«Турма — гэта самае страшнае месца на зямлі». Як палітзняволеныя жанчыны перажываюць турэмны досвед

Да 8 сакавіка праект «Палітвязынка» праводзіць тыдзень падтрымкі палітзняволеных жанчын пад назвай «Мы чакаем». «Польскае Радыё» паразмаўляла з заснавальніцай ініцыятывы Яўгеніяй Доўгай пра тыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца палітзняволеныя жанчыны ў турме. 

Яўгенія Доўгая. Фота «Белсат»

Яўгенія Доўгая. Фота «Белсат»

На канец снежня, паводле праваабаронцаў «Вясны», у Беларусі налічвалася 1496 палітвязняў, з іх 174 жанчыны. З 2020 года да крымінальнай адказнасці па палітычных матывах было прыцягнута не менш за 895 жанчын. У зняволенні знаходзяцца 35 маладых жанчын ва ўзросце да 31 года, 13 – пенсіянерак. Самай маладой – 20 гадоў, самая старэйшай – 75.

Да дня жанчын ініцыятыва «Палітвязынка» праводзіць тыдзень падтрымкі палітзняволеных жанчын «Мы чакаем». Беларусы агучылі вытрымкі лістоў, вершаў, інтэрв'ю, апошнія словы ў судзе палітзняволеных жанчын. Акрамя гэтага, беларускія мастакі і мастачкі даслалі свае паштоўкі, якія яны зрабілі для палітзняволеных беларусак і беларусаў. Складзены спіс песняў, якія жанчыны напявалі ў турме.

— Для нас было вельмі важна, каб уголас зачытаць галасы жанчын. Нам даслалі вельмі шмат відэа. Таксама мы выклалі плэйліст. Я пыталася ў палітвязынак, што іх падбадзёрвала. Яны казалі, што спявалі песні: пра сябе, разам у камерах. Вольга Такарчук у адным з інтэрвʼю расказвала, як яны рэзала каменем вены ў карцары, але пачула, што нехта спявае «Воіны света, воіны дабра». Яны сказала, што выкінула камень, узяла сябе ў рукі і падумала, што ўсё гэта вытрымае. Для мяне было важна сабраць гэтыя гісторыі, песень у тым ліку.

Глядзіце таксама

Я апублікавала вельмі прыгожы комікс, які нам перадала палітзняволеная, яна яго малявала ў СІЗА.

На канец сакавіка мы рыхтуем выставу рэчаў палітзняволеных. Мы здабылі турэмныя сукенкі, турэмную робу. Гэта была цэлая спецаперацыя, каб прывезці яе з Беларусі. Адна з жанчын перадала нам сваю шлюбную сукенку, у якой яе асудзілі, — расказвае заснавальніца ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая.

Комікс адной палітзняволенай, намаляваны ў СІЗА

Комікс адной палітзняволенай, намаляваны ў СІЗА

Турма — гэта самае страшнае месца на зямлі. Так пра турму Яўгеніі расказвала адна з палітзняволеных, якая цалкам адбыла свой тэрмін — два гады. У турме кепска і жанчынам, і мужчынам. Аднак мэта «Палітвязынкі» — паказаць, што гэты досвед розны:

— Ён складаецца з дробязяў, якія псуюць жыццё, здароўе, эмацыйны стан. То-бок цалкам спустошвае жанчыну. Я люблю прыводзіць прыклад: у месцах зняволення няма доступу да гігіенічных сродкаў. У пасылку можна ў сярэднім пакласці 10 пачак пракладак, гэта прыкладна 40 рублёў. Гэта новая катэгорыя расходаў, якія мужчыну не патрэбныя. За гэтыя грошы яго сям’я можа яму пакласці лішні кавалак сала ці сыра. Таму гэта розны досвед, адрозненне якога трэба паказваць.

Ёсць частка жанчын, якія пазбаўленыя якіх-кольвечы пасылак ад родных, у не менш складанай сітуацыі знаходзяцца жанчыны, якія трапілі ў спіс тэрарыстаў.

— Жанчынам робяць грашовы перавод, за гэта можна нешта купіць у турэмнай краме. Жанчыны са спісу тэрарыстаў вельмі абмежаваныя ў дзеяннях. Яны могуць зрабіць атаварку на прыкладна 37 рублёў. Калі ты яшчэ пазбаўлены перадач, і добра калі ў цябе ёсць гэтыя 37 рублёў, то табе пастаянна трэба выбіраць.

Жанчыны стараюцца захаваць жаноцкасць нават за кратамі. Яўгенія прыводзіць прыклад Вольгі Томінай, адной з вядучых візажыстаў не толькі ў Беларусі, але ў Усходняй Еўропе. Яна капіла месяцамі, каб купіць палетку ценяў, паколькі яна хацела заставацца візажысткай нават за кратамі.

Глядзіце таксама

— Псіхатэрапеўты часта кажуць, што калі ты ў дэпрэсіі, то трэба сябе прымушаць мыцца, прычэсвацца, чыста апранацца. Думаю, што для жанчын гэта захаванне хоць нейкага кантролю ў сітуацыі, калі за цябе вырашылі. Гэта момант, калі ты можаш кантраляваць хоць нешта. Турма пакідае велізарны адбітак, у тым ліку на знешнасці. Я злавіла сябе на думцы, што маладым жанчынам, ды не толькі маладым, усім, цяжка перажываць несправядлівасць, а тут яшчэ выразна мяняецца знешнасць. Мала таго, што цябе расчалавечваюць, так яшчэ марнее тваё здароўе, твой выгляд. Нам пісалі хейтары: сядзіць і просіць крэм. А я думаю, што гэта можа быць у яе адзіная радасць, калі ты можаш захаваць свае рукі, сваю скуру.

Асобным відам катаванняў зʼяўляецца расставанне з дзецьмі. Палітзняволеныя кажуць, што пасадзілі не толькі іх, але разам з імі пакаралі іх дзяцей. Дзень, калі палітвязынкі атрымліваюць лісты ад дзяцей — гэта дзень, калі плачуць усе.

Ініцыятыва «Палітвязынка» запусціла невялікую серыю матэрыялаў «Дзеці выхоўваюць дзяцей». У гэтай серыі расказваюць пра нябачных герояў і гераіняў — старэйшых дзяцей палітвязняў, якія становяцца новымі бацькамі для сваіх малодшых братоў і сясцёр.

Глядзіце таксама

— Ёсць выпадкі, калі жанчына шые ў калоніі, працуе, хоча выйсці, а ёй прыносяць дакументы, што яе пазбавілі бацькоўскіх правоў. Такія рэчы адбываюцца. Пастаянны шантаж. Жанчыны, якія выйшлі кажуць, што пасадзілі таксама іх дзяцей. Яны расказвалі, што калі атрымлівалі лісты ад сваіх дзяцей, то ўсе плакалі. Мы таксама зрабілі цыкл тэкстаў «Дзеці выхоўваюць дзяцей». Гэта балючая тэма. Жыла сабе дзяўчына 19-ці гадоў, вучылася, усё было добра. Тут саджаюць яе маму, а на яе плечы кладзецца апека над малодшым братам ці сястрой. Яна кідае вучобу, ідзе на работу, на бацькоўскія сходы. Гэта бетонная сцяна адказнасці. А яшчэ трэба падтрымліваць і перадаваць маці перадачы. Я захапляюся старэйшымі дзецьмі, на колькі мужна яны гэта праходзяць, — гаворыць Яўгенія Доўгая.

Намаляваныя паштоўкі, урыўкі, комікс, гісторыі старэйшых дзяцей, якія замянілі малодшым бацькоў, шукайце ў сацыяльных сетках «Палітвязынкі».