Палітыка ў ложку: хто вызначыць, што такое «норма»?

«Я палітыкай не цікаўлюся» — так многія адказвалі на «нязручныя» пытанні і да 2020-га, і цяпер. На што адказ вядомы даўно: «Калі ты не цікавішся палітыкай, то палітыка зацікавіцца табой». І цяпер мы бачым, як яна зацікавілася, і лезе не абы-куды, а проста ў ложкі да беларусаў.

Малюнак з iknigi.net

Малюнак з iknigi.net

Чым больш развіваецца таталітарызм, тым больш ён імкнецца ахапіць кантролем усе сферы жыцця, і інтымная — не выключэнне. Адзін з архітэктараў гэтага таталітарызму, генпракурор Андрэй Швед паведаміў на тыдні, што ў Беларусі падрыхтаваны законапраект, які ўстанаўлівае адміністрацыйную адказнасць за прапаганду «ненармальных адносін». Цяпер гэты праект знаходзіцца на стадыі ўзгаднення.

«Па ініцыятыве органаў пракуратуры падрыхтаваны законапраект, які ўстанаўлівае адміністрацыйную адказнасць за прапаганду ненармальных адносін, педафіліі, добраахвотнай адмовы ад дзяцей», — цытуе Шведа ТАСС.

Як піша БелТА, Швед «звярнуў увагу на тое, што важна не дапускаць нават абмеркавання адпаведных тэм». На яго думку, апаненты спрабуюць «разбурыць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, а значыць мараль і дзяржаўнасць». Ён дадаў, што «акрамя ўвядзення адміністрацыйнай адказнасці важна праводзіць шырокую ідэалагічную і тлумачальную працу, у тым ліку ў школах».

У чэрвені мінулага года Генпракуратура паведамляла, што ініцыюе«ўстанаўленне адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін, змены полу, педафіліі і чайлдфры».

І зноў гэты навіна з разраду «ў ёй выдатна ўсё». Па-першае, гэта прамаўляе генеральны пракурор — кіраўнік ведамства, якое, па ідэі, заклікана стаяць на варце законнасці ў краіне. І Швед заклікае да таго, каб «не дапускаць нават абмеркавання адпаведных тэм».

Я не кажу пра такія рэчы, як «свабода слова» або «свабода выказвання меркавання», — гэтыя паняцці закладзены ў Канстытуцыі, то-бок Асноўны закон (!!!), і дзяржава, быццам бы, гарантуе іх захаванне. Я кажу, напрыклад, пра будучы склад парламента. Парламент — гэта месца, дзе абмяркоўваюцца адпаведныя законапраекты і прымаюцца адпаведныя законы. А калі таварыш генпракурор заклікае гэтыя тэмы не абмяркоўваць, як будзе парламент прымаць законапраект, прапанаваны ведамствам Шведа? Па ідэі, гэта будзе парушэннем як мінімум літары закона.

То-бок, таварыш Швед загадзя зрабіў правапарушальнікамі ўвесь будучы, яшчэ нават не абраны, склад парламента. «Дэпутаты» абмяркоўваюць шведаўскі законапраект пра «чайлдфры» і змену полу? Вось табе і «публічная прапаганда ў грамадскім месцы».

Па-другое, вялікае пытанне, што такое «ненармальныя адносіны». Хто вызначае нармальнасць? Па Шведу — ненармальна «чайлдфры». А калі жанчыне мае супрацьпаказанні да нараджэння па медычнскіх прычынах — яна, натуральная «чайлдфры», ці не? А калі дзяцей не хоча мужчына, — ён жа таксама «чайлдфры»? Што рабіць з такімі мужчынамі?

Тыя адносіны, якія генпракурор лічыць «нармальнымі», з пункту погляду прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў могуць лічыцца «ненармальнымі», ці не праўда? Альбо змена полу — гэта ж складаная, але тым не менш, медычная аперацыя. Напрыклад, па нарошчванні грудзей. Мы палічым ненармальнай пластычную медыцыну? Ці кантрацэпцыю?

На маю думку, ненармальна адно — гэта калі прадстаўнік улады пачынае ўказваць людзям, як ім будаваць сваю сям'ю і што ім рабіць ва ўласным ложку. Але гэтая «ненармальнасць» — якраз той выпадак, калі «палітыка цікавіцца вамі».

Глядзіце таксама

Гэты законапраект можа наогул мець нечаканыя наступствы. Вось у беларускім Цэнтрвыбаркаме шчасна адсправаздачыліся аб «дастаткова высокай яўцы» падчас двух дзён датэрміновага галасавання па выбарах дэпутатаў. За два дні датэрмінова прагаласавалі 14,61% грамадзян, якія ўключаны ў спісы.

Тыя «дэпутаты», якіх цяпер «абіраюць», будуць абмяркоўваць законапраект Генпракуратуры, а значыць, удзельнічаць у «прапагандзе ненармальных стасункаў». А тыя выбаршчыкі, якія ўжо прагаласавалі і будуць галасаваць, атрымліваецца, уцягнутыя ў супрацьпраўную дзейнасць, не? І чым больш прагаласуе, тым больш саўдзельнікаў прапаганды ЛГБТ.

І цалкам зразумела, што ў такіх варунках, калі як мінімум саўдзельнікаў у правапарушэнні — на кожным куце, беларуская ўлада не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Таму Лукашэнка на чарговай нарадзе па нацыянальнай бяспецы запатрабаваў, каб патрулі на вуліцах хадзілі са зброяй — «як мінімум з пісталетамі».

«А цяпер патрулі павінны быць узброеныя стралковай зброяй, як мінімум пісталетамі. І гэта павінны ведаць усе. І яны павінны хадзіць спакойна па вуліцах. Гарантыя — ніякіх злачынстваў у гэтым раёне не будзе», — заявіў ён.

Я вось не вельмі разумею, чым пісталет дапаможа, напрыклад, у сітуацыі хатняга гвалту альбо як ён будзе карысны супраць кіберашуканцаў ды махляроў. Але патрулі сапраўды павінны спакойна хадзіць па вуліцах. Таму што навокал іх, аказваецца, безліч страшных людзей, запар заўважаных у «ненармальных адносінах». І ад іх без пісталета ніяк не адаб'ешся.

Вось толькі пытанне: калі так, то можа, лепш было б патрулю зусім на вуліцу не выходзіць?

Таму што вядома, што найбольшую небяспеку для беларускіх грамадзян уяўляюць якраз «красаўцы». І калі грамадзяне іх на вуліцах не ўбачаць, так усім будзе спакайней — і грамадзянам, і «красаўцам».

Чаму ж Лукашэнка знерваваўся? Чаму ён вырашыў выдаць зброю патрулям? Ён сапраўды напалохаўся. Але напалохалі яго не «падступны Захад», не «збеглыя» і не NATO, якое звыкла бразгае гусеніцамі ля межаў Беларусі. Напалохалі яго звычайныя лічбы самага звычайнага Белстата, выдадзеныя з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы.

Паводле гэтых лічбаў, 54,1% насельніцтва Беларусі лічаць беларускую роднай мовай. Пры гэтым родным беларускую назвалі 77% жыхароў Берасцейскай вобласці, 59,5% — Мінскай, 54,5% — Гарадзенскай, 47% — Гомельскай, 46,1% — Магілёўскай, 45,3% — Віцебскай. Лічаць беларускую мову роднай і 48,7% жыхароў Мінска.

У святле палітыкі, якая праводзіцца сёння, калі Караткевіча выключаюць са школьнай праграмы, а Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — «экстрэміст»... Як гэта — даведацца, што з «экстрэмістаў» па вуліцы ходзіць кожны другі? А той, хто не «экстрэміст» дык той натуральна заўважаны ў «ненармальных адносінах»?

Зразумела, трывожна. Да дрыжыкаў у каленях.

Глядзіце таксама