І пытанне пра запас трываласці пуцінскай сістэмы на сёння застаецца адкрытым. А ад гэтага, у сваю чаргу, залежыць трываласць рэжыму Лукашэнкі.

Беларускі добраахвотнік Андрэй Кушнераў адзначыў на канферэнцыі: нават калі Украіна выходзіць на межы 1991 года, «гэта для Беларусі толькі магчымасць, пачатак шляху для нейкіх дэмакратычных змен». Ён таксама падкрэсліў: «Расія Беларусь ніколі па добрай волі не адпусціць».

Трэба аддаць належнае: Ціханоўская на фоне размоў пра кадравы крызіс у Аб'яднаным пераходным кабінеце (АПК), якім яна кіруе, хутка знайшла замену нечакана «міністру абароны» Валерыю Сахашчыкуякі пайшоў у адстаўку. Яго месца заняў былы намеснік камандзіра палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) Вадзім Кабанчук.


Глядзіце таксама

З аднаго боку, гэта быццам бы плюс: у Сахашчыка адносіны з ПКК відавочна не клеіліся. З іншага боку, з самім ПКК адбываюцца не зусім зразумелыя вонкаваму назіральніку трансфармацыі. Складваецца ўражанне, што ўкраінскі ГУР бярэ гэтую сваю вайсковую частку пад больш жорсткі кантроль. І ў прынцыпе зразумела, што Кіеў не мае намеру ўзвальваць на сябе місію звяржэння Лукашэнкі.

Так, створаны рух «Каліноўцы», гаворка ідзе пра назапашванне патэнцыялу беларусаў — праціўнікаў рэжыму з баявым досведам. Аднак шанец стварыць за мяжой нейкі правобраз, касцяк будучага войска дэмакратычнай Беларусі пакуль больш чым зыбкі. Лёс беларускіх парамілітарных утварэнняў у Польшчы, Літве застаецца незразумелым. Паводле прызнання Кабанчука, у іх дэфіцыт фінансаў, рыштунку, ёсць унутраныя спрэчкі. Дадамо: улады гэтых краін наўрад ці зацікаўленыя ў нарошчванні такіх структур.

Увогуле, місія новага «міністра абароны» АПК выглядае вельмі няўдзячнай. Пры гэтым цяжка спрачацца з яго і іншых выступоўцаў аргументам: дыктатары разумеюць толькі мову сілы. Праблема ў тым, што на сёння перавага ў грубай сіле — на баку Лукашэнкі, за спінай якога маячыць Масква.

Гебрэмарыям: нават з тэрарыстамі вядуць перамовы

У прыватнасці, кіраўнік Беларусі відавочна не ў тым становішчы, каб пад ціскам санкцый масава вызваляць палітычных вязняў. Гэтая балючая тэма была адной з галоўных на канферэнцыі.

Як адзначыў галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, праблема ў вялікай ступені звязаная «з псіхатыпам Лукашэнкі».

Так, правадыр рэжыму з пагардай ставіцца да тых, каго называе «збеглымі», не лічыць іх патэнцыйным бокам перамоў. Калі ён і гатовы (ці будзе гатовы) весці нейкі дыялог пра лёс палітвязняў, то з Захадам. Дэмсілам застаецца толькі апеляваць у гэтым пытанні да заходніх актараў, старацца, каб яно не танула ў іх парадку дня.

Немагчыма прыдумаць цудадзейную стратэгію, якая дазволіла б шырока расчыніць дзверы вязніц. Але важна, каб у дэмсіл была, прынамсі, кансалідаваная пазіцыя, агульная платформа, каб яны гаварылі на гэтую тэму адным голасам. Сёння заходнікам, мабыць, няпроста зарыентавацца, каго слухаць: тых, хто стаіць на максімалісцкіх пазіцыях (толькі ціснуць на рэжым!), або тых, хто за гранічна гнуткі падыход, магчымасць кампрамісаў.

Спікерка Каардынацыйнай рады (КР) Анжаліка Мельнікава прызнала, што ў гэтым пытанні, на жаль, «агульнага разумення ў нас пра наша супрацоўніцтва пакуль няма», і прапанавала пляцоўку КР для выпрацоўкі агульнай стратэгіі па палітвязнях. Адзначым, што ранейшы склад КР доўга таптаўся вакол гэтай тэмы, але нічога выразнага так і не згенераваў.


Глядзіце таксама

Сябра КР Алана Гебрэмарыям, якая сама адседзела за палітыку, заявіла на канферэнцыі, што «цяпер адкрылася "акно магчымасцей" [для вызвалення палітвязняў], якім трэба скарыстацца».

Яна раскрытыкавала пазіцыю тых, хто лічыць, што «з дыктатурай не можа быць перамоў, што людзі [асуджаныя па палітычных матывах] зрабілі свой выбар, што нельга прызнаваць віну і яны павінны стойка вытрымаць гэты шлях». Паводле слоў Гебрэмарыям, «нават з тэрарыстамі вядуць перамовы, каб даставаць людзей з палону».

Варта нагадаць, што на пачатку ліпеня Лукашэнка даў адмашку на вызваленне групы палітвязняў. Што стаіць за гэтым жэстам — пачатак нейкага працэсу?

Ва ўсялякім выпадку, нядаўні вялікі абмен зняволенымі паміж Расіяй і ЗША (Мінск у гэтым кейсе таксама ўскосна фігураваў) паказаў, што могуць быць розныя нестандартныя варыянты. Хай не прарыўныя, але яны ратуюць канкрэтных людзей.

Яшчэ адна нязменная фігура?

Яшчэ адзін дакумент канферэнцыі — пратакол узаемадзеяння паміж Ціханоўскай, КР, АПК і яе Офісам. Заяўлена, што Ціханоўская, якая «перамагла на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года», будзе выконваць ролю нацыянальнай лідаркі да правядзення сумленных і свабодных выбараў у Беларусі альбо да ўласнага рашэння спыніць сваю дзейнасць у гэтым амплуа.

Гэты дакумент ужо выклікаў іронію ў часткі крытыкаў Ціханоўскай і яе каманды: маўляў, вось, беларусы атрымалі яшчэ адну нязменную фігуру.

У любым выпадку, дакумент фіксуе кансэнсус толькі паміж некалькімі суб'ектамі дэмсіл, так ці інакш звязанымі з Ціханоўскай. Гэта не азначае, што дэклараваны статус нацлідаркі будуць прызнаваць яе адкрытыя апаненты ў шэрагах праціўнікаў рэжыму (скажам, рух «Вольная Беларусь» Зянона Пазняка).

Галоўнае ж пытанне — як будуць успрымаць Ціханоўскую (і, калі шырэй, рэальнасць дэмакратычных перамен) на «вялікай зямлі», у беларускім грамадстве — па меры таго, як падзеі 2020 года аддаляюцца. Рэальныя настроі думак ніякімі пратаколамі, падпісанымі ў Вільні ці Варшаве, не рэгламентуеш.

На думку сябра КР Андрэя Ягорава, легітымнасць рэжыму ў вачах саміх беларусаў унутры краіны расце. Гэты тэзіс цяжка праверыць, нармальныя сацапытанні немагчымыя.

Але падобна, што павялічваецца электаральнае балота, становіцца больш тых, хто сыходзіць ад палітычных пытанняў у ракавіну бытавухі. Інакш кажучы — зміраецца з рэчаіснасцю. А частцы абывацеляў Лукашэнкі і яго прапаганда і зусім давялі тэзіс, што менавіта мудрасць і цвёрдасць правадыра ратуюць краіну ад вайны.

Лукашэнка прымушае беларусаў вольна ці мімаволі перагарнуць старонку 2020 года. У гэтым сэнсе прэзідэнцкія выбары 2025 года, хоць тысячу разоў назаві іх «бязвыбарамі», могуць стаць важнай адбіўкай, псіхалагічнай мяжой. І для беларускага грамадства, і для замежжа.


Глядзіце таксама

«Платформа 2025» — спроба дэмсіл даць адказ на гэты выклік — уяўляе сабой досыць дэкларатыўны дакумент. Іншага і цяжка было чакаць. Згуляць на зачышчаным палітычным полі, якое наскрозь прастрэльваецца рэпрэсіўным рэжымам з элементамі таталітарызму, — задача практычна невыканальная.

Пакуль мэйнстрым дэмсіл не вызначыўся, што выбраць: байкот або заклік галасаваць супраць усіх. Але калі становішча ўладаў раптам рэзка не пагоршыцца, абедзве стратэгіі выглядаюць апрыёры слабымі.

Застаецца ў асноўным толькі сфера інфармацыйнай барацьбы. Плюс апеляцыя да Захаду, каб той не прызнаваў Лукашэнку («дамагацца дэлегітымацыі рэжыму дыпламатычнымі дзеяннямі», як гэта сфармулявана ў «Платформе 2025»).

Аднак ад непрызнання Захадам Лукашэнка не пасыпле галаву попелам і не сыдзе ў адстаўку. Так, ён неабыякавы да пытання легітымнасці, унутранай і знешняй, але пры гэтым без ваганняў гатовы кампенсаваць яе дэфіцыт насаджэннем татальнага страху і апорай на Крэмль.

Здавацца або змагацца — кожны выбірае сам

Мы жывем у цёмныя часы. І часта менавіта на структуры дэмакратычных сіл, іх лідараў выплюхваецца фрустрацыя тых, хто хоча перамен у Беларусі, але страціў надзею іх дачакацца.

Бясспрэчна, падстаў крытыкаваць штабы палітычнай эміграцыі — вагон і маленькі вазок. Аднак важна ўсведамляць, што ў цяперашняй сітуацыі, калі зло — на кані, калі ў разгары перыяд рэакцыі, цудоўным чынам пераламаць ход падзей немагчыма.


Глядзіце таксама

Сёння ясна, што Фрэнсіс Фукуяма моцна пагарачыўся, калі абвясціў на пачатку 1990-х пра канец гісторыі — у тым сэнсе, што ліберальная дэмакратыя ў сусветным маштабе, па вялікім рахунку, маўляў, перамагла.

Цяпер дэмакратыя ў крызісе, мы выразна бачым яе слабыя месцы, што паказала, у прыватнасці, вайна ва Украіне. Аўтакраты, дыктатары спрабуюць навязаць свету свае правілы, узяць рэванш. Антыдэмакратычныя альянсы дэманструюць сілу і нахабства.

Зыход гэтай барацьбы зусім не наканаваны — і для свету ў цэлым, і для Беларусі ў прыватнасці. Ні Ціханоўская, ні Павел Латушка, ні Пазняк, ніхто іншы не прапануюць чароўнага рэцэпту, як перамагчы тыранію.

Здавацца або змагацца — кожны выбірае сам.