Ігар Кізім: У абмене беларускіх добраахвотнікаў не зацікаўленая беларуская дзяржава
Пытанне абмену беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў расійскім палоне, знаходзіцца ў кантэксце агульнага абмену палоннымі з Расіяй. Пра гэта на канферэнцыі «Новая Беларусь 2024» заявіў пасол Украіны па асаблівых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім, піша Люстэрка.
Што перашкаджае вызваленню беларусаў з палону? Па словах Ігара Кізіма, пытанне вызвалення палонных байцоў палка Каліноўскага Яна Дзюрбейкі і Сяргея Дзегцева «знаходзіцца ў кантэксце абмену палоннымі і абмяркоўваецца ў розных фарматах».
Украінскі дыпламат паведаміў:
— Гэтае пытанне ёсць, мы пра яго ведаем і выкарыстоўваем усе спосабы, якія цяпер магчымыя для яго вырашэння. Адзінага фармату вырашэння такіх пытанняў няма, кожны з іх індывідуальны. Як мы казалі ўчора, некаторыя абмены адбываюцца на такім узроўні спецслужбаў, што нават бліжэйшы партнёры не ведаюць, што адбываецца
Па словах Ігара Кізіма, у абмене беларусаў не зацікаўленая беларуская дзяржава, якая не праяўляе цікавасці да іх абмену.
— Узяць, напрыклад, расійскіх палонных, якіх захапілі ўкраінскія вайскоўцы — іх ёсць на каго мяняць, — падкрэсліў Кізім. — Лукашэнка не звяртаецца за абменам, звяртаецца Пуцін. Як гэта праходзіць і дзе — пра гэта вам ніхто не скажа. Але я скажу так: гэтае пытанне знаходзіцца ў кантэксце агульнага абмену.
Нагадаем, 26 чэрвеня 2022 года падчас баёў пад Лісічанскім загінулі чацвёра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Украіны: Іван Марчук (пазыўны — Брэст), Васіль Парфянкоў (Сябро), Васіль Грудовік (Атам), Вадзім шатроў (Папік). Яшчэ двое — Ян Дзюрбейка (Тромблі) і Сяргей Дзёгцеў (Клешч) — апынуліся ў палоне.
Вядома, што Ян Дзюрбейка родам з Бараўлянаў. Да гэтага працаваў на Мінскім механічным заводзе імя Вавілава ў аддзеле метралогіі. У лістападзе 2020-га яго затрымалі на 15 сутак, потым завялі крымінальную справу. Пасля гэтага малады чалавек з'ехаў ва Украіну. У першыя ж дні Ян запісаўся добраахвотнікам.
Пра Сяргея Дзёгцева тэлеканалу СТВ распавядала яго мама Ядвіга Губко. Па яе словах, сын добры, але ўтойлівы, добра вучыўся. Што ён ва Украіне, жанчына не ведала. Раней, распавяла яна, у сына дыягнаставалі кератаконус вачэй. Мама хвалявалася, ці можа Сяргей бачыць.
На канферэнцыі «Новая Беларусь» таксама была агучана колькасць беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Паводле сузаснавальніка Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў Андрэя Кушнерава, на пачатак 2024 года іх было 350 чалавек. Усяго ж з 2014 года 1300 беларусаў прайшлі праз баявыя дзеянні ва Украіне.
Кушнераў адзначыў, што гэта прыблізныя лічбы, якія сабрала асацыяцыя па ўсіх добраахвотніцкіх падраздзяленнях, дзе ваююць беларусы.
Між тым, прадстаўнік АПК па нацыянальнай бяспецы і абароне Вадзім Кабанчук падчас канферэнцыі заявіў, што з 2014 года ва Украіне загінулі 60 беларускіх добраахвотнікаў. Нагадаем, у лістападзе 2023 года гэтая колькасць раўнялася 40.