Барацьба за правы жанчын: пачынаем з нуля?
Мы ўжо неаднаразова казалі, што 8 сакавіка насамрэч — гэта не проста «жаночы дзень». Гэта, найперш, дзень барацьбы жанчын за свае правы. А з правамі ў нас у краіне ўсё зусім кепска. І не толькі з жаночымі. Адзін чалавек, які ссінелымі пальцамі чапляецца за ўладу, і далей кажа, што іх — правоў, — не будзе. Ні ў мужчын, ні ў жанчын, ні ў хатніх жывёл. У ў няхатніх жывёл іх таксама не будзе.
Прамова гэтага спадара з ссінелымі пальцамі перад актывісткамі Беларускага саюза жанчын — гэта сімптаматыка не толькі ягонага разумення гендарнай роўнасці. Яна паказала, найперш, разуменне Лукашэнкам ролі жанчыны ў сучаснай Беларусі. І гэтая роля, насамрэч, не радуе.
Вось, напрыклад, ён заявіў, што БСЖ, на ягоную думку, павінна была б быць палітычнай партыяй. «Не-не, я вас не штурхаю да гэтага… Ніякіх там праўладных і іншых партый — партыі павінны выкрышталізоўвацца самі, калі мы сапраўды хочам, каб у будучыні ў нас былі сапраўдныя партыі», — нібыта даў Лукашэнка шанец жанчынам на самавызначэнне. Але далей: «У прынцыпе, навошта, калі людзі не вельмі ўспрымаюць партыі. Вы і так аказваеце каласальны ўплыў, удзельнічаеце ва ўсіх палітычных і іншых працэсах».
Гэта ж відавочны аб’юзерскі пасыл: «Ты магла быць лепш, чым цяпер, але табе гэта не трэба». Прычым, вырашаюць, што трэба, а што не — не жанчыны. Вырашае амаль 70-гадовы стары, жонка якога ўжо 30 гадоў з ім не жыве.
«Толькі жанчына, якая адчула радасць мацярынства, ведае, што гэта і ёсць сапраўдны сэнс жыцця. Яго не заменяць ні прэстыжныя пасады, ні заморскія курорты. У дзецях — наш і ваш працяг», — акрэсліў Лукашэнка сваё разуменне ролі жанчын у грамадстве.
Як тут не ўспомніць Лідзію Ярмошыну, якая казала, што жанчынам трэба не змагацца за свае правы, у тым ліку выбарчыя, а варыць боршч… Але да такога дрымучага разумення ролі жанчын мы ўжо прызвычаіліся. Галоўнае, на маю думку, іншае.
Галоўнае, чаму Лукашэнка загаварыў пра «радасць мацярынства» — таму, што выбудаваная ім сістэма нават не ў стане даць жанчынам «і тое, і тое». Ён і разважае ў катэгорыях «альбо — альбо». Альбо «радасць мацярынства» — альбо «прэстыжная пасада». Падавалася б, чаму жанчына з дзіцём не можа адначасова займаць і прэстыжную пасаду, і з’ездзіць з тым жа дзіцём на заморскі курорт?
Таму што такая ў нас эканамічная сістэма, выбудаваная за 30 гадоў улады аднаго чалавека, калі ўсе роўныя ў жабрацтве. Калі жанчына з дзіцём не можа дазволіць сабе паехаць на курорт. Альбо займаць адначасова і адказную пасаду, і займацца дзіцём. І нават калі такія выключэнні ёсць (а я ўпэўнены, што яны насамрэч ёсць), то як жанчыне выправіцца на заморскі курорт? «Белавія» амаль нікуды не лётае, таму што пад санкцыямі за пасадку рэйсу Ryanair, Польшча і Літва закрываюць памежныя пераходы з саўдзельнікам вайны ва Украіне…
А вінаваты хто? Хто ўсё гэта зрабіў?
Але што мяне дагэтуль здзіўляе, нягледзчы на тое, што мы жывем у такой сітуацыі 30 гадоў — гэта здольнасць хлусіць, проста гледзячы ў вочы суразмоўцам, нахабна і «на блакітным воку».
«Мы далі жанчыне магчымасць працаваць няпоўны працоўны час, па гнуткім графіку або дыстанцыйна, напрыклад, дома. Цяпер вы можаце зарабляць і вырашаць хатнія справы, не марнуючы час на дарогу ў офіс. І гэта толькі пачатак. Трэба паглядзець на рэжым працы дзіцячых садкоў і падбудавацца пад бацькоў. І падчас вучобы ў школе, асабліва пачатковай, вы павінны быць упэўнены, што дзеці будуць пад наглядам педагогаў да вечара, калі ў гэтым ёсць неабходнасць», — сказаў Лукашэнка.
Не «мы далі жанчынам магчымасць працаваць дыстанцыйна». Гэта вымушана зрабіў COVID-19, тыя самыя вірусы, якія, па словах Лукашэнкі, нідзе не лётаюць. Менавіта «сацыяльная ізаляцыя» і каранцін — якога ў Беларусі, дарэчы, стараннямі таго ж Лукашэнкі, не ўводзілася — далі штуршок да дыстанцыйнай працы, гнуткага графіку і ўсё такое. І далі гэтую дыстанцыйную працу не толькі для жанчын.
А Лукашэнка… Памятаеце, як ён выхваляўся, што «мы не ўводзілі каранціну», але закрыў мяжу чамусьці на выезд, а не на ўезд? Напэўна, каб жанчыны насалоджваліся «радасцю мацярынства» і не ездзілі па заморскіх курортах.
Насамрэч, такая хлусня — вымушаная. Таму што ў Беларусі дагэтуль няма таго, што магло і павінна было быць. Напрыклад, закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту: яго павінны былі абмеркаваць у парламенце яшчэ шэсць гадоў таму, у 2018 годзе. Падрыхтоўка гэтага законапраекта ішла некалькі гадоў, але тады Лукашэнка выказаўся, што гэта «дур, узятая з Захаду, модная фармулёўка». Пасля гэтага Міністэрства ўнутраных спраў, якое раней прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы законапраекта, спыніла ўвесь працэс.
У Беларусі няма «гарачай лініі» для пацярпелых ад аб’юзу і хатняга гвалту жанчын, бо займаліся гэтым выключна НДА, якія ў 2021 годзе былі абвешчаныя «варожымі». Не, яны, канешне, ёсць, і дагэтуль дапамагаюць жанчынам, але цяпер — з-за мяжы, не ў Беларусі.
А хутка ў беларусак забяруць права нават на тое, мець ім дзяцей, ці не мець. То-бок — будаваць сваё жыццё так, як хоча жанчына, а не дзяржава.
Ну і, канешне, радасці не дадае тое, што ці не галоўная «жаночая» сетка крамаў, «Міла», абвясціла, што іх інтэрнэт-пляцоўка не будзе працаваць да 31 траўня 2024 года. Раней кампанія прыпыняла працу ў інтэрнэце да 1 сакавіка, аднак яна не была адноўленая.
У паведамленні кампаніі гэта, канешне, тлумачыцца «тэхнічнымі прычынамі». Але мы ведаем гэтыя «тэхнічныя прычыны» — найперш рэгуляванне коштаў. Менавіта інтэрнэт-пляцоўкі станавіліся першымі ахвярамі гэтага «рэгулявання», падпадаючы пад скарачэнне сеткавых крамаў у спробах ашчадзіць свае сродкі. І для «Мілы» гэта трывожны званочак. Мажліва, у іх праблемы.
А хто ў нас сказаў, што цэны падвышаць «за-ба-ра-ня-ецца»?
Да чаго я гэта ўсё? Мне ўсё больш падаецца, што няма ніякіх асобных «правоў жанчын». Як няма асобных правоў ЛГБТ, асобных правоў людзей з інваліднасцю, асобных правоў нацыянальных ці расавых меншасцяў… Проста ўсё гэта — правы чалавека.
Пакуль у нас няма свабоды аб’яднанняў — вызначаць, ці ствараць жанчынам партыю, будуць не жанчыны. Пакуль не будзе рэалізаванае права абіраць і быць абраным, нават тысяча жаночых партый не прыме закон пра хатні гвалт. Пакуль душыцца свабода слова і свабода сходаў — у нас не будзе касметыкі NIVEA. Пакуль не будзе вяршэнства права — «Белавія» не паляціць на заморскія курорты. Карацей, пакуль у краіне «не да законаў» — правоў не будзе ні ў каго.
На жаль, нам даводзіцца пачынаць барацьбу за «правы жанчын» ад пачатку. Напачатку мінулага стагоддзя жанчыны выходзілі на мітынгі і дэманстрацыі з патрабаваннем роўных з мужчынамі ўмоваў аплаты працы і прадстаўлення жанчынам выбарчага права.
Выбарчага права, разумееце?