Яўгенія Доўгая: Я вучуся салідарнасці ў палітзняволеных жанчын
Чатыры гады ў краіне не заканчваюцца масавыя рэпрэсіі. Праз турмы прайшлі і працягваюць праходзіць тысячы людзей, якім усё больш і больш пагаршаюць умовы ўтрымання. Палітзняволеныя губляюць здароўе, час і жыццё, а на волі актывісты і праваабаронцы спрачаюцца пра тое, ці трэба ісці на перамовы з рэжымам, каб іх вызваляць. Яўгенія Доўгая, стваральніца ініцыятывы «Палітвязынка», якая дапамагае былым палітзняволеным жанчынам, упэўненая: мы павінны рабіць усё магчымае, каб людзі выходзілі з турмаў — хаця б па адным. У сваім фэйсбуку яна прыводзіць у прыклад украінцаў, якія ў стане вайны вядуць перамовы з ворагам, каб дастаць «сваіх» з пекла. Чаму беларусы так не могуць?
![Яўгенія Доўгая, стваральніца ініцыятывы «Палітвязынка». Фота: «Белсат» Яўгенія Доўгая, стваральніца ініцыятывы «Палітвязынка». Фота: «Белсат»](/img/v1/images/dg3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яўгенія Доўгая, стваральніца ініцыятывы «Палітвязынка». Фота: «Белсат»
Ад рэдакцыі: тэма вызвалення палітвязняў — адна з самых балючых на сёння. І выклікае шмат спрэчак наконт шляхоў і падыходаў. Гэтае інтэрв'ю ўтрымлівае крытыку на адрас некаторых іншых ініцыятываў і прадстаўнікоў праваабарончай супольнасці. Рэдакцыя выступае за публічнасць дыскусій па важных праблемах і адкрытая да таго, каб даць слова ўсім зацікаўленым бакам.
— Пра вызваленне палітвязняў. Часта можна пачуць заклікі рабіць усё магчымае, каб вызваліць хоць кагосьці. Але вось што дзіўна: гавораць пра гэта пераважна жанчыны, якія самі пабывалі за кратамі. Як вы думаеце, чаму былыя палітзняволеныя мужчыны маўчаць?
— Насамрэч ёсць і мужчыны, якія таксама выступаюць за перамовы і выратаванне людзей. Напрыклад, Пётр Марчанка і Дзіма Фурманаў. Яны цалкам за тое, каб вызваляць людзей. Што да іншых мужчын... Я рэдка чую ад былых палітзняволеных мужчын і пра ціск на рэжым, і «альбо ўсе выходзяць, альбо ніхто». Менавіта сярод экс-палітвязняў я не бачу нічога такога. Яны часцей проста маўчаць. У асноўным, самыя радыкальныя — гэта якраз тыя мужчыны, якія не праходзілі праз турмы, тыя, хто з'ехаў да падзей 2020 года. Мне вельмі дзіўна чуць ад мужчын кшталту Андрэя Стрыжака меркаванне, маўляў, «тыя, хто здымаюцца ў прапагандысцкіх відэа, павінны разумець, што яны гуляюць па чужых правілах». Тыя, хто сядзеў у турме, цудоўна ведаюць, што беларуская турма — гэта спрэс чужыя правілы. У закрытай сістэме чалавек не належыць сабе.
І мне проста здаецца, што падобныя выказванні сведчаць толькі пра тое, што мужчыны не гатовыя прыняць адказнасць і сваю паразу, ці што. Я думаю, жанчыны больш салідарныя паміж сабой. Калі пачалі выходзіць людзі, былыя палітвязні разрывалі (мяне. — Заўв. рэд.) паведамленнямі пра тое, як яны могуць дапамагчы, куды яны могуць пайсці, ледзь не да Лукашэнкі, каб падоўжыць працэс вызвалення.
Глядзіце таксама
![Жаночая калонія ў Беларусі -- філіял пекла Яўгенія Доўгая: Як толькі жанчына трапляе ў турму, патрыярхат пачынае максімальна праяўляць сябе](/img/v1/images/meduza_2.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Не сакрэт (і вы самі пра гэта пішаце ў сваім фб), што нават сярод праваабаронцаў няма адзінай пазіцыі наконт пытання вызвалення палітвязняў. Напэўна, гэта тупік, у якім сыходзяцца правы чалавека, нейкія прынцыпы і, можа быць, нават «паняцці». Што вы думаеце пра гэтую сітуацыю і ці бачыце з яе выйсце?
— Так, гэта, безумоўна, тупік. І ў нейкай ступені фільтр асноўных матываў людзей. Я была ў ЗША разам з каляжанкамі з «Вясны», politzek.me, «Краіна для жыцця» і «Dissidentby».
Амерыканцы бачылі, што толькі я і Алана Гебрэмарыям (politzek.me) просім аб перамовах. У астатніх калежанак абсалютна іншае было меркаванне. Жанчыны літаральна перабівалі нас і гаварылі, што ніякіх перамоваў з дыктатарам быць не можа. Такая розная пазіцыя робіць толькі горш нам і палітвязням. Ніхто на Захадзе і ў ЗША не будзе разбірацца, хто якога меркавання.
Зноў жа, першыя слуханні па шляхах вызвалення палітвязняў, арганізаваныя Каардынацыйнай радай, таксама паказалі многае. Прадстаўнік «Dissidentby» сказаў, што тым, хто хоча вызваляць палітвязняў групамі, яго ініцыятыва будзе дарыць майкі «Адбельвальнік рэжыму». У гэты момант у зале сядзелі родныя палітвязняў і былыя палітвязні. Для мяне было дзіўна тое, што калегі Вячаслава (Касінерава. — Заўв. рэд.), іншыя праваабаронцы, не сказалі ні слова яму.
Усе гэтыя рэчы паказваюць у турмах. Усе гэтыя рэчы ламаюць людзей.
Мы можам сто тысяч разоў казаць пра тое, што дэмакратыя — гэта свабода слова, але і за словамі важна сачыць. Словы наўпрост могуць нашкодзіць — у першую чаргу палітвязням. І я асабіста думаю, што людзі, якія бяруць ад заходніх партнёраў на падтрымку палітвязняў, не маюць права гаварыць такія рэчы. Аснова дэмакратыі — каштоўнасць жыцця.
Ёсць меркаванне, што спачатку важна спыніць рэпрэсіі, а потым ужо гаварыць пра вызваленне. Але за чатыры гады працэс занадта зацягнуўся. І ў нас ужо нават няма асаблівага выбару. Працэс спынення рэпрэсій ніяк не ўплывае на перамовы. Рэжым і так кожны дзень саджае людзей. Калі падчас перамоваў атрымаецца выратаваць хоць кагосьці — гэта ж супер.
Я не ведаю, як выйсці з гэтага тупіка. Напэўна, важна партнёрам на Захадзе і ў ЗША паказваць экс-палітвязняў і родных палітвязняў. І гэта будзе сапраўдная інфармацыя, а не скажоная ініцыятывамі, якія выступаюць супраць перамоваў.
Шчыра кажучы, я мала веру ў тое, што мы ўсе разам на гэты конт зможам дамовіцца.
— У Прадстаўніцтве па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета распрацавалі гуманітарны спіс, у які ўваходзяць палітвязні, чые жыцці і здароўе проста цяпер знаходзяцца пад пагрозай — з тых ці іншых прычын. Сама Вольга Гарбунова хоць і з'яўляецца кіраўніцай палітычнай структуры, даўно спрабуе дэпалітызаваць пытанне палітвязняў. Як вы мяркуеце, ці слушная гэта стратэгія — пераводзіць праблему ў гуманітарную плоскасць?
— Вольга робіць велізарную працу. І я ёй вельмі ўдзячная. Гуманітарныя перамовы — адны з самых важных. Ганна Кандраценка ў калоніі захварэла на анкалогію, а Алена Яфрэменка, маладая жанчына, перастала хадзіць. У яе пайшла гангрэна. Усе гэтыя людзі трапілі ў калоніі не таму што яны палітычныя лідары, а таму што дзесьці напісалі каментар або схадзілі на марш. Гэта выпадковыя людзі, жыццё якіх можа перапыніцца.
Я ведаю, што Вользе таксама ставяць палкі ў колы. І гэта робяць набліжаныя да офіса праваабарончыя ініцыятывы і іншыя палітыкі. Вольга пакуль што застаецца адзіным сувязным з рэальнасцю чалавекам з палітычнай структуры, хто рэальна разумее сітуацыю. І хто гатовы дапамагаць.
Глядзіце таксама
![Былая палітзняволеная: У дэмсіл павінна быць адна задача — выратаваць палітвязняў Выпрабаванні, якія выпалі на долю жанчын-палітвязняў, «несупастаўныя з чалавечымі сіламі»](/img/v1/images/afanasjeva_mitkevich_1128x752_screen.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1716404260&w=660)
І я хачу сказаць, што яе выказванне пра «гуманны жэст» — гэта правільнае выказванне. Яно ніяк не шкодзіць людзям. Усё, што ад нас цяпер патрэбна, — гэта зрабіць усё, каб працягнуць працэс вызвалення. І тут дзеля выратавання людзей можна і сказаць пра гуманны жэст. Гэта не нашкодзіць людзям у турмах, а вось словы «адбельвальнікі рэжыму» шкодзяць — і яшчэ як.
— Вельмі проста і даходліва: чаму мы павінны рабіць усё магчымае і змагацца за кожнага палітвязня?
— Таму што толькі праз каштоўнасць жыцця мы можам прыйсці да дэмакратыі. Таму што працэсы перамоў — гэта тое, чаму мы вучымся як грамадства. І менавіта вызваленне людзей можа аб'яднаць нацыю і навучыць важнасці жыцця.
Калі я чытала кнігу Тамары Пяткевіч «Жыццё боцік няпарны» пра ГУЛАГ, я была здзіўленая, як палякі верылі сваёй дзяржаве, што іх абмяняюць, вызваляць, за іх дамовяцца. І толькі адчуванне, што твой народ за цябе перажывае, падтрымлівае людзей там — і што людзі не проста збіраюць пасылкі і даюць па 100 долараў твайму дзіцяці, а за цябе змагаюцца. Дамаўляюцца, расказваюць тваю гісторыю, паказваюць заходнім палітыкам фотаздымак твайго дзіцяці і гавораць: «Дзіця сваю маму (бацьку) не бачыла ўжо два гады. Уявіце, калі б вы не бачылі сваё дзіця столькі часу!»
Я дзіўлюся яшчэ, як чытаю ў некаторых праваабаронцаў нешта кшталту «а вось Віктар Франкл піша, што выжылі тыя, хто быў гатовы сядзець доўгі час у канцлагеры». Толькі выжылі тыя, каму пашанцавала. Каму пашанцавала не трапіць пад дула пісталета, каму хапіла здароўя дажыць да канца вайны.
Такія развагі — небяспечныя. Мы павінны весці працэсы, павінны спрабаваць. Не проста збіраць грошы на падтрымку, а вучыцца перамовам па вызваленні людзей. Збіраць грошы — гэта дзіцячая і самая простая пазіцыя. Гэта барацьба з сімптомамі. Проста мы дойдзем да таго, што хутка няма каму будзе адпраўляць пасылкі і рэабілітаваць. Людзей трэба вызваляць.
Я не ўсё магу расказаць, але калі адбыліся апошнія вызвалення, былыя палітвязні былі гатовыя запісаць відэазварот да Лукашэнкі, абы выцягнуць тых, каго яны сустрэлі ў калоніі. Былыя палітвязні гатовыя гэта рабіць! А некаторыя праваабаронцы — не. Гэта проста абсурд.
— Пра «Палітвязынку». У некаторых сваіх інтэрв'ю вы гаварылі, што стваралі праект для таго, каб падтрымліваць палітзняволеных жанчын, якія знаходзяцца ў турмах у няроўных умовах з мужчынамі. Ці ёсць разуменне і падтрымка «Палітвязынкі» з боку мужчын?
— Невялікая, але ёсць. Вядома, больш нас падтрымліваюць жанчыны. Але ёсць і некалькі мужчын таксама.
Глядзіце таксама
![Палітзняволеныя жанчыны: мы ўсе чакалі, што нас вызваляць «Трымаешся выключна надзеяй». Палітзняволеныя беларускі — пра свой турэмны досвед](/img/v1/images/img_6722_2_logo.jpg_1.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
— Ваш праект існуе не першы дзень і дапамог многім жанчынам, іх дзецям і сем'ям, але часта застаецца незаўважаным ці праігнараваным прадстаўнікамі і прадстаўніцамі дэмакратычных сіл. Пра што гэта для вас?
— Для мяне гэта пра патрыярхат у першую чаргу. Парадам у Офісе Ціханоўскай кіруюць мужчыны. Ім непрыемна, што маленькая ініцыятыва ў асобе пары жанчын можа прабіваць сцены і ісці супраць іх палітыкі ў поглядзе на вызваленне людзей і перамовы. І банальна: гэта мужчыны з маленькім адсоткам эмпатыі ўнутры. Што ўжо гаварыць пра тое, што яны проста не могуць зразумець, што такое — застацца без пракладак у турме і пры месячных ісці на голы допыт.
Я памятаю выдатна, як мне гэтыя ж мужчыны гаварылі: «Мы не дзелім палітвязняў на "баб і мужыкоў"». Цяпер такога ўжо няма, але давялося выслухаць усялякага рознага. Асабліва ад набліжаных да Офіса людзей. У офісе кангрэсмена на мінулым тыдні мне так і сказала набліжаная да офіса праваабаронца: «Змоўкні, не тое пашкадуеш». Спрэчка была звязаная з перамовамі ў тым ліку.
І мне незразумела нават з палітычнага погляду. Няўжо сама Святлана Ціханоўская не баіцца сябе атачаць такімі недыпламатычнымі людзьмі? Бо, па сутнасці, Святлана ездзіць па краінах, просіць краіны падтрымаць фонд гуманітарнай дапамогі, а прадстаўнікі гэтага фонду дазваляюць сабе пагрозы і наўпрост кажуць, што супраць перамоваў. Гэта ж абсалютнае фіяска, калі ўсе гэтыя пагрозы і выказванні дойдуць да партнёраў.
— Дэмакратычныя сілы, на жаль, усё часцей аказваюцца ў цэнтры скандалаў і непрыемных разборак. Такое адчуванне, быццам барацьба пачалася паміж сабой і сапраўды важныя пытанні адышлі на задні план. Нават нядаўнія навіны пра вызваленых палітзняволеных не абышліся без такой сваркі. Як сябе ва ўсім гэтым адчуваеце вы? Наколькі складана працягваць рабіць сваю справу, калі ў адказ за яе толькі «прылятае»?
— Канешне, гэта жахліва. Гэта вельмі шмат сіл зжырае. Але я думаю пра людзей у турме. Пра сваіх дзяўчат. У мяне дастаткова блізкія сувязі з роднымі палітзняволеных жанчын. І, ведаеце, калі табе паказваюць аднагадовую малышку, маму якой пасадзілі, калі дзяўчынцы было тры месяцы, мала думаеш пра скандалы.
Глядзіце таксама
![Як жанчыны ў Беларусі сядзяць у турме? Расказвае ініцыятыва «Палітвязынка» «Турма — гэта самае страшнае месца на зямлі». Як палітзняволеныя жанчыны перажываюць турэмны досвед](/img/v1/images/dg3.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Я наогул хачу сказаць, што самае лепшае, з чым я пазнаёмілася за ўвесь гэты час — гэта кам'юніці з былых палітзняволеных жанчын. Як яны падтрымліваюць адна адну! Я вучуся гэтаму ў іх.
— Вы часта расказваеце пра тое, што жанчыны перажываюць у турмах і якімі яны выходзяць адтуль. Як можна дапамагчы гэтым жанчынам? І як можна падтрымаць ваш праект?
— Можна падпісацца на наш Патрэон. А можна проста напісаць і спытаць, як можна дапамагчы. Мы наўпрост звяжам з роднымі.