Легітымізацыя Лукашэнкі ў абмен на палітвязняў. Ці сапраўды такі сцэнар спрацуе
Прызнанне суб’ектнасці і легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі неабходная для вызвалення палітвязняў і паляпшэння грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі. З такой заявай на трэцяй канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» выступіў экс-кіраўнік дэмакратычнага протапарламенту Андрэй Ягораў. Але ягоная ідэя не выклікала ўсеагульнага ўхвалення з прычыны адсутнасці гарантыяў эфектыўнасці такога кроку, піша Белсат.
Былы спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў, які цяпер называе сябе апазіцыяй у КР, падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 3 жніўня заклікаў радыкальна змяняць стратэгічныя падыходы дэмакратычных сілаў. Паводле яго, зменаў у кароткатэрміновай перспектыве не бачна, слоган «рабіць больш», як і «спадчына 2020 года» не можа працаваць.
Палітык заявіў, што ад мэтаў 2020 года Беларусь толькі аддаляецца, прыхільнікаў пераменаў паменела, легітымнасць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі расце, прызнання дэмакратычных сілаў у якасці альтэрнатыўнага ўраду не адбылося. Ён заклікаў «заняцца сабой» і думаць на перспектыву на дзесяць і больш гадоў, а бягучым прыярытэтам зрабіць прыярытэтам вызваленне палітвязняў. Дзеля гэтага ён нават дапусціў частковае прызнанне легітымнасці Лукашэнкі, як то вяртанне амбасадараў.
«Змены ў сітуацыі рэакцыі звычайна не адбываюцца. Для таго, каб мы мелі шанцы на новыя змены, патрэбная сітуацыя адлігі, лібералізацыі, большай свабоды дзеянняў для суб'ектаў грамадзянскай супольнасці і палітычных суб'ектаў. Таму мы мусім арыентавацца на стварэнне гэтай сітуацыі. І нейкія формы дыялогу і прызнання яго субʼектнасці неабходныя для таго, каб рухацца для стварэння гэтай сітуацыі», — патлумачыў Ягораў сваю пазіцыю ў каментары карэспандэнту «Белсату».
На яго думку, у гэтым сэнсе няма прызнання паразы, а толькі «сітуацыі, як яна ёсць».
Ідэя Ягорава выклікала рэзкую крытыку з боку шэрагу прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў. Гэтак, прадстаўніца супольнасці «Сумленныя людзі», былая віцэ-спікерка КР Алена Жываглод назвала яе «нонсэнсам, абсурдам».
«Мне падаецца, што гэта гучыць як, на што гатовы пайсці людзі, хто называе сябе апазіцыяй ці меншасцю ў дэмакратычных сілах для таго, каб здзівіць, вылучыцца. Гатовыя, атрымліваецца, нават пайсці на легітымізацыю рэжыму. Я не падтрымліваю», — сказала яна.
На яе думку, Ягораў спекулюе на тэме палітвязняў і іх абмену, калі гуманістычную пазіцыю спрабуюць закласці палітыкі, «якія гавораць, на што заўгодна можна ісці дзеля таго, каб перамаўляцца пра палітычных зняволеных». Не адмаўляючы магчымасці саміх перамоваў, Жываглод падкрэсліла недапушчальнасць легітымізацыі рэжыму.
Захад не лічыцца з дэмакратычнымі сіламі
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў сваім аглядзе на сайце «Позірку» адзначыў, што дыскусія на віленскай канферэнцыі абвастрыла пытанне адносна эфектыўнасці замежных штабоў беларускай апазіцыі.
«Галоўная ж праблема ў тым, што ступень легітымнасці рэжыму, яго правадыра вызначаецца не спрэчкай на канферэнцыі. Тут мы маем справу з працэсамі, якія адбываюцца ў свядомасці грамадства (а шараговыя грамадзяне ў масе сваёй жадаюць жыць тут і цяпер). А таксама — калі казаць пра вонкавую легітымнасць — у свядомасці замежных палітычных актараў», — мяркуе Класкоўскі.
Ён падкрэсліў, што менавіта заходнія краіны, а не дэмсілы, вырашаюць, вяртаць амбасадараў ці не. Аналітык нагадаў, што тыя ўжо прызналі легітымнасць кіраўніка Венесуэлы Нікаласа Мадуры, хоць раней рабілі стаўку на прадстаўнікоў апазіцыі. А ў Лукашэнкі, паводле Класкоўскага, становішча «больш выйгрышнае». Ён таксама заявіў, што ўплыў дэмакратычных сілаў на палітыку Захаду працягне слабець, што ўжо паказала сітуацыя з абменам вязнямі паміж Расеяй і Беларуссю і заходнімі краінамі, пра які дэмсілам нават не паведамілі. Не задумваецца Захад і пра «пабочны эфект» санкцыяў на беларусаў, у тым ліку праціўнікаў рэжыму, якія ён уводзіць у дачыненні Беларусі.
Заяўляючы, што «каманда Ціханоўскай здзейсніла нямала памылак», Класкоўскі разам з тым падкрэсліў: «яе прынцыповыя апаненты з ліку супернікаў рэжыму вялікімі поспехамі пахваліцца не могуць».
«І страціць у звадах той капітал, які напрацаваны гэтай камандай, было бы неразумна», — адзначыў аналітык.
На яго думку, дэмсілам «важна прынамсі цвяроза асэнсаваць рэаліі» і «адмовіцца ад вербальнага максімалізму, які ўжо відавочна не коціць», а таксама шукаць больш гнуткія метады і нестандартныя рашэнні для вызвалення палітвязняў. Класкоўскі мяркуе, што падыход Ягорава наўрад ці будзе дамінаваць сярод кіраўніцтва дэмакратычных сілаў, але «інерцыя лозунгаў 2020 года, шэрагу ўстановак апазіцыйнага мэйнстрыму працуе ўсё слабей ці зусім перастае працаваць».
Таму, заявіў ён, дэмсілам варта рыхтавацца да «звышмарафону», хоць і не выключаць магчымасці «чорнага лебедзя» для рэжыму.
Рэальныя клопаты пра палітвязняў ці проста піяр
Кансультант у міжнародных палітычных рызыках Мікола Пачкаеў у сваю чаргу адзначыў у каментарах у Facebook, што рэжыму патрэбнае не столькі сімвалічнае прызнанне легітымнасці, колькі «скасаванне эканамічна-адчувальных санкцыяў».
«Аднак амаль усе эканамічныя санкцыі ўведзеныя не за рэпрэсіі, а толькі з 2022 за ролю ў пуцінскай вайне. Скасаваць іх за вызваленне вязняў юрыдычна немагчыма», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што Лукашэнка «заўжды настойваў на выключэнні любой беларускай апазіцыі з перамоўнага працэсу».
Таму, мяркуе кансультант, свае заявы Ягораў рабіў не ў гуманітарных мэтах, а ў палітыка-тактычных: «зарабіць медыйную рэпутацыю гуманіста на пустым месцы, у поўнай свядомасці аб не толькі непрымальнасці, але і немагчымасці да рэалізацыі сваіх гучных прапановаў».
Пачкаеў таксама сумняваецца ў здольнасці рэжыму Лукашэнкі да большай гнуткасці ва ўмовах вайны ва Украіне і прывязанасці да Расеі, а значыць, Захад наўрад ці пойдзе на паслабленне санкцыяў адносна Менску.
«Калі заўтра скасаваць усе санкцыі, уведзеныя за ўнутраныя рэпрэсіі і палітвязняў, разам з уведзенымі з Ryanair, гэта будзе мець мінімальны эканамічны эфект на фоне ўведзеных за вайну. Я думаю афіцыйны Менск гэта таксама разумее, і таму за вызваленне Пачобута патрабаваў не скасаванне санкцыяў, а экстрадыцыю [Паўла] Латушкі. То бок, пакуль сапраўды адсутны рэалістычны прадмет для перамоваў між бакамі, у тым ліку што да вызвалення палітвязняў, і найважнейшы фактар у гэтым — вайна. А беларускую апазіцію Лу[кашэнка] зусім адмаўляецца прызнаць бокам-удзельнікам перамоваў», — падкрэсліў ён.
Пра тое, што выказванне Ягорава — «гэта крышталёва чысты папулізм, за якім нічога не стаіць і ўласна нічога не рушыць услед», піша і журналіст Аляксандр Корнышаў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што «любы гандаль вядзецца сакрэтна і цяпер, нават калі ўявіць, што гэта цікава двум бакам — Захаду і Лукашэнку (насамрэч не цікава), то пасля агучвання гэтай ідэі дакладна ніводзін амбасадар нікуды не паедзе і па гэтым трэку ніхто на волю не выйдзе».
На думку Корнышава, у дэмакратычных сілах ніхто не выступае супраць вызвалення палітвязняў, але «галоўнае пытанне, як гэта можна зрабіць у дзейных умовах».
Тым часам рэжым і ягоныя сілавікі дагэтуль не забыліся на падзеі 2020 года і працягваюць рэпрэсаваць грамадзянаў за пратэсты чатырохгадовай даўніны. А наперадзе ў іх — «прэзідэнцкія выбары» 2025 года. Як заявіў 30 ліпеня кіраўнік МУС Іван Кубракоў, «расслабляцца нельга» і варта рыхтавацца «да любога развіцця падзеяў». І вызваленне палітвязняў ды лібералізацыя сітуацыі ў краіне наўрад ці ёсць тым сцэнаром, да якога рыхтуюцца сілавікі.
Дый выпадак згаданай вышэй Венесуэлы не такі ўжо і адназначны. І пры дэтальным разглядзе можа астудзіць імпэт заходнікаў да паляпшэння стасункаў з Менскам. Захад пасля 2022 года сапраўды зняў санкцыі з рэжыму Мадуры, асабліва ў нафтавай галіне, і прызнаў яго легітымнасць у абмен на правядзенне новых выбараў. Але выбары, якія прайшлі 28 ліпеня, зноў былі прызнаныя сфальсіфікаванымі, зноў адбыліся пратэсты і зноў былі забітыя. І зноў жа ЗША вымушаныя заявіць, што не прызнаюць Мадуру прэзідэнтам. Ці захоча хтосьці цяпер правярнуць той самы трук з Менскам, асабліва ва ўмовах, калі вайна ва Украіне працягваецца, а суседнія краіны наўпрост выбудоўваюць сцены на мяжы з Беларуссю, — упэўненасці няма.