Пакуль па вуліцах ходзяць тыя, хто вырашае, з кім спаць, дзеці тут нараджацца не будуць

Сілавікі рыхтуюць чарговыя змены ў заканадаўства. Здагадайцеся, для чаго?

Новая хваля рэпрэсій закране яшчэ адну неабароненую групу

Новая хваля рэпрэсій закране яшчэ адну неабароненую групу

Аб’яднанне былых сілавікоў «BELPOL» праз свае крыніцы даведалася пра тое, што сілавыя структуры падрыхтавалі змены ў заканадаўства, якія прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць за прапаганду «нетрадыцыйных» сэксуальных стасункаў і «свядомай бяздзетнасці».

За распаўсюд інфармацыі, накіраванай на фармаванне прывабнасці «нетрадыцыйных» сэксуальных стасункаў, ці той, якая выклікае інтарэс да такіх стасункаў, будуць штрафаваць на суму да 200 базавых велічынь (7400 рублёў) — у залежнасці ад спосабу яе распаўсюду.

Аналагічнае адміністрацыйнае пакаранне плануецца ўвесці і за папулярызацыю ў любой форме поглядаў ці заклікаў у мэтах узнікнення у канкрэтных асоб ці нявызначанага кола грамадзян прыхільнасці да свядомай адмовы ад нараджэння дзяцей.

«Филин» абмеркаваў з юрыстам НАУ Міхаілам Кірылюком магчымыя змены ў заканадаўстве і тое, як яны паўплываюць на сітуацыю ў грамадстве.

— Агучаныя «BELPOL» змены — быццам бы інсайд, у якога няма пацвярджэння, але гэта цалкам магчыма, таму што на практыцы мы бачым шмат прыкладаў. Калі беларус трапляе за краты і там выкрываецца, што ён гомасэксуал ці ў яго нейкія іншыя сэксуальныя патрэбы, ён у турме будзе ў вельмі дрэнным становішчы.

І самі сілавікі прытрымліваюцца гамафобнай рыторыкі, прымушаюць людзей да аўтынгу, шэймяць іх, вымушаюць выбачацца за гэта і такім чынам прыніжаюць. То-бок ёсць падстава для таго, што гэты інсайд акажацца праўдзівым.


Глядзіце таксама

Для чаго ўлады робяць гэта? Мяркую, з некалькіх прычын. Адна з іх — сінхранізацыя заканадаўства з Расіяй. Беларускія ўлады часта дэкларуюць, што «Расія для нас узор».

Пуцін і Лукашэнка пазіцыянуюць сябе на палітычным полі як ахоўнікі «традыцыйных каштоўнасцей». Пад «традыцыйнымі» маюцца на ўвазе хрысціянскія каштоўнасці — маўляў, мы абараняем сям’ю, а на Захадзе — распуста і оргіі.

Як мы бачым, гэта дакладна працуе на нейкую катэгорыю людзей, якія вераць гэтай прапагандзе.

Я лічу гэтае пазіцыянаванне несумленнай падменай. Калі вы паглядзіце колькасць разводаў на Захадзе, колькасць дзяцей, якіх усынаўляюць у Еўропе і ЗША, колькасць абортаў, то ўбачыце, што гэта вельмі дрэнная спроба паказаць усяму свету, быццам бы ў Беларусі нейкі аплот «традыцыйных каштоўнасцей».

Да чаго гэта могуць прывесці згаданыя змены ў заканадаўстве? Мяркую, гэта спроба падзяліць грамадства штучна: быццам бы вось там — ворагі, а тут — мы.

Яны жадаюць зрабіць такое супрацьстаянне: вось артадаксальныя Лукашэнка і Пуцін, а з іншага боку — разбэшчаны Захад і ЛГБТК+. Але на самай справе гэта не так.


Глядзіце таксама

У хрысціян будзе больш адзінства з прыгнечанымі прадстаўнікамі ЛГБТК+, якіх збіваюць у турме, чым з лукашэнкаўскім АМАПам, таму што гэта частка рэлігіі, сімвалам якой стаў богачалавек, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля людзей.

Тут натуральным чынам будзе выступаць за любых прыніжаных людзей, якіх катуюць, і ніколі не быць на баку таго, хто катуе. Вось выступіў пастар пратэстанцкай царквы Ганчарэнка супраць катаванняў — яго царкву знеслі бульдозерам у Мінску, ліквідавалі ўстанову праз суд. І што, гэта зроблена для абароны людзей ад гомасэксуалаў і ад хрысціян?

Таму мне здаецца, што такая спроба падзелу грамадства калі і будзе мець поспех, то толькі вельмі часовы.

Што да адпаведнасці Канстытуцыі, правы, запісаныя там, беларускія ўлады ўспрымаюць як маскіровачны касцюм, які дазваляе больш людзей пазабіваць. Зразумела, яны ўспрымаюць законы як інструмент.

Напрыклад, калі вы ведзяце бізнес з арабскай краінай, дзе жанчыны пакрываюць галаву, вы папросіце свайго сакратара пакрыць галаву. Трэба рабіць бізнес з Еўропай, трэба нешта там прадаваць —  нафту, газ, — трэба, каб у нас у Канстытуцыі было такое запісана, бо калі не будзе запісана, яны не будуць гэта купляць. У іх аніякага дысанансу не ўзнікае, што напісанае павінна адпавядаць рэчаіснасці.

Спадзяюся, канешне, што такі закон не прымуць. Бо калі яго прымуць, пачнецца віток рэпрэсій яшчэ супраць адной неабароненай катэгорыі насельніцтва.

— Калі гэтыя змены ўсё ж прымуць, ці будзе лічыцца прапагандай з пункту гледжання ўладаў камінг-аўт гомасэксуала ў медыя ці інтэрв’ю або допіс у сацсетках чайлдфры?

— Фактычна ўжо адбываецца большае. Супрацоўнік «А1», якога арыштавалі, пра свае меркаванні ўвогуле нічога не казаў, ён не выходзіў з вясёлкавымі сцягамі ў Мінску, не пісаў у сацсетках, што ён гей і ганарыцца гэтым. Ён жыў сваім прыватным жыццём.

Сілавікам пры вобшуку было дастаткова даведацца пра яго арыентацыю — і яны выклалі частку яго прыватнага жыцця ў паблік. У іх такая псіхалогія —  як у людзей, якія шмат адпрацавалі ў турмах, яны ўжо напэўна прымаюць на сябе турэмныя каштоўнасці.

Таму, калі з’явіцца новы закон, будзе для гэтага праўная падстава.


Глядзіце таксама

— Як агулам гэта можа адбіцца на сітуацыі ў грамадстве?

— Гэта дадатковая спроба падзяліць грамадства, заваяваць сабе рэпутацыю нібыта бы «абаронцаў» хрысціянскіх каштоўнасцей, якія яны насамрэч не абараняюць, а толькі знішчаюць. Але не веру, што ў іх атрымаецца гэтага дасягнуць.

— Што тычыцца забароны на «прапаганду чайлдфры», на вашу думку, ці будуць людзі ў Беларусі хаваць свае погляды?

— Мне здаецца, што аўтары гэтага закона не вельмі цікавяцца гэтай тэмай, таму для іх ЛГБТК+ і чайлдфры, і, можа быць, веганы — вельмі падобныя іншаземныя словы, што абазначаюць людзей, якія для іх незразумелыя, і яны іх у краіне не хочуць бачыць.

Мне цяжка ўявіць, якую пагрозу прадстаўляюць для іх чайлдфры. Напрыклад, у Польшчы няма ніякай барацьбы з гэтай катэгорыяй, але дапамога на непаўнагадовае дзіця ў краіне складае 500 злотых, а з кастрычніка яе павялічаць да 800.

Я пераехаў у Польшчу і працую тут некалькі гадоў, дакладна заплаціў менш падаткаў, чым атрымліваю зараз сацыяльнай дапамогі ад дзяржавы. І аніякая «прапаганда чайлдфры» на мяне не ўплывае.

Барацьба з чайлдфры настроіць супраць рэжыму Лукашэнкі яшчэ адну катэгорыю людзей. Калі на мэце ставілася, каб больш дзяцей нараджалася, то, каб яна спрацавала, трэба, каб людзі, якія ствараюць сем’і ў Беларусі, адчувалі сябе ў бяспецы.

Пакуль па вуліцах ходзяць тыя, хто вырашае, з кім спаць, якіх колераў адзенне насіць, гэта ўплывае на рашэнне ствараць сям’ю і нараджаць дзяцей значна мацней, чым «прапаганда чайлдфры» ці яе адсутнасць. Ну вось такі ў беларускіх уладаў узровень палітычнай аналітыкі і разумення грамадства.