«Вялікі абмен». Чаму дэмсілы не варта шэльмаваць за адсутнасць беларусаў у спісах на вызваленне
Завяршыўся «вялікі абмен» вязнямі паміж краінамі Захаду і Расіяй. Адсутнасць у спісах беларускіх палітзняволеных справакавала чарговы хейт на адрас дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай. Маўляў, гэта яны вінаватыя, што замест умоўнага Іллі Яшына не вызвалілі Марыю Калеснікаву. Чаму гэта вельмі спрэчны наратыў?

Памілаваны Лукашэнкам грамадзянін ФРГ Рыка Крыгер і журналіст WSJ Эванс Гершковіч у самалёце падчас абмену зняволенымі паміж Расеяй і краінамі Захаду, 1 жніўня 2024 года. Фота: ФСБ /EPA-EFE
Абмен вязнямі 1 жніўня 2024 года называюць буйнейшым з часоў Халоднай вайны. У яго былі ўключаныя 24 чалавекі.
З дэмакратычнага боку ў працэсе ўдзельнічалі ЗША, Германія, Нарвегія, Польшча і Славенія. Яны вызвалілі 16 чалавек, у тым ліку шэраг вядомых расійскіх палітвязняў і нямецкага грамадзяніна Рыка Крыгера, асуджанага ў Беларусі да смяротнага пакарання па сфабрыкаванай справе.
Расія ў рамках абмену атрымала восем чалавек — агентаў спецслужб, хакераў да палітычнага кілера Красікава. Пуцін у аэрапорце сустракаў іх абдымкамі на чырвонай дарожцы.
Так, абмен быў праведзены без вызвалення беларускіх палітвязняў. Гэта, вядома, дрэнна. Але ўзнікае пытанне: чаму беларусы ўвогуле павінны былі фігураваць у спісах? Толькі таму, што лукашэнкаўскі рэжым удзельнічаў у гэтым кейсе як утрымальнік Крыгера?
Глядзіце таксама

Ад самага пачатку — а пачалося ўсё, як выглядае, яшчэ ў мінулым годзе — гэта была здзелка паміж ЗША, Германіяй і Расіяй. Прычым вузлавое месца сюжэту было ў Маскве.
Пуцін даўно і моцна дамагаўся вызвалення агента ФСБ Красікава, прысуджанага ў Берліне да пажыццёвага тэрміну. У прэзідэнта РФ гэта быў сапраўдны пункцік — ратаваць важных спецслужбістаў яго абавязваў кодэкс гонару. Своеасаблівы кодэкс, яго можна называць чэкісцкім, мафіёзным. «Сваіх не кідаем» — гэта якраз пра такія выпадкі як з Красікавым. Ці гандляром зброяй Бутам, якога Крэмль у снежні 2022-га выцягнуў з амерыканскай турмы ўзамен на баскетбалістку Брытні Грайнэр.
На гэтым пункціку схема і пабудавалася. Спіс на абмен у выніку пашырыўся да дзясяткаў чалавек.
Каб у ім аказаліся беларускія палітвязні, патрабавалася выкананне некалькіх умоў.
Па-першае, наяўнасць пункціка ў Лукашэнкі. Нешта такое, у чым Мінск быў бы вельмі зацікаўлены. Але гэтага не было. У краінах ЕС ёсць беларусы, затрыманыя за нейкі шпіянаж на карысць роднай дыктатуры, але гэта ноўнэймы, на якіх лукашэнкаўцы ўжо даўно наплявалі. На «абменны фонд» яны не цягнуць. А беларускага «Красікава» на Захадзе няма.
Вядома, тэарэтычна Еўропе і ЗША ёсць чым гандлявацца з Мінскам. Найперш, гэта санкцыйнае пытанне. Але ва ўмовах вайны ніхто не будзе здымаць абмежаванні з Беларусі, бо на гэтым добра нагрэе рукі Расія. Цяжка ўявіць і іншыя крокі насустрач, бо для іх — зноў жа на фоне баявых дзеянняў ва Украіне — не саспелі ўмовы.
Па-другое, воля «старэйшага брата». Няма сумневаў, што калі б Пуцін загадаў свайму хаўрусніку вызваліць некаторых палітвязняў у рамках абмену, той бы гэта зрабіў. Але ў Крамлі гэта палічылі немэтазгодным — калі ўвогуле пра такі варыянт задумваліся. У пытанні ўнутранай палітыкі (і ўнутраных рэпрэсій) Лукашэнкі Масква не асабліва ўмешваецца.
У ліпені беларускі аўтакрат раптам вызваліў 18 палітычных зняволеных. Існуе досыць слушнае меркаванне, што гэта было зроблена не толькі таму, каб даслаць Захаду сігнал аб гатоўнасці да дыялогу, але і ў адказ на адпаведную «просьбу» Пекіна ў кантэксце сітуацыі на мяжы. Адмовіць гэтаму «старэйшаму брату» рэжым не змог. Не змог бы супярэчыць і Крамлю.
Па-трэцяе, для вызвалення беларусаў мусіла быць воля іншага боку — заходняга. Берлін і Вашынгтон павінны былі прасоўваць такую ўмову ў дыялогу з Крамлём. Прасоўвалі? Калі і так, то не надта настойліва.
І вось тут да дэмсіл узнікаюць пытанні. Чаму не давялі партнёрам важнасць вызвалення палітвязняў? Чаму не дамагліся ўключэння хоць некалькіх у абменныя лісты? Вы ж камунікуеце з заходнім палітыкумам — дзе вынік?
Знешне пытанні выглядаюць слушна, але гучанне ў іх аднабокае. Заходнія палітыкі цудоўна ведаюць пра рэпрэсіі ў Беларусі, і праз тыдзень — у чарговую гадавіну выбараў 2020-га — яны зробяць пра гэта гучныя заявы. І тая ж Ціханоўская падчас кожнай сустрэчы з імі просіць падтрымкі. Падтрымка ёсць — на словах, да справы пакуль не дайшло.
А што, акрамя просьбаў, могуць дэмсілы? Страсянуць Байдэна ці Шольца ў кулуарах нейкага саміту і строга загадаць вызваліць 100 чалавек да наступнага панядзелка? Не, рэсурс вельмі абмежаваны. Па вялікім рахунку, ён зводзіцца менавіта да спробаў пераканання.
У выпадку з «вялікім абменам» гэтых спробаў не хапіла. Нельга выключаць, што офіс Ціханоўскай увогуле не ведаў пра абмен — яму нічога не сказалі.
Пры гэтым пра абмен дакладна ведала кіраўніцтва Польшчы. ЗША і Германія камунікавалі з Варшавай наконт вызвалення расійскага агента Рубцова, затрыманага польскімі спецслужбамі ў лютым 2022-га. Можна не сумнявацца, што падчас дыялогу ўздымалася тэма журналіста Анджэя Пачобута, вызваленне якога з’яўляецца прыярытэтам для нашых заходніх суседзяў. І што ў выніку? Рубцоў на волі, Пачобут сядзіць.
І сядзіць яшчэ шэраг польскіх грамадзян, затрыманых у Беларусі і прызнаных палітвязнямі. І сядзяць грамадзяне Літвы і Латвіі, урады якіх тэарэтычна таксама маглі прасіць аб удзеле ў абмене.
Але не, не было на тое волі ў Байдэна і Шольца. Прыкра? Так. Але гэта бяда, а не віна беларускіх дэмсіл.
Разам з тым «вялікі абмен» усё роўна варта ацэньваць пазітыўна. І не толькі таму, што на волю выйшлі годныя — хай і не беларускія — вязні. Гэта працяг трэнду на вызваленне палітзняволеных. Быў абмен украінцаў, якія сядзелі ў беларускіх вязніцах. Была «амністыя» 18 чалавек месяц таму. Цяпер вось вырашылася «справа Крыгера», у якой лукашэнкаўскі рэжым прайграў, не здабыўшы ніякіх бенефітаў.
Бачна, што Лукашэнка ўсё бліжэй да гандлю палітвязнямі. Цалкам магчыма, што ўслед за «вялікім абменам» прыйдуць добрыя навіны і на беларускую вуліцу.