«Пуцін баяўся Навальнага — і Навальны мёртвы. Лукашэнка баіцца ўсіх сваіх праціўнікаў...»

Падабенства прыроды аўтакратаў дае падставы для зусім не суцяшальных высноў. Асабліва калі гэта пытанне чалавечых жыццяў, узятых у закладнікі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Учора (2 жніўня.Заўв. рэд.), малады і дзёрзкі кандыдат у прэзідэнты УНС А. Р. Лукашэнка нацягнуў на сябе сумнеўны з эстэтычных пазіцый касцюм і адправіўся на негалубым верталёце ў Прудкі патрымацца за мікрафон.

Там, дарэчы, эстэтычную расправу ўчынілі яшчэ і над маленькай дзяўчынкай, якую апранулі ў майку відавочна таго ж брэнда, што і спартыўны касцюм Лукашэнкі. Карацей, перад дзяўчынкай сорамна, перад людзьмі таксама.

І так выйшла, што «ключавая фігура» ў дыялогу паміж Белым домам і Крамлём (у Прудках ён выступаў у ролі страхара, перажываў за латы) — АГЛ — быў проста не ў стане не пахваліцца сваімі дасягненнямі ў галіне гуманітарных інтрыг. Наогул, усе гэтыя перадвыбарныя экзэрсісы на прыродзе да лета 2025 года, баюся, набудуць маштабы такой шызафазіі, што я перастану ацэньваць іх і здзекавацца ўласнаручна — дастаткова будзе проста пераказаць, захоўваючы як мінімум фразеалогію і месцамі фанетыку — для каларыту.

Зрэшты, пра выбары яшчэ будзе час пагаварыць — пазней, піша аўтар ТГ-канала «Политонелогия».

Так ці інакш, пачалося ўсё, наколькі я разумею, з палоннага немца, які з невядомай, калі шчыра, прычыны вырашыў на вольным часе падарваць рэйкі. Дэталі, думаю, вы ведаеце — пераказваць не буду. Можаце пачытаць Людмілу Гладкую — яе ўнёсак у дыскрэдытацыю ўсёй іх прапагандысцкай замалёўкі неацэнны. Нам жа важная толькі канцоўка. Ёсць два дзэн-будысцкія паняцці, адно з якіх сапраўднае — «воплеск адной даланёю», а другое не вельмі сапраўднае — яго прыдумаў Вадзім Пракоп'еў: «Двуххадоўка Е2-Е4». Я да мінулага тыдня не разумеў, што крыецца за канцэпцыяй беларускага рэстаратара, пакуль АГЛ не схадзіў: «Пакаранне — памілаванне».


Глядзіце таксама

Я далёкі ад думкі, што ўладальнік спартыўнага касцюма лётаў на Валаам проста менавіта дзеля гэтага, але, думаю, агульную канву яны з уладальнікам уласнай чырвонай дарожкі Пуціным абмеркавалі. Тое, што Крыгер немец, важна менавіта ў кантэксце германскай ролі ў абмене. Наогул, цяжка аўтакратам з гэтымі дэмакратыямі. У аўтакратаў — як сказаў гаспадар, так і будзе. А бедны Шольц вымушаны лавіраваць, дамаўляцца і рызыкаваць сваёй палітычнай кар'ерай. Карацей, я амаль упэўнены, што Крыгера ўваткнулі ў абмен як дадатковы, і, увогуле, важкі аргумент для чыноўнікаў ФРГ. У гэтым сэнсе роля Лукашэнкі сапраўды вялікая. Ён сапраўды незаменны. Ён — людаед. У яго — людаеда — смяротнае пакаранне. Наколькі ўся аперацыя па завабліванні відавочна не вельмі разумнага немца справа рук КДБ — меркаваць не бяруся, бо не сілавік. Скажу толькі, што апісаная справа выглядае недарэчна. Што прапагандысцкі напал занадта вялікі. Што збег абставінаў занадта гучна крычыць не на карысць выпадковасці.

Акрамя таго, вербавальныя гульні, аперацыі пад ілжывым сцягам і рубрыка «сама прыдумала — сама пакрыўдзілася» — гэта цалкам стыль беларускага КДБ. Яны потым пра гэта фільмы здымаюць. Можна запярэчыць, маўляў, бо выбух адбыўся. Звычайна яны абмяжоўваюцца прэвентыўным адпорам у выглядзе гераічнага арышту і наступнага прызнання па паперцы. Так, згодны, але абстаноўка мяняецца. Па-першае, адзін з перадвыбарных тэзісаў дзяржавы круціцца вакол уяўных нарастаючых пагроз і доблеснага іх пераадолення асабіста АГЛ (падвод войскаў да мяжы з Украінай і адвод іх — тая ж двуххадоўка Пракоп'ева), заўважу, без усякага аўтаматнага ражка. Цяпер трэба нагнятаць. І другое: ну не могуць жа яны ўвесь час паўтарацца, уладкоўваючы камерныя кабінетныя пастаноўкі. Драматургія патрабуе развіцця прапагандысцкіх прыёмаў. Дарэчы, растлумачу Людміле Гладкай, чаму ўсміхаліся супрацоўнікі германскага консульства. Нягледзячы на тое, што Еўропа праяўляе відавочную некампетэнтнасць у пытаннях, звязаных з нашым рэгіёнам, — трэба быць клінічным ідыётам, каб паверыць, быццам грамадзяніна Германіі расстраляюць. Я, як даведаўся, таксама горка ўсміхнуўся.


Глядзіце таксама

Карацей, сышоў палонны немец у топку абменнага фонду, і цяпер мы можам пра яго забыцца. Хіба што ён сцяміць крыху пазней расказаць, як была справа. І засталіся мы пры сваіх: Пуцін з Красікавым... Buenas, с*ка, noches, АГЛ у Прудках, а дэмакратычныя сілы з пытаннем: «А як жа нашы?»

На гэтае пытанне некаторыя эксперты паспяшаліся даць адказ спрошчаны і, на мой погляд, не зусім дакладны. І другая прычына, з якой я вырашыў спыніцца на тэме абмену — менавіта ў тым, наколькі я не згодны з іх развагамі.

Розніца паміж Лукашэнкам і Пуціным

Справа ў тым, што, на мой погляд, унутрыпалітычныя сітуацыі ў РФ і ў РБ, нягледзячы на ўсе развагі пра несуб'ектнасць АГЛ з пазіцыі знешняй палітыкі — гэта два цалкам розныя трэкі. Так, безумоўна, абедзве аўтакратыі, проста зыходзячы з падобнай іх прыроды, паводзяць сябе ледзь не аднолькава: і там, і там адбываецца актыўная раскрутка рэпрэсіўнага апарата. Паслядоўная і несупынная. Аднак прычыны ў гэтага розныя. Для Лукашэнкі такі ўзровень рэпрэсій — залог выжывання. Для Пуціна ў нейкай ступені таксама, але я ж сказаў — калегі-аналітыкі спрашчаюць: справа ў нюансах.

Перапалоханы да смерці лёсам усіх дыктатараў гісторыі, насельнік абедзвюх вежаў Крамля вырашае праблему значна больш складаную: ён спрабуе на ўзроўні інстытутаў і соцыума пераабраць уласную дзяржаву. З часам, так бы мовіць, гуляе. Ён, будучы такім жа людаедам і цемрашалам, як АГЛ, не разумее, што мог адпусціць Навальнага гэтак жа, як адпусціў Яшына і Кара-Мурзу. Практыка паказала, што бягучая канфігурацыя расійскага грамадства, на жаль, не дазваляе скінуць яго. Не падводзячы нават да перакульваючых выбараў, як было ў Лукашэнкі ці як ужо двойчы здарылася ў Мадуры.

Бо самае каштоўнае ў перакульваючых выбарах — тое, што яны на ўзроўні свядомасці спрацоўваюць незалежна ад аб'ёмаў фальсіфікацый. Патапі ўчасткі ў «левых» бюлетэнях — а значная большасць усё роўна будзе ў курсе, што ты прайграў. У гэтым сэнсе ў Пуціна сітуацыя сапраўды прасцей, чым у АГЛ. Праўда, і наступствы будуць куды горш, але, баючыся Навальнага, ён можа не баяцца Яшына. І чаму ж Красікаў? Ну, акрамя ўнутраных прычын, якія мы калі-небудзь высвятлім. Красікаў і іншыя шпіёны (buenas, с*ка, noches) упісваюцца ў канцэпцыю фармавання «новых эліт». Ветэраны СВА, сілавікі... спявак Шаман. Пуцінская сістэма займаецца актыўнай прымітывізацыяй сацыяльна-палітычнай прасторы ў Расіі.


Глядзіце таксама

Тых, каго адпусцілі, калектыўны Дугін ужо назваў «агентамі заходніх спецслужбаў». Пытанне закрытае.

На фоне гэтага, калі вярнуцца да Лукашэнкі, — з'яўляецца навіна, што Пачобута ў палацы хакея на траве гатовыя памяняць на Латушку. Зусім іншая палярнасць. Закладнік на закладніка — і гуманітарнае вызваленне. І тут крыецца недакладнасць калег-палітолагаў: няўдзел беларускіх палітычных зняволеных у абменным працэсе — гэта, на жаль, следства дастатковай суб'ектнасці рэжыму АГЛ. І ў плане знешняй палітыкі, і ўжо сапраўды ў сэнсе ўнутранай. І так, яшчэ адно адрозненне: для Пуціна такі абмен — гэта замежнапалітычнае пытанне. А для Лукашэнкі — выключна ўнутрыпалітычнае. Звярніце ўвагу, на гістарычнай нарадзе па Крыгеры не было ні аднаго прадстаўніка МЗС.

Гандаль палітвязнямі: быць ці не быць?

І тут адкрываецца яшчэ адзін нюанс. Нюанс вельмі сумны. Ёсць верагоднасць, што на сённяшні дзень Еўропе і ЗША сапраўды складана знайсці нешта, чым можна гандлявацца з Лукашэнкам. Гэта іранічна, бо ў корані ляжыць усё-ткі менавіта залежнасць ад Расіі. З-за вайны, з-за таго, якую пазіцыю саўгасны геастратэг заняў, яму не дапаможа зняцце санкцый. Праблема перакладзеная ў плоскасць «ідэалогіі». Ён — у счэпцы. Да таго ж, на жаль, многія санкцыі звязаныя з тым, што Беларусь — гэта шчыліна для Масквы.

І тут нічога не зробіш. Эскалацыя на межах — сама па сабе прадмет гандлю, і ў гульню гэтую двое гуляюць. Гандаль тут будзе, я мяркую, за дэканструкцыю міграцыйнага крызісу — але ён як быццам бы рэч у сабе. Практыкаванні ў амністыі таксама спрацаваць асабліва не маглі. Навіна выдатная, але маментальна тоне ў аб'ёме затрыманняў, якія адбываюцца ледзь не штодня. Так, нядаўна паведамлялі, што яны ціснуць на палітычных зняволеных у плане прашэнняў аб памілаванні. Толькі ў мяне няма перакананасці, што гэта рух у бок знешняга дыялогу. Вельмі паказальны ў гэтым сэнсе, на мой погляд, выпадак Дар'і Лосік, якую гэтыя жывёлы відавочна прапусцілі праз прапагандысцкі канвеер дзеля карцінкі. Асабліва калі ўлічыць, што цяпер наступіў момант, калі ў многіх папросту заканчваюцца тэрміны зняволення.

Лукашэнку патрэбна стабілізацыя, а гуманітарны трэк падобнага кшталту не можа выліцца ў трансфармацыю міждзяржаўных адносінащ. Акрамя таго, не вельмі ясна: уласна, праз крамлёўскі «кацёл», у які трапіў Лукашэнка, якая рамка гэтай стабілізацыі.


Глядзіце таксама

У прынцыпе, тут АГЛ можа чарговым разам падзякаваць «сябру вову» і памаліцца яго вайне: здаецца, менавіта з пачаткам уварвання пройдзеная тая мяжа, пасля якой гуманітарная аддзяляецца ад палітычнай. Лукашэнка так ці інакш суагрэсар і шантажыст. І цяпер у спектры рашэнняў кропка realpolitik, мабыць, моцна зрушаная. Прагматыка, верагодна, цяпер не ў тым, каб, заплюшчваючы вочы і, пажадана, вушы (бо прапагандысты пакуль не змаглі спыніцца і працягваюць лупіць па здаровым сэнсе псеўдоімперскай еўразійскай ахінеяй ў стылі Салаўёва) будаваць канструктыўныя адносіны.

Павел Слюнькін у каментары «Медузе» сказаў, што гэты абмен — «вельмі балючы ўдар па беларусах». Гэтую выснову я бачу ілжывай. І паслугі плакатнага ката ад Лукашэнкі ніякай ролі не адыгрываюць — гэта ўсяго толькі паслугі. Усё ж іншыя праекцыі пагаршаюць псіхалагічную абстаноўку ў стане дэмакратычнага руху і фармуюць небяспечныя ілюзіі. Пытанне пра тое, ці маглі Офіс, Кабінет ці яшчэ хто з гэтага флангу паўплываць на працэс абмену пакуль пакіну: яно мне спатрэбіцца да тэксту пад канец канферэнцыі (канферэнцыі дэмсіл Новая Беларусь 2024. — Заўв. рэд.).

І скажу рэч зусім жудасную. Прызнаюся, не хачу гэтага гаварыць. Прызнаюся, чакаю абвінавачанняў ва ўпадніцтве. У мяне былі прэтэнзіі, што, вольна ці мімаволі, але спрацаваў я на рэжым і дэмаралізацыю. Аднак я ўпэўнены, што пра гэта варта папярэдзіць, таму што праекцыі, якія бачу я, абапіраюцца на тую самую падобную прыроду аўтакратаў.

Пуцін баяўся Навальнага — і Навальны мёртвы. Не так важна ў рамках гэтай размовы, забілі яго ў адзін момант ці занадта паспяхова давялі. Лукашэнка баіцца ўсіх сваіх праціўнікаў. Праціснуць яго на масавае вызваленне, думаю, не выйдзе. А вось ці будуць ахвяры — такія, як Навальны, — калі ў кагосьці знойдзецца палітычная воля зладзіць падобны гандаль з Лукашэнкам — вялікае пытанне. І нешта я не вельмі хачу ведаць на яго адказ.